ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
“Свята земляробскай Беларусі”
Далёкі блізкі космас Янкі Маўра

180 гадоў назад адкрылася Горы-Горацкая земляробчая школа

180 гадоў назад адкрылася Горы-Горацкая земляробчая школа
Іншыя навіны

15 жніўня 1840 г. у маёнтку Горы-Горкі Магілёўскай губерні была ўрачыста адкрыта земляробчая школа, пазней ператвораная ў земляробчы інстытут – папярэднік сучаснай Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

BDCHA-1.jpg

Гэта адукацыйная ўстанова была першай у сваім родзе на тэрыторыі Беларусі, а на працягу некаторага часу і адзінай вышэйшай навучальнай установай на беларускіх землях. Праіснаваў Горы-Горацкі земляробчы інстытут да 1863 г. Пасля яго закрыцця ў Горках засталося некалькі сярэдніх сельскагаспадарчых навучальных устаноў: земляробчае вучылішча, землямерна-таксатарскія класы, рамеснае і сельскагаспадарчае вучылішчы і інш. Інстытут быў адноўлены ў 1919 г., пазней неаднаразова праходзілі рэарганізацыі вучэбнай установы, змяняліся яе структура і назва. Сёння Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (БДСГА) з’яўляецца адной з вядучых вышэйшых навучальных устаноў у нацыянальнай сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта горад у горадзе, у якім 16 навучальных карпусоў, 13 студэнцкіх інтэрнатаў, жылыя будынкі, Палац культуры, спартыўны комплекс, батанічны сад, бібліятэка з кніжным фондам больш за 1 млн экзэмпляраў.

Гісторыя БДСГА вельмі цікавая і багатая на асобы і падзеі. Навучальная ўстанова падрыхтавала не адно пакаленне высокакваліфікаваных спецыялістаў, заўсёды з’яўлялася цэнтрам аграрнай навукі і адукацыі. У яе карпусах перадавалі свае веды і праводзілі навуковыя даследаванні вядомыя вучоныя: А.В. Саветаў, І.А. Сцебут, А.М. Бажанаў, М.В. Рытаў, А.П. Людагоўскі, К.Д. Шміт, С.С. Касовіч, Э.Ф. Рэго, Я.М. Афанасьеў, А.Д. Дубах, А.І. Кайгародаў, А.К. Кедраў-Зіхман, С.П. Мельнік, В.М. Лубяка, Ц.М. Годнеў і многія іншыя. Акадэмія неаднаразова была ў эпіцэнтры розных гістарычных падзей – ваенных, грамадска-палітычных, рэвалюцыйных, стала асяроддзем культурнага і літаратурнага жыцця, актыўнага краязнаўчага руху. Па меркаваннях некаторых даследчыкаў, тут была напісана знакамітая паэма “Тарас на Парнасе”. Сувязі з вучэбнай установай мелі Іван Тургенеў і Тарас Шаўчэнка, Якуб Колас і Янка Купала, Максім Гарэцкі і Паўліна Мядзёлка.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца шмат каштоўных дакументаў, якія маюць дачыненне да акадэміі. Гэта навуковыя працы (пачынаючы з “Записок Горы-Горецкого земледельческого института”), тэматычныя зборнікі, матэрыялы доследных станцый і навуковых таварыстваў, якія дзейнічалі пры вучэбнай установе, кнігі і артыкулы, прысвечаныя гісторыі акадэміі ў розныя перыяды яе існавання. Бібліяграфічную інфармацыю можна атрымаць праз электронны каталог і зводны ЭІР "Нацыянальная бібліяграфія Беларусі". Лічбавыя копіі выданняў акадэміі за адпаведны перыяд прадстаўлены ў віртуальным рэсурсе “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.”. Фактаграфічныя звесткі змешчаны у базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”.

Гісторыя навучальнай установы, розныя аспекты яе дзейнасці ўсебакова адлюстраваны ў мультымедыйным выданні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “100 год з гісторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі: дакументы і матэрыялы 1840–1940 гг.” (Мінск, 2015).

BDCHA-2.jpg

У электронным выданні змешчаны грунтоўны бібліяграфічны паказальнік; вялікая колькасць лічбавых копій дакументаў; навуковыя артыкулы і нарысы, якія асвятляюць асноўныя этапы ў гісторыі БДСГА; наглядныя схемы, у якіх паказаны ведамасная падпарадкаванасць навучальнай установы, яе структура, рэарганізацыі і перанайменні ў розныя перыяды; ілюстрацыйны блок (фотаздымкі, карты, планы і г.д.); біяграфічныя матэрыялы, прысвечаныя прафесарска-выкладчыцкаму складу і іншым вядомым асобам у гісторыі акадэміі. Работа над выданнем вялася ў супрацоўніцтве з Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкай імя І.С. Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кафедрай крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, бібліятэкай і музеем Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў рамках навукова-даследчай работы “Віртуальная рэканструкцыя дакументаў і матэрыялаў па рэгіянальнай гісторыі Беларусі”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам