ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Экскурсія “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” для ўдзельнікаў канферэнцыі педагагічных работнікаў Мінскага раёна
Хочуць здымаць прыгодніцкі фільм пра “беларускіх мушкецёраў”

З цемры да святла!

З цемры да святла!
Іншыя навіны

Гродзеншчына і асабліва Навагрудскі раён апошнім часам актыўна прапаноўваюць магчымым партнёрам трансгранічнае супрацоўніцтва і ўдзельнічаюць у конкурсе мясцовых ініцыятыў. І, трэба сказаць, Навагрудак за кошт гэтага шмат чаго мае. Напрыклад, сур’ёзныя інвестыцыі зроблены ў развіццё ветраэнергетыкі. Сёння ў нас паспяхова функцыянуюць 20 ветраўстановак (па рэспубліцы іх 50) сумарнай магутнасцю 32 МВт. Да ўсяго, гэтыя ветракі з вялізнымі лопасцямі можна назваць іміджавымі для рэгіёна: выглядаюць яны ашаламляльна прыгожа.

Навагрудская раённая бібліятэка таксама не стаіць убаку. Напрыканцы 2017 года яна прыняла ўдзел у чарговым конкурсе мясцовых ініцыятыў і, на нашу радасць, выйграла. Вядома, мы не замахваліся на звышмаштабныя праекты, пра якія вялося вышэй, а арыентаваліся выключна на “свой памер”.

pages-10-11-copy-S.jpg

Новае абсталяванне

Як вынік, у першай палове года Навагрудская раённая бібліятэка ў партнёрстве з Домам-музеем Адама Міцкевіча ў рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” рэалізавала мясцовую ініцыятыву “ПроЗрение”, скіраваную на паляпшэнне якасці жыцця сляпых і слабавідушчых. Ужо сёння, адразу пасля рэалізацыі праекта, відавочна, што ініцыятыва мае станоўчыя вынікі. Невідушчыя і са слабым зрокам людзі атрымаюць магчымасць бесперашкоднага чытання, што дагэтуль не забяспечвалася ў поўнай меры. А яшчэ яны змогуць стаць частымі наведвальнікамі Дома-музея Адама Міцкевіча, які выступіў заяўнікам мясцовай ініцыятывы. Рэалізаваць гэтыя магчымасці можна будзе якраз дзякуючы новаму абсталяванню, якое Навагрудская спецыяльная бібліятэка для інвалідаў па зроку і Дом-музей Адама Міцкевіча набылі ў межах праекта.

У сацыяльных сетках падчас абмеркавання радаснай падзеі хтосьці нават назваў тое абсталяванне адным з лепшых у Беларусі. Дом-музей Адама Міцкевіча закупіў 15 аўдыягідаў і зарадную прыладу. Падрыхтаваны і запісаны тэкст дзвюх экскурсій (на беларускай і рускай мовах). Прэзентацыя першай “Адам Міцкевіч: жыццё і творчасць” адбылася 8 чэрвеня падчас працы літаратурна-музычнага салона для слабавідушчых “Паэт-рамантык з сусветным імем Адам Міцкевіч”. Для чалавека, які амаль нічога не бачыць, гэта ідэальная магчымасць далучыцца да прыгожага і атрымаць эстэтычнае задавальненне. І спакойна аглядаць экспазіцыю, не спяшаючыся і не залежачы ад экскурсавода, баючыся адстаць ад групы. Ён сам сабе гаспадар.

У Наваградскую гарадскую спецыяльную бібліятэку для інвалідаў па зроку набыты сканавальная і чытальная машына, стацыянарны электронны і два партатыўныя відэапавелічальнікі, ноўтбук і мэбля для камфорту рабочага месца.

Для зусім сляпога чалавека акрамя кніг, надрукаваных шрыфтам Брайля, раней былі даступны толькі агучаныя. А цяпер можна чытаць і перыёдыку – дзякуючы “машыне-чытальні”. Ноўтбук мае праграму экраннага доступу NVDA, якая дазваляе невідушчаму самастойна працаваць на камп’ютары. І гэта вельмі каштоўна.

Не толькі тэхніка

Але праект – гэта не толькі набыццё абсталявання. Гэта яшчэ і навучанне рабоце на ім, інфармацыйныя мерапрыемствы. Сваёй увагай, уключэннем інвалідаў у грамадскае жыццё, сваім “тармашэннем” мы абудзілі актыўнасць гэтых людзей. Запомнілася, як людзі ўсхваляваліся падчас падрыхтоўкі паездкі-экскурсіі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі і Нацыянальны мастацкі музей. Гэтая падзея нават унесла дух суперніцтва. Ахвотных было значна больш, чым мог змясціць аўтобус.

Увогуле, па меры рэалізацыі ініцыятывы здараліся цікавыя выпадкі і знаёмствы з людзьмі, адсочваліся іх чаканні ад праекта. Сляпы Мікалай Яўсей, які стараўся не прапускаць ні аднаго мерапрыемства ў рамках ініцыятывы, нават узяў адпачынак за свой кошт дзеля паездкі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. І гэта пры тым, што багатым яго не назавеш: чалавеку дарагая кожная капейка. Яны з жонкай (таксама татальна сляпая) распавядалі, што такая вандроўка даўно была іх марай. Людзям проста хацелася падыхаць іншым паветрам, адчуць іншае жыццё. Іх словы: “Калі б не мясцовая ініцыятыва, хіба надалася б нам такая магчымасць?” А галоўнае – цяпер Мікалай зможа працаваць у бібліятэцы на ноўтбуку ў праграме NVDA. Гэта яго акно ў свет.

Проста чытаць!

Ці вось яшчэ адно знаёмства з прыгожай жанчынай Марынай Рыбаковай. Яна страціла зрок у 19 гадоў, таму не навучана карыстацца шрыфтам Брайля. І вельмі ўзрадавалася, што дзякуючы машыне SARA зноў зараз зможа чытаць. Проста чытаць. Аказваецца, гэта такая вялікая радасць! Здароваму чалавеку, можа, тут не ўсё да канца зразумела, але для сляпога магчымасць пачытаць газету – сапраўдная рэвалюцыя! Пра гэта нам распавядалі таксама Соф’я Маркава і Рэбека Макарчык.

А вось набытыя стацыянарны і партатыўныя відэапавелічальнікі – гэта ўжо для тых, хто мае рэшткавы зрок. Прылады можна назваць доўгачаканай магчымасцю камфортнага чытання ўвогуле і ў прыватнасці – інструкцый да лекаў і надпісаў на медыцынскіх бутэлечках. Для мэтавай аўдыторыі праекта гэта вельмі важна. У большасці яны ўжо немаладыя людзі, якім пастаянна патрэбна медыцынская дапамога.

Мара, пакуль няздзейсненая

Аднак часам – насуперак чаканням – усё гэтае новае тыфлаабсталяванне інваліды па зроку ўспрымалі адначасова і з пэўнай доляй адчаю. Яны адкрыта і з болем выказвалі свае шкадаванні, што не могуць мець падобныя прылады дома, каб хоць часткова адчуць якасць жыцця здаровага чалавека. Вядома, гэта не прамое пытанне да бібліятэкі альбо Еўрасаюза, але зразумела, што адзін са шляхоў – далейшая рэалізацыя падобных праектаў. Думаю, цалкам магчыма было б забяспечыць слабавідушчых хаця б, напрыклад, партатыўнымі электроннымі відэапавелічальнікамі. Праект паказаў, што такія людзі патрабуюць сур’ёзнай падтрымкі. І гэта можа стаць нашымі планамі на перспектыву.

А пакуль я, як адзін з аўтараў і менеджэр праекта, шчыра радуюся. Вельмі добра, што пастаўленыя задачы вырашаны ў поўным аб’ёме. Адпаведна, надалей людзям з інваліднасцю па зроку ва ўстановах культуры горада Навагрудка забяспечана безбар’ернае асяроддзе. Мы стварылі ім камфортныя ўмовы для паўнавартаснага баўлення вольнага часу. І знайшлі новых зацікаўленых наведвальнікаў.

У поўнай меры атрыманыя выгоды могуць ацаніць толькі людзі, якія маюць праблемы са зрокам – тыя, хто пастаянна жыве ў цемры. Таму зразумела іх радасць ад такога клопату з боку ўстаноў культуры.

У якасці партнёраў выступалі таксама Навагрудскі філіял унітарнага прадпрыемства “Фільтр” ГА БелТІЗ і Навагрудская раённая арганізацыя ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. Усе разам мы зрабілі дробрую справу.

Аўтар публікацыі: Фаіна Малюжэнец.

Крыніца: Культура


Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам