ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Таленты з капыльскай зямлі ў рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі
Да Дня беларускага пісьменства выпусцілі праграму з аўдыякнігамі для Android

Да юбілею заслужанага дзеяча культуры Беларусі Віталя Вольскага

Да юбілею заслужанага дзеяча культуры Беларусі Віталя Вольскага
Іншыя навіны

5 верасня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Віталя Вольскага (Віталя Фрыдрыхавіча Вольскага-Зэйдэля, 1901–1988), пісьменніка, драматурга, тэатральнага крытыка, вядомага казачніка і краязнаўца.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 5 верасня 1901 г. у Пецярбургу ў сям’і служачага. Юнацтва Віталя супала з гадамі рэвалюцыі. Ён захапіўся ідэямі сацыялізму, уключыўся ў рэвалюцыйны рух, удзельнічаў у грамадзянскай вайне на Заходнім фронце. У пачатку 1920-х гг. лёс закінуў юнака ў Беларусь – краіну, багатую на гістарычную спадчыну, а таксама на песні і таленты. Тут і пачалося  яго знаёмства з беларускім народам, яго творчасцю. Першай кнігай, прачытанай на беларускай мове, стаў зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”. Будучы пісьменнік захапіўся беларускай мовай, пачаў збіраць фальклор. У чырвонаармейскім рэчавым мяшку насіў з сабою сшыткі, куды запісваў беларускія народныя песні, паданні, казкі, прымаўкі, дыялекты, краязнаўчыя звесткі.

З гэтага часу Віталь Вольскі назаўсёды парадніўся з Беларуссю. Пасля грамадзянскай вайны служыў у пагранічных войсках, потым працаваў у Галоўрэперткоме БССР, у Белдзяржкіно, быў дырэктарам Віцебскага мастацкага тэхнікума, у 1927 г. скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі, у 1930–1932 гг. узначальваў БДТ-2 (Другі Беларускі дзяржаўны тэатр у Віцебску), у 1932–1936 гг. – Інстытут літаратуры і мастацтва АН БССР, абараніў кандыдацкую дысертацыю (1934). Адначасова працаваў рэдактарам часопіса “Мастацтва і рэвалюцыя” і кіраваў Беларускім федэратыўным аб’яднаннем савецкіх пісьменнікаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны В.Ф. Вольскі жыў у Маскве, выконваў заданні Савецкага інфармбюро для замежнай прэсы, быў рэдактарам аддзела агітплаката ЦК КПБ “Раздавім фашысцкую гадзіну”, загадваў аддзелам часопіса “Беларусь”. Пасля вайны працаваў на розных пасадах ва ўстановах культуры і адукацыі Беларусі: у 1948–1954 гг. быў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР, у 1953–1966 гг. узначальваў праўленне Літфонду БССР. У 1971 г. Віталю Фрыдрыхавічу Вольскаму было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

 Літаратурную дзейнасць Віталь Вольскі пачаў у 1926 г. Першымі друкаванымі творамі сталі артыкулы аб тэатральным мастацтве, фальклоры і мове. Пазней выйшаў шэраг літаратуразнаўчых прац: “Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі” (1934), “Эдуард Самуйлёнак. Жыццё і творчасць” (1951), “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму” (1958). В.Ф. Вольскі – адзін з аўтараў падручніка для вышэйшых навучальных устаноў “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры” (1956), падручніка для 9–10 класаў “Беларуская савецкая літаратура” (1948–1954) і інш.

Пісьменнік з’яўляецца стваральнікам новага для беларускай літаратуры жанру – драматычнай казкі. Гэтаму спрыялі глыбокае веданне фальклору і праца ў тэатры. Першая п’еса-казка “Цудоўная дудка” была напісана ў 1939 г., другая – “Дзед і Жораў” – у 1940 г. Створаныя на фальклорным матэрыяле лепшыя п’есы-казкі трывала замацаваліся ў рэпертуары вядучых тэатраў.

Дзед і жораў-Цудоўная дудка.jpg

Скарбонка беларускай драматургіі папоўнілася таксама п’есай “Несцерка”, якая адразу пасля выхаду ў свет у 1940 г. стала адной з самых папулярных. Прэм’ера спектакля па гэтай п’есе адбылася 18 мая 1941 г. у Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я. Коласа і да гэтага часу з’яўляецца яго візітнай карткай. У 1946 г. спектакль быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР.

Несцерка.jpg

Віталем Вольскім напісаны шэраг твораў для маладога пакалення на матэрыяле шматлікіх творчых камандзіровак, розных сустрэч з людзьмі. Пісьменнік  імкнуўся раскрыць перад моладдзю прыгажосць прыроды Беларусі, паэтыку яе цудоўных краявідаў. Па яго сцэнарыі ў 1946 г. быў створаны навукова-папулярны фільм “Белавежская пушча”, у 1965 г. – дакументальны фільм “Бярэзінскі запаведнік”. У 1948 г. выйшла кніга краязнаўчых нарысаў і апавяданняў “Па лясных сцежках”. У 1950-я гг. з’явіўся цыкл кніг аб родным краі: “У лясах над Бярозай”, “Месяц за месяцам”, “На бабровых азёрах”, “Чайкі над Нараччу”. У 1961 г. выйшла кніга выбраных твораў “Родны край”, у 1974 г. – кніга “Палессе”.

Кнігі.jpg

Пісаў Віталь Вольскі і аб гісторыі Беларусі: “Три путешествия в страну белорусов. Книга о Белоруссии” (1967), “Падарожжа па краіне беларусаў” (1968), “Старонкі нашай гісторыі. Кніга для чытання па гісторыі БССР у пачатковай школе” (1966). Творы, якія і сёння не страцілі сваёй надзённасці, вызначаюцца глыбінёй разваг, пільнасцю назіранняў.

У якасці падарожніка пісьменнік наведаў краіны афрыканскага кантыненту: Сенегал, Бераг Слановай Косці, Гвінею, Туніс, Марока. У выніку, з’явіліся кнігі “Афрыканскае падарожжа” (1963), “Эль Махрыб” (1965), “Под небом Африки” (1969), якія адкрываюць чытачу шмат новага, сапраўды цікавага і пазнавальнага.

Пад небам Афрыкі.jpg

За ўсе гады творчага жыцця Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі як пісьменнік, драматург, літаратуразнавец і падарожнік зрабіў значны ўнёсак у развіццё беларускай культуры. Яго імя займае пачэснае месца сярод імён знакамітых яе дзеячаў, пісьменнік узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны”, медалямі.

Сям'я Вольскага.jpg
Віталь Вольскі з жонкай і сынамі

Інфармацыю аб жыцці і дзейнасці В.Ф. Вольскага, яго творах можна знайсці ў электронным каталозе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, электроннай энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, на сайтах Дзяржынскай раённай, Брэсцкай абласной бібліятэк.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам