ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Удзел у конкурсе праекта MOST
Пяць фактаў пра кінаэпапею Сяргея Бандарчука “Вайна і мір”

30 кастрычніка – 115 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, выдатнага скульптара Андрэя Ануфрыевіча Бембеля (1905–1986)

30 кастрычніка – 115 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, выдатнага скульптара Андрэя Ануфрыевіча Бембеля (1905–1986)
Іншыя навіны

Імя мастака добра вядома не толькі знаўцам беларускага мастацтва ХХ стагоддзя, але і шматлікім гасцям нашай краіны. Бо сярод найбольш вядомых турыстычных аб’ектаў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Курган Славы, манумент Перамогі ў Мінску і многае іншае, аўтарам або суаўтарам стварэння якіх з’яўляўся Андрэй Бембель.

Нарадзіўся мастак у г. Веліж Віцебскай губерні (цяпер Смаленская вобласць, Расія) у шматдзетнай сям’і. Бацька яго, Ануфрый Емяльянавіч Бембель, служыў у павятовым казначэйстве бухгалтарам. Маці, Стэфаніда Дзмітрыеўна, займалася хатняй гаспадаркай. У Веліжы А. Бембель атрымаў пачатковую адукацыю ў мужчынскай гімназіі, дзе і звярнулі ўвагу на яго малюнкі. Вельмі важнай у выбары жыццёвага шляху Бембеля з’явілася сустрэча з вядомым скульптарам М.А. Керзіным, які выкладаў у Веліжскай мастацкай школе, а затым у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, дзе вучыўся будучы мастак. З 1927 па 1930 год А. Бембель, студэнт Ленінградскага Вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута (зараз Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны інстытут жывапісу, скульптуры і архітэтуры імя І.Я. Рэпіна пры Расійскай акадэміі мастацваў), спасцігае майстэрства ў вядомых скульптараў і выкладчыкаў Р.Р. Баха, В.Л. Сіманава і М.Г. Манізера. Андрэй Бембель адносіцца да ліку рэдкіх мастакоў, талент якіх быў ацэнены ў самым пачатку творчага шляху. Яшчэ ў студэнцкія гады ён выбраў адзін з самых складаных відаў скульптуры – барэльеф.

У 1931 годзе А. Бембель вярнуўся ў Беларусь і ўжо на першых выставах у Мінску, у якіх ён прымаў удзел, прадэманстраваў высокі прафесіяналізм. У 1932 годзе па праекце вядомага архітэктара І. Лангбарда ў Мінску пачалося будаўніцтва Дома Урада – грандыёзнага архітэктурна-скульптурнага комплексу з разнастайнымі формамі скульптуры і жывапісу. Над афармленнем памяшканняў працавала вялікая група беларускіх скульптараў пад кіраўніцтвам М. Керзіна: З. Азгур, Г. Ізмайлаў, А. Арлоў, А. Глебаў і, вядома ж, А. Бембель. Яму належыць самая складаная частка працы – саракачатырохметровы барэльефны фрыз, які ўпрыгожвае калідоры Кангрэс-хола (разам са скульптарам У.Рытэрам). Працягваючы ўдасканальваць тэхніку барэльефа, А. Бембель у наступныя гады працаваў у асноўным над афармленнем інтэр’ераў грамадскіх будынкаў: некалькі кампазіцый у зале Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі (не захаваліся), шэраг рэльефных фігур у глядзельнай зале Дома афіцэраў у Мінску, выканаў барэльефы для павільёна Беларусі на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве, а таксама партрэтныя медальёны для тэатра оперы і балета ў Мінску. У 1938 годзе скульптар быў удастоены звання заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Бембель быў у шэрагах дзеючай Чырвонай Арміі. Пасля заканчэння кароткатэрміновай ваенна-інжынернай школы Бембель служыў у інжынерных войсках, а ў пачатку 1943 г. разам з іншымі мастакамі быў адкліканы ў распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Тут ён стварыў свай першы і галоўны твор ваенных гадоў – кампазіцыйны партрэт М.Ф. Гастэлы (бронза, 1943). Ні адзін са скульптараў пасля тых, хто звярнуўся да гэтай выявы і іншых герояў вайны, не пазбег гіпнатычнага ўздзеяння творчасці А. Бембеля.

Biembiel-1.jpg

А. Бембель падчас стварэння бюста М. Гастэлы. 1943 г.

У гэты час мастак таксама працуе над праектам помніка героям Сталінграда, барэльефа “Беларускія партызаны”, партрэтаў Герояў Савецкага Саюза – Ф.І. Паўлоўскага, Д.Т. Гуляева, П.З. Калініна.

7 ліпеня 1944 г. разам са штабам А. Бембель вярнуўся ў вызвалены Мінск. Адным з першых значных твораў мастака пасля дэмабілізацыі быў партрэт А.М. Матросава (1946). 1950-я гады – час росквіту партрэтнагажанру творчасці майстра. Яго мадэлі – людзі розных прафесій, узростаў, інтарэсаў, сацыяльнага становішча. Да найбольш значных твораў А. Бембеля, прысвечаных гістарычным асобам мінулага, можна аднесці помнік рускаму навукоўцу Д.І. Мендзялееву, усталяваны ў 1952 годзе перад будынкам хімічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, станковая кампазіцыя “Адам Міцкевіч” (1979), партрэты Я. Купалы (1978), А. Блока (1980), І. Шамякіна, Л. Шчамялёва і іншыя. Большасць партрэтных работ скульптара захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

У пасляваенныя гады Андрэй Ануфрыевіч, працягваючы актыўна працаваць у манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры, займаецца таксама рэстаўрацыяй вялікіх скульптурных ансамбляў, пашкоджаных вайной. І, безумоўна, адной з важнейшых прац гэтага часу з’яўляецца гарэльеф “9 мая 1945 года” – кампазіцыя галоўнага фасада манумента Перамогі ў Мінску (1954).

Biembiel-2.jpg

А. Бембель. Кампазіцыя галоўнага фасада манумента Перамогі ў Мінску (1954)

У 1955 годзе А.А. Бембель быў удастоены ганаровага звання народнага мастака БССР.

З яго імем звязана таксама стварэнне мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” (у складзе творчай групы на чале з народным мастаком СССР, скульптарам А.П. Кібальнікавым),а знакаміты помнік “Курган Славы” стаў сапраўдным шэдэўрам майстра (архітэктар А.А. Стаховіч, 1969). За яго стварэнне скульптару была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі (1970).

Biembiel-3.jpg.png

А. Бембель. Мемарыяльны комплекс “Курган Славы” (архітэктар А.А. Стаховіч, 1969)

Андрэй Ануфрыевіч належаў да слаўнай пляяды мастакоў-выхавальнікаў, для якіх педагогіка стала справай жыцця. Ён быў адным з арганізатараў і першых выкладчыкаў Мінскага мастацкага вучылішча (1948–1950) і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў), у якім многія гады загадваў кафедрай скульптуры (1953–1978). Педагагічны талент, метадычнае майстэрства, шырата эрудыцыі дазвалялі яму паспяхова фармаваць у маладых мастакоў неабходныя прафесійныя якасці, высокую грамадзянскасць і актыўную жыццёвую пазіцыю.

Ён даў пуцёўку ў жыццё некалькім пакаленням беларускіх скульптараў. Сярод яго вучняў – вядомыя дзеячы беларускага мастацтва Анатоль Анікейчык, Леў Гумілеўскі, Валянцін Занковіч, Іван Міско і іншыя. Гэта быў адзін з тых майстроў беларускага мастацтва, чыя творчасць амаль пазбаўлена няўдач, у якіх атрымлівалася ўсё, за што б яны ні браліся. Бембель быў не толькі майстрам, творы якога нязменна набывалі шырокую вядомасць і доўгае жыццё, але і фаварытам часу.

З успамінаў народнага мастака Беларусі Л.Д. Шчамялёва: “Андрэй Ануфрыевіч Бембель – адна з самых цікавых творчых асоб у савецкім выяўленчым мастацтве. Арыгінальны, маштабны, прывабны эмацыйна. Вядома, ён – прадукт сістэмы. Палітычны? Так, але не пратакольна! І наогул, гэта не перашкаджала яму быць цікавым чалавекам. А які прамоўца, як трымаў залу... Ён быў зачаравальнікам маладых сэрцаў! У ім не было ўзроставай занудлівасці. Ён з людзьмі ніколі не трымаў ніякай дыстанцыі, акрамя таварыскай, чалавечай. Так, непрадказальны быў ва ўсім...”.

Разам з творчай і педагагічнай працай Бембель вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Ён абіраўся членам ЦК КПБ, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, старшынёй праўлення Саюза мастакоў Беларусі.

Памёр Андрэй Ануфрыевіч Бембель у 1986 годзе. У 1995 у Мінску ў яго доме-майстэрні быў адкрыты Музей сучаснай беларускай скульптуры імя А.А. Бембеля. Заслугі майстра ў развіцці выяўленчага мастацтва адзначаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі і Ганаровымі граматамі, срэбным медалём імя Мітрафана Грэкава. У 2005 годзе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь увяло ў паштовае абарачэнне мастацкі канверт з арыгінальнай маркай “100 гадоў з дня нараджэння А.А. Бембеля”.

Biembiel-4.jpg

Больш інфармацыі пра жыццё і творчую дзейнасць культавага беларускага скульптара ХХ стагоддзя можна даведацца з выданняў, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, замовіўшы іх праз электронны каталог.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Віншуем: генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі абраны прэзідэнтам Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі!

25 Ліс 2020

25 лістапада на XXIV Агульным сходзе членаў некамерцыйнага партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі” (БАЕ) прайшлі выбары прэзідэнта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Цытаты Уладзіміра Караткевіча

25 Ліс 2020

26 лістапада спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Разам з дзеткамі цытуем аднаго з самых яркіх і самабытных прадстаўнікоў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адкрыйце для сябе мастака Караткевіча на выстаўцы “Княства вобразаў і слоў”

25 Ліс 2020

26 лістапада ў бібліятэцы пачне работу выстаўка “Княства вобразаў і слоў”, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

Выставачныя мультыпраекты

Запрашаем далучыцца да анлайн-прэзентацыі даследавання Берасцейскай Бібліі

25 Ліс 2020

25 лістапада адбудзецца прэзентацыя манаграфіі "Асэнсаванне шэдэўра. Берасцейская Біблія", прымеркаваная да 80-годдзя Брэсцкай абласной бібліятэкі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Выкладчыкі раяць: што чытаць, каб не забыць сваю англійскую, нямецкую і нават чэшскую мову

24 Ліс 2020

У сучасным свеце без ведання замежных моў не абысціся. Але колькі б намаганняў мы ні прыкладалі вывучаючы мовы, наша памяць з часам бязлітасна пазбаўляецца ад усяго слоўнікавага запасу, варта хоць на месяц перастаць практыкавацца. Дык што ж рабіць? Адказ: чытаць, вядома. Выкладчыкі моўнай школы LinguaLand склалі для вас выдатную падборку кніг, якія не толькі падтрымаюць ваш узровень ведаў, але і захопяць самой гісторыяй. Так што хапайце слоўнікі і свае чытацкія білеты: мы ідзём вучыцца!

Аўтарскі погляд

24 лістапада спаўняецца 80 гадоў Тамары Канстанцінаўне Радзевіч, ветэрану Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, высокакваліфікаванаму спецыялісту ў галіне бібліятэчнай справы

24 Ліс 2020

Тамара Канстанцінаўна нарадзілася ў горадзе Мінску ў сям'і служачага. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька Тамары пайшоў на фронт, а маці з сям’ёй вымушана была эвакуіравацца на Урал. Як і многія жыхары Беларусі, дзяўчынка перажыла ўсе жахі вайны.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

111