ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
111 гадоў Віцебскай вучонай архіўнай камісіі
“Каханне нiчога не просе…”

Яны звар’яцелі ці што?! Гэта каманда год таму пачала выдаваць друкаваныя часопісы – іх усе адгаворвалі, а ў іх крута атрымліваецца!

Іншыя навіны

Разам з кампаніяй «A1» інтэрнэт-часопіс пра Мінск CityDog.by працягвае рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Гэты артыкул прысвечаны рэдакцыі, якая сабралася вакол газеты «Наша Ніва». Каманда аднадумцаў здолела паказаць, што друкаваны беларускамоўны часопіс можа быць запатрабаваным прадуктам на рынку. Гутарым з рэдактарамі новых – і ўжо папулярных – выданняў «Дуду», «Асцярожна: дзеці!» і «Наша гісторыя».

citydog_4.jpg

Часопіс «Наша гісторыя»

(2018 год выдання, выйшла 20 нумароў, лепей за ўсё прадаліся прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму, Тадэвушу Касцюшку, князю Вітаўту)

– Неяк мае польскія сябры расказалі, што ў традыцыйных выданнях кшталту Newsweek, Wprost («Наўпрост»), Polityka («Палітыка») гістарычныя дадаткі прыносяць больш прыбытку, чым само выданне – расказвае Андрэй Дынько, галоўны рэдактар. – Мяне пранізала: гэта ж можам зрабіць і мы!

Было няпроста пераканаць калег, асабліва малодшае пакаленне нашай рэдакцыі, што папяровае выданне можа быць актуальным.

«Наша гісторыя» прынесла поспех, якога я не чакаў. Мы выпусцілі наклад 2000 асобнікаў, пасля дадрукавалі і агулам прадалі 7000 штук. Кошт быў 5,50 руб. пры курсе долара 2 рублі. Польскія выданні на польскім рынку каштуюць танней, таму што наклады большыя. Сёння мы трымаем наклад больш за 5000 асобнікаў.

citydog_1.jpg

Мае сябры з-за мяжы пытаюцца: «У вас такія выдатныя гісторыкі, пісьменнікі, чаму пра іх ніхто не ведае?» Пытанне не ў тым, што ў нас няма чытача, а ў тым, каб адчуць гэтага чытача. Мяне хвалюе, што беларуская інтэлектуальная эліта замкнёная на сваім сталічным коле. «Нашай гісторыяй» захапляюцца ў малых гарадах: Ваўкавыск, Столін, Докшыцы, Івацэвічы – там многа нашых чытачоў. Для мяне гэта вельмі важна.

Я рады аўтарам з-за межаў Мінска: Андрэю Вашкевічу з Гродна, Сяргею Астанковічу з Крычава, Кастуся Шыталя з Глыбокага яшчэ б заангажаваць да нас! (Смяецца.) Патрабаванняў да аўтараў у тым, каб у іх абавязкова была навуковая ступень, няма. Галоўнае – каб чалавек мог прыгожа і ясна пісаць. Бо многія артыкулы, што мы атрымліваем, – гэта кампіляцыя з «Вікіпедыі».

Калі я бяру ў рукі першы, другі нумары (агулам выйшла 20), яны падаюцца мне слабенькімі, мы не адчувалі тады візуальны шэраг так, як гэта мусіць быць. Дарэчы, у Беларусі амаль і няма дызайнераў вокладак грамадска-палітычных, гістарычных часопісаў.

Жанчын на вокладцы «Нашай гісторыі» амаль не было: свет раней быў мужчынскім. Тады фізічная сіла значыла больш, чым у сучасным свеце. А найлепш прадаліся нумары пра Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшку, князя Вітаўта.

citydog_2.jpg

Нас раскрытыкавалі за артыкул пра Андрэя Грамыку, старшыню Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, – ён нават быў на вокладцы. Маўляў, мы напісалі пра «савецкага калабаранта», які не меў дачынення да Беларусі.

Для нас было прынцыповым, што гэты персанаж – тыповы для ХХ стагоддзя – з беларуса пераўтварыўся ў рускага, шчыра паверыў у камуністычную ідэю і служыў ёй. Гэты чалавек адыграў фатальную ролю ў рашэнні ўварвання ў Афганістан. Ён быў сярод людзей, якія хавалі праўду пра Чарнобыль. Усё гэта былі фатальныя памылкі ў лёсе СССР. Хто мне скажа, што сёння гэта не важна?

Я маю звычку праходзіцца па шапіках «Белдруку» ў дзень, калі з друкарні прыходзіць наклад. Калісьці на станцыі метро «Пушкінская» я зайшоў у павільён: дзве кіяскеркі чытаюць «Нашу гісторыю» – рэцэпты страў са шчупака.

Старэйшае пакаленне чытачоў не церпіць у часопісе коміксаў. Аднойчы 58-гадовы чытач з Маладзечна напісаў: «Нумар тры быў добрым, асабліва мне спадабалася, што ў ім няма коміксаў».

У той жа час я не раз назіраў, як падлеткі завісалі над коміксамі. Нам, інтэлектуалам, трэба навучыцца быць цярпімымі, знаходзіць кампрамісы. Камусьці трэба коміксы, камусьці – тэксты.

Часопіс для дзетак «Дуду»

(2019 год выдання, выйшла 5 нумароў)

– Мы ўсе разумеем, што ў нашай 9,5-мільённай краіне дзіцячых беларускамоўных выданняў мала, а доля друкаваных выданняў няпэўная. Аднак дзеці працягваюць нараджацца, іх трэба выхоўваць, і ў гэтым кніга – добры памочнік, – расказвае Наталка Бабіна, намесніца рэдактара. – Мы ў рэдакцыі вырашылі паспрабаваць свае сілы, і ў працэсе абмеркавання вырашылі, што будзем выдаваць два часопісы: для дашкалят «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» – для школьнікаў малодшага ўзросту.

citydog_5.jpg

Летам 2019-га ўзнікла ідэя часопіса, некалькі месяцаў пайшло на назву, канцэпцыю, герояў, і ў снежні таго ж года выйшаў першы нумар.

На старце мы вывучылі многа дзіцячай перыёдыкі і паставілі перад сабой задачу, каб часопіс быў сучасным, не грашыў маралізатарствам і, галоўнае, падабаўся дзецям. Казаць пра вялікі фінансавы поспех пакуль што не выпадае, але мы настроены аптымістычна.

Мы доўга шукалі назву: хацелася чагосьці арыгінальнага, каб адразу чапляла. Першае слова, якое вымавіў сын аднаго з членаў нашай рэдакцыі, было «ду-ду». Невядома, што гэта азначае, але слова прыемнае, будзіць добрыя асацыяцыі. Яго і выбралі.

А хто ж будзе гэты Дуду? Было многа прапаноў: чапля, удод, дудачка, нават лямпачка. Спыніліся на тым, што гэта падушка. Прыемны для дзяцей прадмет, які ёсць у кожным доме і з якім звязаны добрыя асацыяцыі: на падушцы спяць, пад яе кладуць падарункі.

Рускамоўныя дзіцячыя выданні для нас канкурэнты ў добрым сэнсе гэтага слова: спаборніцтва прымушае выкладацца. Увогуле я не супрацьпастаўляла б рускамоўныя выданні і беларускамоўныя.

Наш часопіс набываюць беларускамоўныя сем’і з вялікіх гарадоў, у якіх ёсць дзеці адпаведнага ўзросту.

citydog_6.jpg

«Мы хацелі зрабіць дадаткі да часопіса, як у “Свінкі Пэпы”: налепкі, цацкі – але пакуль гэта занадта дорага».

Сучасныя дзеці жывуць ва урбанізаваным свеце, яны чуюць размовы дарослых і па-свойму ставяцца да рэчаіснасці, адпаведна мы выбіраем і тэмы. Напрыклад, комікс у перадапошнім нумары прысвечаны правам жывёл: у лес едзе браканьер, і жывёлы бягуць скардзіцца ў кантору па правах жывёл.

У апавяданні гэтага нумара людзі пабудавалі электрастанцыю ў лесе, і жывёлы перасяліліся ў гарадскі парк, а прадпрымальныя заяц і мядзведзь адчынілі кавярню з вегетарыянскім меню.

Гісторыю для комікса пра правы жывёл прыдумаў гімназіст з другога класа Міша Сяргей. Ягоная мама напісала нам, што яе сын – вельмі творчы, любіць прыдумляць і маляваць. 8 год, канешне, вельмі малы ўзрост, але я рызыкнула і адказала ёй, што мы былі б зацікаўлены, каб Міша распрацаваў сюжэт комікса пра правы лясных звяроў. Ён зрабіў цудоўную працу.

Наступны наш нумар будзе прысвечаны вірусам і мікробам. Нашы аўтары адказна падышлі да гэтай тэмы, каб не палохаць дзіцёнка, але расказаць пра свет вірусаў, які не заўсёды варожы для чалавека, і на ўзроўні дзіцячага часопіса навучыць правілам гігіены, якіх мы ўсе мусім прытрымлівацца.

У нумары пра вірусы комікс таксама будзе па сюжэце нашага Мішы: Кот-Вуркот, які працуе ў інстытуце распрацоўкі лекаў, змог пасадзіць вірус у клетку. Канешне, хлопчык атрымаў ганарар, бо такіх маладых абавязкова трэба ўзнагароджваць.

У нас невялікая цудоўная каманда таленавітых людзей, у кожнага з якіх ёсць дзіцёнак ці некалькі. У мяне, напрыклад, маленькі ўнучок. Тэмы і спосабы іх рэалізацыі – гэта вынік нашай супольнай працы. Мы ніколі не будзем палохаць дзяцей і не будзем ім хлусіць. Ці будзем мы паднімаць тэмы, якія фарміруюць светапогляд, напрыклад гендарныя, будзе вырашана калегіяльна: як гэта зрабіць, наколькі гэта важна?

З друкаванай газеты «Наша Ніва» ў «Дуду» перавандравалі пластылінавыя коміксы пра Капітана Танаку. Мы любім гісторыі «Наша Пластыляндыя» аўтарства Алеся Кудрыцкага, таму што дзеці іх любяць! Гэта наша фішка. Сёлета мы ўдзельнічалі ў свяце роднай мовы ў прасторы Оk16 на Кастрычніцкай. Каля Алеся з валізай пластылінавых герояў заўсёды быў натоўп дзяцей! Так што мы не можам гэта не выкарыстоўваць.

Часопіс для падлеткаў «Асцярожна, дзеці»

(2019 год выдання, выйшла пяць нумароў)

– У мяне дома ляжаў дзіцячы часопіс «Гарбузік», які не так даўно выдавала «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”». Я бацька трох дзяцей: 7, 9 і 10 гадоў – і адчуваю, што такой літаратуры моцна не хапае, – дзеліцца Аляксей Шэйн, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Асцярожна: дзеці!». – Акурат у той момант мне патэлефанаваў Андрэй Дынько і запрасіў абмеркаваць ідэю новага беларускамоўнага часопіса для дзяцей.

 citydog_7.jpg

На сёння выйшла пяць нумароў, і я лічу, што свой шлях да аўдыторыі мы яшчэ шукаем. Нас чытаюць тыя, каму не хапае літаратуры па-беларуску, хоць мы арыентуемся на любога дзіцёнка, якому бацькі купляюць кнігі і які здольны разумець па-беларуску. Мы не баімся спаборніцтва за ўвагу з планшэтамі, дэвайсамі і тэлевізарам. У друкаваным выданні можна памаляваць, вырваць з сярэдзіны постар і павесіць на сцяну, пагуляць у настольную гульню – то бок мець тактыльны кантакт, патрэбны дзецям.

Калі б мы выходзілі па-руску, канкурэнтамі сталі б усе падобныя выданні. Але нас настолькі мала – «Вясёлка», «Буслік», «Маміна сонейка», – што казаць пра канкурэнцыю сярод беларускамоўных перыядычных медый цяжка.

Мы разглядалі некалькі варыянтаў назвы: «Файна!», «Цуефа» – гэта слова зараз дзеці часта ўжываюць у гульнях. Потым Андрэй Скурко прапанаваў «Асцярожна: дзеці!», на тым і спыніліся.

citydog_3.jpg

Нумары, якія пабачылі свет, былі пра самалёты, дроны, мабільнікі, катастрофы і надзвычайныя сітуацыі. Апошні, які знаходзіцца ў друку, – пра вірусы і мікробы. Я перажываў, што ў нас занадта хлапечыя тэмы, але па малюнках, якія дзеці дасылаюць нам, відаць, што часопіс чытаюць дзяўчаты і хлопцы – палова на палову.

Мы доўга прапрацоўвалі характары персанажаў, іх здольнасці. Дзяўчына Мара любіць навуку і добра разбіраецца ў тэхнічных пытаннях. Мы трохі нестандартна падышлі да дзявочага вобразу, бо нам цікава працаваць менавіта з такой.

Хлопец Цім, які любіць прыгоды і ўмее выбірацца са складаных сітуацый. Газ – сабака, які любіць свайго гаспадара. Тормаз – кот, якому не падабаюцца прыгоды, але, калі ягоныя сябры праз свой энтузіязм трапляюць куды-небудзь, ахвяруючы сваёй выгодай, ён іх выратоўвае.

Куды сучасны дзіцёнак без мабільніка? У нас гэта Заразік, што значыць Занадта Разумны Смартфон. Такія розныя характары, на аснове якіх узнікаюць канфлікты, за якімі, я спадзяюся, цікава назіраць.

У кожным часопісе – настольная гульня на галоўную тэму нумара. Для нас настолкі распрацоўвае гродненская каманда. Механіка ў іх заўжды розная, у той час як у большасці гульняў падобных часопісаў гэта «кідай кубік і хадзі».

Зваротная сувязь ад чытачоў звычайна да нас прыходзіць у форме малюнкаў – перадусім з Мінска. Дзеці не вядуць актыўнае жыццё ў сацыяльных сетках. Ім цікава штосьці зрабіць, паказаць дарослым, каб вынік іх працы быў ацэнены ўвагай.

Аднойчы нам напісаў тата: «Што вы нарабілі? Я ўжо на памяць вывучыў комікс, бо сын штовечар прымушае яго чытаць. Скажыце, калі будзе наступны нумар?»

Слоўнік

Валіза – чемодан
Дачыненне – отношение
Набываць – приобретать
Намеснік – заместитель
Прысвечаны – посвящен
Рызыка – риск
Спаборніцтва – соревнование
Чапля – цапля
Шапік – киоск

Прайдзіце таксама тэст "Ці ведаеце вы беларускія рэдкаўжывальныя словы?"

Фота: Віка Мехавіч для CityDog.by.

Крыніца: CityDog.by

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам