ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Успамінаем Янку Нёманскага, расстралянага ў ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе
Удзельнікам анлайн-конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”

З невядомай спадчыны Песняра

Іншыя навіны

У кожнай сям’і ёсць свае звычаі і традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, а часам і рэліквіі.

Апошнімі могуць быць рэдкія здымкі, лісты, дзённікі, ювелірныя ўпрыгажэнні, розныя рэчы – адным словам, прадметы, з якімі звязаны цікавыя гісторыі, успаміны, пра якія з гонарам і хваляваннем расказвалі нашчадкам. Адну з такіх сямейных каштоўнасцей перадала ў фонды Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Марына Жалязняк. Больш як 70 гадоў у яе сям’і беражліва захоўваўся рукапіс ліста Якуба Коласа, адрасаваны яе прадзеду Адаму Мацвеевічу Бічову.

vasilina_mickevich_i_maryna_zhalyaznyak.jpg

Васіліна Міцкевіч і Марына Жалязняк

Адам Мацвеевіч нарадзіўся ў 1913 годзе ў Капыльскім раёне Слуцкай вобласці, працаваў настаўнікам гісторыі ў Белпедтэхнікуме, дзе, дарэчы, выкладаў і Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) з 1922 года. Падчас Другой сусветнай вайны малады настаўнік быў накіраваны на фронт і прапаў без вестак у 1941 годзе. Ліст ад класіка захоўваўся ў дачкі адрасата Іны Адамаўны як напамін пра бацьку. Яна сама нарадзілася ў Магілёве, але падчас вайны яе сям’я перабралася ў Тулу. Іна Адамаўна пайшла па слядах бацькі, стала настаўніцай, выкладала гісторыю ў чыгуначнай вучэльні. І толькі ў пачатку 1990-х вярнулася ў Беларусь. Напэўна, дзякуючы такім пераездам ліст класіка захаваўся, не знік і дайшоў да нас.

З тэксту ліста відаць, што Адам Мацвеевіч не быў знаёмы з Якубам Коласам, бо паэт пачынае ліст фармальна: “паважаны таварыш”. Малады настаўнік звярнуўся да класіка з шэрагам пытанняў.

Адказ на першае яшчэ раз пацвярджае, што паэма “Новая зямля” пачала пісацца, калі Якуб Колас знаходзіўся ў астрозе. Аўтар і сапраўды сумаваў па родных мясцінах і сваіх блізкіх, таму з-пад пяра і выходзілі радкі:

Малюнкі родныя і з’явы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Як часта мілай чарадою
Вы ўстаяце перада мною!

Адказ на другое пытанне раскрывае перад намі літаратурныя перавагі маладога паэта. Якуб Колас згадвае Пушкіна і Лермантава, якіх пазней перакладаў на беларускую мову, Кальцова і Някрасава. А вось імя Марыі Канапніцкай сярод літаратурных пераваг класіка сустракаецца бадай што ўпершыню. Яе прозвішча ў рукапіснай спадчыне класіка згадваецца толькі аднойчы, у артыкуле “Янка Купала і яго паэзія” за 1943 год, дзе Якуб Колас піша, што ў школьныя гады яго сябар і паплечнік захапляўся вершамі Марыі Канапніцкай, Адама Міцкевіча і іншых польскіх паэтаў. Ну і, канечне, цікава, што Якуб Колас сам згадвае паэта-народавольца Пятра Якубовіча-Мельшына, з імем якога звязваюць паходжанне псеўданіма класіка. Параўнанню творчасці Коласа і Някрасава прысвечаны шэраг артыкулаў. Заўважны ўплыў гэтага рускага пісьменніка на станаўленне Якуба Коласа як паэта.

Асабліва цікавая аўтарская трактоўка назвы паэмы “Новая зямля”, новая ў тым сэнсе, што ўносіць змены ў жыццё герояў, хаця сам аўтар і адзначае, што доля сімвалічнасці ў назве таксама прысутнічае. На жаль, сшыткі рукапісаў паэмы не захаваліся, у фондах музея ёсць толькі некалькі рукапісных правак некаторых радкоў, якія былі зроблены ўжо ў пасляваенны час.

Цікава, што сам аўтар адзначае: нелегальны настаўніцкі з’езд праводзіўся пад знакам эсэраўскай праграмы. Доўгія гады лічылася і пісалася, у тым ліку і ў аўтабіяграфіі Якуба Коласа, што ён быў членам толькі бальшавіцкай партыі (з 1945 года). Коласу, як выхадцу з простай сялянскай сям’і, былі блізкімі погляды сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Сялянам вельмі імпанавала эсэраўская аграрная праграма сацыялізацыі ўсіх земляў, якая прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю і перадзел паміж вяскоўцамі па раўнапраўным прынцыпе. Невыпадкова, што адзін з псеўданімаў Канстанціна Міцкевіча быў “Андрэй-сацыяліст”.

Паколькі ліст ніколі не друкаваўся, прыводзім яго цалкам:


“Паважаны таварыш!

Атрымаў Ваша пісьмо і адказваю на пытанні:

1. Самым правільным адказам, думаю, будзе такі: паэма «Новая зямля» выклікана тымі малюнкамі і тымі настроямі, якія абуджаліся ў памяці, калі я знаходзіўся ў Менску ў вастрозе і ўспамінаў свае дзіцячыя гады і блізкіх мне людзей. Ніякі іншы літаратурны твор тут ні пры чым.

2. Сказаць, хто з паэтаў-народнікаў найбольш мяне цікавіў, мне трудна, трудна аддаць каму-небудзь з іх перавагу. Я любіў Някрасава. Бадай што, някрасаўскія матывы паэзіі найбольш узрушылі мяне і асталіся ў памяці. Таксама любіў я і Мельшына (Якубовіча), але чытаць я стаў яго пазней, калі мне было гадоў за дваццаць. Падабалася мне і Марыя Канапніцкая. Любіў я і Кальцова і асабліва Крылова, Пушкіна і Лермантава.

3. «Новую зямлю» ў сувязь з някрасаўскім «Кому на Руси жить хорошо» я ніколі не ставіў, і калі гэта сувязь і ёсць, то яна – з’ява выпадковая.

4. Назву паэмы я разумеў проста – «новая» па стольку, па скольку яна магла ўнесці змену ў жыццё маіх герояў. Б.[ыць] м.[ожа] была тут і доля сімвалічнасці.

5. Ёсць сшыткі, у якія запісваў тэкст паэмы.

6. З’езд быў нелегальны. Праводзіўся ён пад знакам эсэраўскай праграмы. Быў ён у с. Мікалаеўшчыне на маёй радзіме 9 VII ст.[арога] ст.[ылю] 1906 году.

P. S. Калі будуць яшчэ запытанні, напішыце. Усяго добрага. Якуб Колас.

Мінск, 19 ХІ 1940 г.”.


З кожным выяўленым рукапісам Якуба Коласа адкрываюцца новыя старонкі біяграфіі, невядомыя асобы з яго акружэння, творчыя памкненні класіка. Спадзяюся, шмат такіх адкрыццяў чакае нас наперадзе.

Аўтар публікацыі: Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам