ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Ад паштальёна да народнага паэта Беларусі. Сёння Нілу Гілевічу магло б споўніцца 90 год
“Генадзь Бураўкін. Мой боль і запавет...”: юбілейная вечарына

Адзін з першых вынаходнікаў падводнай лодкі

Адзін з першых вынаходнікаў падводнай лодкі
Іншыя навіны

Сёлета спаўняецца 230 гадоў з дня нараджэння Казіміра Гаўрылавіча Чарноўскага (1791–1847), які прапанаваў праекты падводных судоў розных тыпаў і выказаў шмат арыгінальных ідэй, выкарыстаных у далейшым пры стварэнні падводнага флоту. Яго імя доўгія гады заставалася невядомым для даследчыкаў гісторыі караблебудавання: працы таленавітага вынаходніка з Беларусі былі схаваны ў сакрэтных архіўных фондах.

Нарадзіўся К.Г. Чарноўскі ў маёнтку Карытніца Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Свабодна валодаў польскай і французскай мовамі, ведаў сучасную літаратуру, разбіраўся ў пытаннях філасофіі. Казімір шмат чытаў, добра маляваў, засвоіў чарчэнне, цікавіўся архітэктурай, разнастайнымі тэхнічнымі навінкамі. Сям’я часта выязджала за мяжу, бывала ў Вільні, Варшаве і іншых буйных гарадах. Пасля 1812 г. К.Г. Чарноўскі жыў у Францыі, дзе з 1821 г. з’яўляўся членам “Патрыятычнага таварыства”, мэтай якога было аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У 1824 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург, вучыўся ў Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі. Працягваў адстойваць свае палітычныя погляды. У красавіку 1829 г. сувязь з тайным таварыствам адкрылася, ён быў арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (у канцы 1829 г. пераведзены ў Шлісельбургскую крэпасць). Праз пяць гадоў зняволення, у маі 1834 г., К.Г. Чарноўскі высланы ў Архангельскую губерню. Працаваў канцылярыстам, служачым губернскай будаўнічай камісіі. Яму быў прысвоены чын калежскага рэгістратара. У ссылцы К.Г. Чарноўскі не адмовіўся ад сваіх палітычных перакананняў і працягваў антыўрадавую дзейнасць. У лютым 1839 г. за падрыхтоўку паўстання і ўцёкаў за мяжу быў арыштаваны і высланы ў г. Сарапул Вяцкай губерні.

Займацца вынаходніцтвам падводнай лодкі Казімір Чарноўскі пачаў у 1825 г. Ён прачытаў шмат спецыяльнай літаратуры па тэорыі пабудовы суднаў, кніг па іхтыялогіі і жыцці розных марскіх жывёл. Знаёмства з крыніцамі спалучаў з матэматычнымі разлікамі і выкананнем дзясяткаў эскізаў, розных схем, чарцяжоў, накідаў будучай падводнай лодкі. Знаходзячыся ў зняволенні, К.Г. Чарноўскі вярнуўся да свайго ранейшага захаплення. Не маючы магчымасці працягваць працу, звярнуўся за падтрымкай да імператара Мікалая І. У сваім прашэнні ён прапанаваў за 40 дзён пабудаваць падводную лодку, за 60 – падводную лодку, на якой можна будзе паставіць гарматы. Цар зацікавіўся і патрабаваў прадставіць падрабязнае апісанне праекта. Без спецыяльнай тэхнічнай літаратуры, даведнікаў і вымяральных інструментаў Казімір Гаўрылавіч, дзякуючы сваёй унікальнай памяці, за некалькі тыдняў падрыхтаваў грунтоўную работу “Описание подводных судов”. Сярод адметнасцей праекта – прапанова зрабіць корпус лодкі з жалеза ці медзі, высоўную рубку з ілюмінатарам, сістэму апускання пад ваду і ўсплывання лодкі. Рухаючай сілай павінны былі стаць 14 пар вёслаў, а ў надводным становішчы – ветразь.

czarnouski-1.jpg

Па загадзе імператара з дакументамі пазнаёміўся ваенны інжынер і матэматык П.П. Базен, які вельмі станоўча адазваўся аб праекце К.Г. Чарноўскага і прызнаў, што гэта праца можа стаць карыснай для далейшых даследаванняў падводнага суднаходства. Аднак у наступныя гады пра даследчыка і яго вынаходствы забыліся – ідэя была афіцыйна адхілена, работа змешчана ў архівах ваеннага ведамства.

Пасля рассакрэчвання архіваў у савецкі час К.Г. Чарноўскі ўвайшоў у гісторыю караблебудавання як аўтар праекта падводнай лодкі, у якім, акрамя ўтапічнага рухавіка ў выглядзе вёслаў, былі знойдзены прынцыпова важныя канструкцыйна-тэхнічныя рашэнні – выцягнутая форма лодкі, металічны корпус, водны баласт, тэлескапічны перыскоп і інш. Выказаныя ім ідэі далі штуршок развіццю тэорыі падводнага плавання, паклалі пачатак новаму напрамку ў караблебудаванні.

Ідэю вынаходніка адным з першых паспяхова выкарыстаў расійскі генерал-ад’ютант К.А. Шыльдэр, які ў 1834 г. сканструяваў і пабудаваў першую ў Расіі металічную падводную лодку.

К.А. Шыльдэр.jpg
К.А. Шыльдэр

Макет карабля па праекце К.Г. Чарноўскага экспануецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Інфармацыю пра К.Г. Чарноўскага можна знайсці ў рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях і электронным каталогу; а таксама ў БД Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі “Белорусские имена в мировой науке и технике.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам