ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Самы што ні ёсць – беларускі: Анатоль Бутэвіч адзначыў 70-годдзе
Аб'яўляем перад усім светам: Маніфест Урада Беларускай Савецкай Рэспублікі

Янка Маўр: у дынаміцы і напружаных сітуацыях

Янка Маўр: у дынаміцы і напружаных сітуацыях
Іншыя навіны

У маі споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння патрыярха беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра. Адразу згадваюцца аповесці «Палескія рабінзоны», «У краіне райскай птушкі», першы прыгодніцкі раман «Амок». Але спадчына пісьменніка – гэта не толькі захапляльная дзіцячая літаратура, яна ўключае і п’есы, і байкі, і публіцыстыку, і вострыя фельетоны.

Творы Янкі Маўра друкаваліся ў часопісах “Беларусь”, “Маладосць”, “Іскры Ільіча”, “Полымя рэвалюцыі” і іншых. Вельмі цесна супрацоўнічаў пісьменнік з тыднёвікам “Літаратура і мастацтва”. Яго публіцыстычныя артыкулы “БССР і Уругвай”, “Сальвадорцы”, “У доларавай пятлі”, “Абаронцы злачынцаў”, “Шэфілд-Варшава”, “Прасвятленне мазгоў”, “Забавы амерыканскіх хлапцоў” і іншыя рэзка адгукаліся на розныя міжнародныя падзеі. У лісце да Якуба Коласа ад 1 ліпеня 1950 года Янка Маўр пісаў: “ЦК пастанавіла рэарганізаваць «ЛіМ» – выдаваць два разы ў тыдзень, арганізаваць новыя аддзелы, у тым ліку міжнародны аддзел пад кіраўніцтвам Янкі Маўра, адным словам зрабіць газету падобнай да «Литературной газеты ». Сабралі нас, інструкціравалі, а потым... Масква адмовіла павялічыць асігнаванне. Нашы хлопцы кажуць, што Трумэн выратаваўся ад бяды, якую яму рыхтаваў Маўр...”

Шмат увагі аддаваў пісьменнік пытанням дзіцячай літаратуры. Ён лічыў, што найважнейшае патрабаванне да дзіцячай кнігі – сюжэтная цікавасць, займальнасць. “Калі кніга для дарослага чытача, – пісаў Я. Маўр, – можа захапіць сваёй глыбінёй і мастацкасцю больш, чым кампазіцыяй і сюжэтнымі ходамі, то для дзіцячага чытача гэтага мала. Яго актыўная натура патрабуе дынамікі, напружанай сітуацыі, эфектыўнай героікі”. На старонках “ЛіМа” Янка Маўр рэзка выступіў супраць аднабаковай крытыкі рамана Івана Мележа “Мінскі напрамак”.

“Усё зрабіў тав. Кудраўцаў, – адзначаў Я. Маўр у артыкуле «Ці так трэба падтрымліваць», – каб «дапамагчы» маладому пісьменніку, які выпусціў першы значны твор. Разабраў «па костачках», усё заўважыў, усё ўскрыў. Не захацеў ён толькі аднаго: падтрымаць (без двукоссяў) аўтара ацэнкай таго дадатнага, што ёсць у творы. Не захацеў сказаць, што ўся вялікая калекцыя недахопаў – толькі недаробкі, якія зусім лёгка выправіць, не закранаючы ні сутнасці, ні структуры твора, не захацеў паказаць, у чым не толькі слабасць, але і сіла пісьменніка, не захацеў падтрымаць у ім веру ў сябе...”.

Застаўся неапублікаваным вельмі цікавы артыкул Янкі Маўра “Чаму навучыла мяне крытыка”, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі беларускай літаратуры. Прапануем яго сёння чытачам “Літаратуры і мастацтва”.

Марыя Міцкевіч




Янка Маўр. Чаму навучыла мяне крытыка

Члены рэдакцыйнага савета пры Выдавецтве збіраліся на паседжанне. Тав. Матузаў хадзіў, трымаючы ў руках кнігу “Вакол свету”, зажаўшы палец між нейкімі старонкамі яе. Мы з ім па-сяброўску размаўляем, жартуем. Пад пальцам у яго знаходзіцца крытыка на маю кнігу (крытыка засакрэчана, бо калі-б сакрэт адкрыўся, то прышлося б адмовіцца ад эфектнага выступлення).

Паседжанне адкрылася. Тав. Матузаў устаў, разгарнуў кнігу, памаўчаў, уздыхнуў і прачытаў: “...з поўдня набліжалася вызваленчае войска гаміндана пад камандай генерала Чан-Кай-шы.”

– Вось, таварышы, што мы друкуем у 1948 годзе. Ды за гэта нас усіх разагнаць трэба... і г.д.

Уражанне было вялікае, у тым ліку і ў мяне. На 32 старонцы сапраўды так было напісана, але пачыналася фраза са слова “Казалі”, па сэнсу – “хадзілі ў народзе чуткі”. Гэтага слова крытык не чытаў. А далей, на 36 стр. ішоў раздел “Зноў спачатку”, дзе пачынаўся паварот апавядання: гамінданаўцы аказаліся такімі самымі, як мукдэнцы, нішто не змянілася, прышлося пачынаць барацьбу “Зноў спачатку”, пачалі арганізоўвываць партызанскія атрады “Чырвоных пік” для барацьбы з “вызваліцелямі” (у кнізе гэтае слова пайшло ўжо ў двухкоссях) і г.д.

Але крытык не ведаў гэтага, бо не чытаў апавядання. Рэдакцыйны савет рэабілітыраваў апавяданне, бо я сам мог абараніцца. Але “крытыка” пайшла далей і праз некалькі тыдняў з’явілася ўжо ў перадавой “Літаратурнай газеты”. Там пісалася, што Маўр паказвае Чан-Кайшы, як барацьбіта за рэвалюцыю і г.д.

З гэтай крытыкі я мог зрабіць толькі адзін вывад: добра было-б, каб крытыкі чыталі тое, што яны крытыкуюць.

Трывожныя сігналы выклікалі артыкул Войніча ў “ЛіМе” пад назвай “Чаму могуць навучыць дзяцей такія кнігі”. З гэтага артыкулу я даведаўся, што кнігі “Шлях з цемры” і “У краіне райскай птушкі” – напісаны толькі для таго каб прынесці дзецям шкоду. І ніводнага слова пра сутнасць кніг і іх ідэйную накіраванасць. Ніводнай дадатнай рысы не знайшлося ў гэтых кнігах. Нават традыцыйнага заключнага абзаца “Не гледзячы на ўсё гэта”... у артыкуле не было. Замест гэтага была катэгарычная канцоўка – “Яўны брак”. З гэтай крытыкі я мог зрабіць толькі адзін вывад: няма чаго тут выпраўляць, а трэба забыцца на гэтыя кнігі і больш такіх рэчаў не пісаць.

Крытык Зомерфельд напісаў для “Полымя” артыкул з усебаковым разглядам кнігі “Шлях з цемры”, артыкул гэты рэдакцыя хацела была надрукаваць, але не адважылася – лепш не ўмешвацца ў гэтую справу.

Я з усёй гэтай крытыкі зрабіў такі вывад: бываюць выпадкі, калі трэба змяшчаць аднабаковую крытыку і не трэба змяшчаць усебаковую.

Мінула каля двух гадоў. Ідзе пленум праўлення ССП. Я сядзеў з сваім прыяцелем Лужаніным. Па-сяброўску гутарым. А ў кішэні ў яго крытыка. Засакрэчаная. Бо калі-б ён сказаў, то прыйшлося-б адразу адкінуць больш за палову яе, і тады не будзе ніякага эфекту ад выступлення. У яго, напрыклад, сказана, што класава – свядомая жывёліна – яшчарка, а ў кнізе гаворыцца пра быка, які заўсёды нападае на галандцаў. У яго (Лужаніна, а не быка) сказана, што галандскі рабочы, былы камуніст, – кіраўнік паўстання, а ў кнізе нават падкрэсліваецца яго другародная роля. У яго, Лужаніна, сказана, што факір у кнізе паказаны як сур’ёзная фігура, а ў кнізе і дзіця бачыць, як высмейваецца гэты факір і г.д. Каб яшчэ больш развянчаць “цуды” факіраў, у кнізе зроблена зноска, з якой відаць, што і мы можам рабіць такія цуды. А Лужанін сцвярджае, што гэтая зноска падымае факіраў на высату, падае ім больш таемнасці. Каб так казаць, трэба ўжо мець пэўнае жаданне бачыць тое, што хочацца. Перш чым адважыцца напісаць, што багатай буржуазіі на Яве амаль няма, мне прышлося пакапацца ў аўтарытэтных матэрыялах. Я і цяпер магу паўтарыць, што на Яве гадаваліся толькі феадалы, а гандлёвай, фінансавай, прамысловай буржуазіі няма, нават дробны гандаль знаходзіцца ў руках кітайцаў і арабаў (прынамсі так было ў тыя часы, аб якіх гаворыцца ў кнізе). А крытык катэгарычна і галаслоўна сцвяржджае, што гэта не так. Ці значыць гэта, што ў кнізе хібаў няма? Вядома, не. Я нават не хацеў бы быць такім дасканалым, як машына. І апрача... слоў і сказаў, якія заўважыў Лужанін, знойдзецца, што паправіць.

Хай аўтар потым і абвяргае сабе гэтыя недакладнасці як хоча, а пакуль што пазіцыя крытыка выгаднейшая і ад яго як кажуць “што-небудзь ды застанецца”. І ў тых, хто добра не ведае гэтай кнігі, сёетое засталося.

А якую карысць атрымаў аўтар ад гэтай крытыкі? Пакуль што я згодзен, што можна было-б лепш сказаць пра майстра на караблі, чым тоё, што ён “ходзіць, пастуквае ды папраўляе”. Знойдзецца і яшчэ што-небудзь падобнае. А па іншых заўвагах я магу ўступіць у публічную дыскусію і даказаць, што яны неправільныя, але трыбуны такой ужо няма.

І зноў я ўбачыў тую самую спецыфічную крытыку. Бярэцца кніга, аловак, папера: а ну паглядзім, колькі тут знойдзецца агрэхаў! І пачынаюцца пошукі, у словах, сказах, незалежна ад зместу, сутнасці, нават тэксту твора. Ага! У загалоўку слова “класава-свядомая” жывёліна, а далей гаворыцца пра яшчарку, – значыць, яна. А ўсё чытаць няма патрэбы. Паміж іншым, незалежна ад гэтага, я лічу што лепш сказаць проста “свядомая” жывёліна.

Такім чынам уся глыбокая, прынцыповая крытыка зводзіцца да ўдасканалення некалькіх сказаў. А між тым у кнізе, якой карыстаўся Лужанін, ёсць такія мясціны, якія патрабуюць паправак па сутнасці. Крытык іх не заўважыў. Я іх выправіў для новага выдання.

Мне, як і кожнаму пісьменніку, у гутарцы з рэдактарамі і таварышамі прыходзіцца чуць шмат каштоўных, дзелавых заўваг, і такія заўвагі сапраўды карысныя, на іх, здаецца, ніхто не крыўдзіцца.

А эстрадная крытыка мае на ўвазе зусім другое. Ці нельга было-б зрабіць так, каб крытыка на трыбуне была-б такая самая, як рэдактарская крытыка? Я ўпэўнены, што сам Лужанін, як рэдактар, згадзіўся-б адкінуць няслушныя заўвагі, не абыгрываў-бы дробязі і даў-бы каштоўныя заўвагі. І ніякага непаразумення не было-б, і ніхто не сказаў-бы, што аўтар балюча рэагуе на крытыку.

А на трыбуне большай часткай адбору не робіцца, каштоўныя заўвагі абрастаюць і дробязямі, і перагібамі, і зусім няправільнымі, калі не сказаць болей, сцвярджэннямі.

11 красавіка, 1950.

Крыніца: "Літаратура і мастацтва"

Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 130-годдзя з дня нараджэння Я. Маўра падрыхтаваны інфармацыйны рэсурс "Віртуальнае падарожжа з Янкам Маўрам", падрыхтавана кніжная выстаўка "Чараўнік з краіны маленства". Да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра арганізавана экскурсія з цыкла "Славутыя імёны Бацькаўшчыны", прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніка.

Чытайце таксама:

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам