ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Сустрэча з адвакатам, прысвечаная жыллёвым правам
Прэзентаваная кніга пра найнавейшую гісторыю Казахстана

Жыве і жыць будзе...

Жыве і жыць будзе...
Іншыя навіны

Ці ўсведамляе пісьменнік, ствараючы героя, што той будзе жыць уласным жыццём, не падкантрольным нават аўтару, ды патрабаваць працягу, развіцця, далейшых прыгод? Так адбылося з Баўтрамеем Лёднікам, галоўнай дзеючай асобай пятага ўжо рамана Людмілы Рублеўскай “Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара”, які не адпускаў чытача на працягу трох нумароў часопіса “Полымя” (ліпень – верасень).

Майстар інтрыгі, Л. Рублеўская праводзіць полацкага алхіміка праз самыя неверагодныя выпрабаванні. Змяняюцца гістарычныя эпохі, каралі, дзяржаўныя межы, а Чорны доктар застаецца верны сабе і пакліканню: спазнаваць таямніцы Сусвету і дапамагаць людзям, не чакаючы за тое ўзнагарод. Вобраз яркі, жывы: рысы і якасці характару настолькі запамінальныя, што адчуваеш побач яго нябачную прысутнасць. А чаго каштуе лёднікаўскі гумар – змрочны, як гісторыя, і трапны, як стрэлы Амура! Мажліва, вобраз Лёдніка – гэта мужчынская частка іпастасі самой аўтаркі? Л. Рублеўская ўклала ў яго ўласнае светаўспрыманне і светабачанне.

Твор насычаны крылатымі выразамі, трапнымі выслоўямі, слушнымі ва ўсе часы (а не толькі для характарыстыкі гістарычнай эпохі): “Уладу мае не той, у каго грошы, а той, у чыім распараджэнні царскае вуха...”, “Што гераічнага ў тым, што князь хоча і ў ваду не залезці, і рыбку з’есці?”, “...лезці паміж молатам і кавадлам, або Радзівіламі і каралём, не варта. Скарыстаюць і забудуцца, як на дзіравы чаравік”, “...то цябе да прыступак трону падкіне, то ў сутарэнне вязніцы шпурне”, “Чым больш паношаны жупан, тым зараз ганаровей: памяць продкаў беражэцца! Патрыёты праз дзедавы боты”, “Традыцыі для пана заканчваліся дыяментавым гузам на шапцы”.

Аўтарскі погляд на гісторыю цалкам тыповы для нашага беларускага менталітэту: няма месца ні высокаму гучнаму пафасу, ні чорнай безнадзейнасці і беспрасветнай трагедыйнасці, нягледзячы на ўвесь драматызм. Наадварот, на прыкладзе Лёдніка мы бачым: беларус здольны на ўсё, нават на немагчымае, калі ён на ўласнай зямлі, што стагоддзямі ўбірала ў сябе кроў і ахвяры войнаў, рокашаў, лютых сечаў. Выжываць – гэта якраз тое, што ў беларуса атрымліваецца найлепш.

Увагу і цікавасць чытача трымаюць небяспечныя прыгоды, у якія, сам таго не жадаючы, пастаянна трапляе Лёднік: толькі скончыліся пошукі святога рога – героі апынаюцца ў горадзе пад уладай Жалезнага Пацука. Уцяклі адтуль – доктар за кратамі ў спальні вар'яткі Тэрэзы Радзівіл, якая дзеля забавы тыцкае ў яго распаленымі ў печы прутамі... Дзеючыя асобы другога плана – гістарычныя постаці: Пане Каханку, Радзівілы, Антоній Тызенгаўз, Жан Жылібер. Некаторыя прозвішчы вельмі блізкія да сапраўдных: так, пад Багінскімі хаваюцца Агінскія. Вельмі імпануе аўтарскі прыём кожны раздзел пачынаць альбо з кароткага інтрыгоўнага апісання, якое падрыхтоўвае чытача да будучай дзеі, альбо са згадкі далёкіх рэалій, што нейкім чынам запаралельваюцца з сучаснасцю герояў. І нават адсылка ў фінале твора да санета Максіма Багдановіча (які на момант падзей яшчэ не нарадзіўся) не выклікае непаразумення: “...Залаты паўлін паспрабаваў узляцець, але дзе там – перакормленае цела, цяжэнны шыкоўны хвост, дый, можа, яшчэ і крылы падрэзаныя...
– Вось сымбаль твой, забіты краю родны, – скрозь зубы прамармытаў Лёднік пры паглядзе на няўдалы ўзлёт”.

Як і кожны з чатырох папярэдніх, раман завяршаецца хэпі-эндам. Таму смела можна чытаць уражлівым асобам з тонкай душэўнай арганізацыяй – настрой не азмрочыцца, галоўны герой жыве і жыць будзе. Нават калі і захоча, аўтар ужо не зможа яго забіць...

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: "Звязда"

Чытайце таксама:


Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам