ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
“Цікава пачытаць”: кніга “Неверагодныя прыгоды дзесяці шкарпэтак: чатырох правых і шасці левых”
“Гаспадыні пансіёна прыспешвалі смерць цяжка хворых”. Хто мог паспрыяць смерці Максіма Багдановіча?

Да юбілею знакамітага літаратара

Да юбілею знакамітага літаратара
Іншыя навіны

15 жніўня – 190 гадоў з дня нараджэння Вінцэся Аляксандравіча Каратынскага (1831–1891), беларускага і польскага пісьменніка, паэта, публіцыста, перакладчыка, аднаго з найбольш вядомых літаратараў і журналістаў 50-х гг. XIX ст.

Нарадзіўся Вінцэсь Каратынскі ў в. Селішча Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Адукацыю нaбывaў y acнoўным caмacтoйнa і пад наглядам мясцовага арганiста. Сам навучыў грамаце малодшых братоў. “Вучонага” юнака пачалі запрашаць на прыватныя ўрокі ў шляхецкія сем’і, да 1850 г. ён працаваў хатнім настаўнікам. Потым Уладзіслаў Сыракомля запрасіў яго да сябе ў Залучча (цяпер Стаўбцоўскі раён) у якасці памочніка-сакратара. Праца у паэта-гуманіста была творчым супрацоўніцтвам двух таленавітых людзей і сяброў-аднадумцаў. Для В. Каратынскага адкрылася магчымасць знаёміцца з мастацкімі навінкамі, змешчанымі ў віленскіх, пецярбургскіх, варшаўскіх перыядычных выданнях, вывучаць старыя хронікі, якія У. Сыракомля нястомна перакладаў на польскую мову. Спрыяльныя ўмовы для далейшай самаадукацыі далі магчымасць В. Каратынскаму стаць сапраўдным паліглотам: акрамя беларускай, польскай і рускай, ён ведаў чэшскую, французскую і нямецкую мовы. Гэта дазволіла яму ў далейшым займацца перакладамі. Пасля пepaeзду У. Сыpaкoмлi ў вёску Бapэйкaўшчына, пaд Biльняй, В. Каратынскі адправіўся за сваім літаратурным настаўнікам. Заставаўся яго памочнікам і ў той час, калі ажаніўся і жыў з сям’ёй у маёнтку Якенты Ашмянскага павета.

Вінцэсь Каратынскі – аўтар лірычных вершаў, паэм, літаратурных аглядаў і рэцэнзій, гісторыка-краязнаўчых нарысаў і эсэ, вершаваных перакладаў на польскую мову з французскай, нямецкай, рускай і чэшскай моў. У сваіх творах узнімаў важныя пытанні літаратурнай творчасці: рэчаіснасць і літаратура, літаратура і грамадства, роля асобы пісьменніка ў асэнсаванні свету, месца творцы ў грамадстве і інш.

Пepшы вepш на польскай мове “Нaд кaлыcкaй” (“Nad kolebką”) нaпicaў i aпyблiкaвaў у 1856 г. Праз год выйшаў польскамоўны паэтычны зборнік “Чым хата багата, тым рада”, падрыхтаваны пры падтрымцы У. Сыракомлі. Найбольш значны паэтычны твор В. Каратынскага – паэма “Таміла” (1858). У цэнтры твора ‒ вобраз беларускага селяніна, праз які аўтар хацеў паказаць жыццё тагачаснай беларускай вёскі. У 1860 г. убачыў свет вершаваны памфлет “Выпіў Куба да Якуба” (“Wypił Kuba do Jakóba”). Аўтарству В. Каратынскага прыпісваюцца вершы-пракламацыі “Гутарка старога дзеда” і “Гутарка двух суседаў”. З беларускамоўнай спадчыны паэта да нас дайшлі верш “Найяснейшаму яго міласці гаспадару імператару Аляксандру Мікалаевічу, песня з паклонам ад літоўска-рускай мужыцкай грамады”, прысвячэнне паэту А. Вярыгу-Дарэўскаму “Далібог-то, Арцім” і элегія “Туга на чужой старане”.

karatynski_2_3.jpg

З другой паловы 1850-х гг. В. Каратынскі пачаў пісаць дарожныя нататкі, нарысы і артыкулы гісторыка-краязнаўчай тэматыкі. Так з’явілася цікавая і змястоўная праца аб родным краі “Наваградчына і Наваградак” (1858), дзе аўтар падрабязна апісвае прыроду і побыт мясцовых жыхароў.

Вінцэсь Каратынскі меў шмат журналісцкіх і грамадскіх абавязкаў. У 1857–1858 гг. cупрацоўнічаў у часопісе “Віленскі зборнік” (“Teka Wileńska”), з 1860 г. – у газеце “Віленскі веснік” (“Kurier Wileński”). З 1858 г. з’яўляўся членам Віленскай археалагічнай камісіі. Быў таксама членам Віленскага статыстычнага камітэта, рыхтаваў і рэдагаваў матэрыялы для “Слоўніка польскай мовы” (“Słownik języka polskiego”).

У 1866 г. пераехаў у Варшаву, дзе займаўся журналістыкай, супрацоўнічаў з буйнымі польскімі перыядычнымі выданнямі. Быў карэспандэнтам “Варшаўскай газеты” (“Gazeta Warszawska”), з 1886 г. працаваў у часопісе “Ілюстраваны штотыднёвік” (“Tygodnik Ilustrowany”). Рыхтаваў да друку артыкулы, тэматычна звязаныя з беларускім краем. Шмат артыкулаў пра беларускія гарады (Віцебск, Валожын, Слуцк і інш.) напісаў для польскамоўнай “Усеагульнай энцыклапедыі” (“Encyklopedyja powszechna”, т. 1–28, 1859–1868). Ён аўтар біяграфічных нарысаў пра А. Міцкевіча, А.Э. Адынца, І. Дамейку, С. Рысінскага, К. і Я. Тышкевічаў, Р. Зянькевіча і інш. Напісаў вялікі нарыс “Карціны з берагоў Нёмана” (1882).

Вінцэсь Каратынскі пераклаў на польскую мову творы А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава, Г. Гейнэ, П.-Ж. Беранжэ і іншых пісьменнікаў. Выдаў 10-томны збор твораў і 5-томны зборнік выбранай паэзіі У. Сыракомлі (1872, 1890).

Дэмакратызм, гуманістычны пафас творчасці пісьменніка зрабілі адчувальны ўплыў на станаўленне беларускай літаратуры. На беларускую мову творы В. Каратынскага перакладалі Р. Баравікова, Р. Барадулін, У. Мархель, Г. Тумаш і інш. У яго гонар названы вуліцы ў Варшаве і Навагрудку.

Звесткі аб жыцці і творчай дзейнасці В. Каратынскага змяшчаюць інфармацыйныя рэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: электронны каталог, анлайн-энцыклапедыя “Беларусь у асобах і падзеях”, Нацыянальная база даных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам