ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Якімі кнігамі папоўніць хатнюю бібліятэку ў 2022 годзе
Новае прачытанне спадчыны Міхася Зарэцкага анлайн

Гонар беларускай тэатральнай культуры

Гонар беларускай тэатральнай культуры
Іншыя навіны

21 лістапада – 95 гадоў з часу адкрыцця Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск, 1926).

Дзень 21 лістапада 1926 г. назаўсёды ўвайшоў у гісторыю культурнага жыцця краіны: у Віцебску на базе выпускнога курса Беларускай драматычнай студыі пры Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры быў адкрыты Другі беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2). Выпускнікі студыі А. Ільінскі, Ц. Сяргейчык, П. Малчанаў, М. Міцкевіч, Я. Глебаўская, А. Радзялоўская, С. Станюта і інш. сталі першым калектывам тэатра і пакінулі пасля сябе незабыўны след. Тэатр адкрыўся спектаклем «У мінулы час» І. Бэна. Асновай рэпертуару ў пачатку існавання сталі спектаклі «Цар Максімільян» (паводле аднайменнай народнай драмы ў апрацоўцы А. Рэмізава і М. Міцкевіча), «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра, «Апраметная» В. Шашалевіча, «Вакханкі» Эўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Л. Жулаўскага, «Астап» А. Глобы і інш. Асаблівая ўвага артыстаў надавалася развіццю дасканалай сцэнічнай тэхнікі, імправізацыі, валоданню голасам, пластыкай цела.

Трупа тэатра (1928).jpg
Трупа тэатра. 1928 год

У 1944 г. тэатру было прысвоена імя народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа. У рэпертуар нязменна ўключаліся спектаклі паводле твораў класіка : «Навальніца будзе» паводле трылогіі «На ростанях» (1958, рэжысёр Ю. Шчарбакоў), «Сымон-музыка» (1976, рэжысёр В. Мазынскі; 2018, рэжысёр М. Краснабаеў), «На дарозе жыцця» (1982, рэжысёр В. Мазынскі), «Зямля» (2001, рэжысёр В. Баркоўскі).

У розныя гады тэатр узначальвалі мастацкія кіраўнікі С. Хачатураў, С. Розанаў, М. Міцкевіч, В. Дарвішаў, В. Аксёнаў, Н. Лойтар, П. Малчанаў, Ф. Шмакаў, Б. Эрын, В. Маслюк, В. Баркоўскі, Р. Таліпаў, В. Анісенка, М. Краснабаеў, А. Старых. Значны ўклад у творчае жыццё тэатра ўнеслі галоўныя рэжысёры А. Скібнеўскі, Ю. Шчарбакоў, Б. Браганцаў, В. Мазынскі, В. Баркоўскі, Ю. Лізянгевіч і інш., галоўныя мастакі А. Марыкс, Я. Нікалаеў, А. Салаўёў, С. Макаранка, У. Матросаў, П. Анашчанка. Тэатр заўжды славіўся акцёрскай школай. На змену старэйшым майстрам сцэны прыходзілі новыя таленавітыя акцёры: М. Звездачотаў, Г. Маркіна, Е. Мацісава, А. Трус, Ф. Шмакаў, А. Шэлег, Л. Трушко, У. Куляшоў, М. Краснабаеў, Т. Скварцова, З. Гурбо, і інш., якія годна працягвалі і развівалі нацыянальныя традыцыі коласаўцаў. Сёння мастацтва тэатра ўзбагачаюць народныя артысты Беларусі С. Акружная і Т. Кокштыс, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Г. Букаціна, В. Грушоў, Т. Ліхачова, Г. Лойка, Р. Шацько і інш.

Адной з лепшых традыцый, закладзенай яшчэ ў 1920–1930-я гг., стала плённае супрацоўніцтва тэатра з беларускімі пісьменнікамі. На сцэне ставіліся п’есы і празаічныя творы М. Матукоўскага, А. Макаёнка, І. Шамякіна, А. Дударава, К. Чорнага, В. Вольскага, А. Адамовіча. Вышэйшым дасягненнем у мастацкім асэнсаванні айчыннай класікі сталі спектаклі «Паўлінка» і «Прымакі» Я. Купалы, «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я. Коласа. З сярэдзіны 1930-х гг. калектыў пачаў шырока звяртацца да рускай і еўрапейскай класікі. Твор «Беспасажніца» з’явіўся першым увасабленнем драматургіі А. Астроўскага на беларускай сцэне. Мастацкім дасягненнем сталі пастаноўкі «Здані» Г. Ібсена, «Гамлет» У. Шэкспіра, «Улада цемры» Л. Талстога, «Клоп» У. Маякоўскага.

Спектаклі.jpg

У гады Вялікай Айчыннай вайны тэатр працаваў у казахстанскім горадзе Уральску, затым у Арэхаве-Зуеве Маскоўскай вобласці. Ставіліся надзённыя п’есы – «Рускія людзі» К. Сіманава, «Фронт» А. Карнейчука, «Нашэсце» Л. Лявонава, «Проба агнём» К. Крапівы. Акцёры выступалі ў вайсковых шпіталях, стварылі франтавую брыгаду. У пасляваенны час тэатр знаходзіўся на вялікім творчым уздыме. Сярод найбольш яскравых работ – «Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка (1953), «Андрэй Лабанаў» Д. Граніна (1955), «Бітва ў дарозе» Г. Нікалаевай (1959), «Іркуцкая гісторыя» А. Арбузава (1960). У пачатку 1990-х гг. коласаўцы звярталіся да класічнай і сучаснай абсурдысцкай драматургіі («ЧП-1» і «ЧП-2» паводле гогалеўскага «Рэвізора», «Залёты» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Шчаслівае здарэнне» С. Мрожака). Пошукі новага аблічча тэатра працягваліся і ў 1993–1997 гг. У гэты перыяд былі пастаўлены спектаклі «Цырк Шардам» паводле Д. Хармса і «Пакрыўджаныя» Л. Родзевіча (рэжысёр А. Грышкевіч), «Непаразуменне» А. Камю, «Дзядзька Ваня» А. Чэхава (рэжысёр Ю. Лізянгевіч), «Кароль Лір» У. Шэкспіра (рэжысёр В. Маслюк). Віцебск становіцца сапраўды тэатральным горадам: адраджаецца традыцыя правядзення акцёрскіх бенефісаў, тэатральных марафонаў, тэатр пачынае выпускаць уласную газету «Раёк» (выходзіла ў 1993–1996 гг.).

У канцы 1990-х гг. пастаноўкам сталі ўласцівы адкрыты постмадэрнізм, засяроджанасць на псіхааналізе («Пісьменныя» М. Чокэ, Гран-пры фестывалю сучаснай нямецкай драматургіі ў Мінску, «Дадому» А. Паповай, «Прывітанне, Альберт!» Ю. Сохара). У 2000-х гг. кірунак рэпертуарнай палітыкі тэатра кардынальна змяніўся. Галоўным прадметам аналізу на коласаўскай сцэне стала сучасная п’еса. Сведчанне таму – спектаклі ў пастаноўцы В. Анісенкі: «Песні ваўка» В. Паніна, «Ліфт» Ю. Чарняўскай, «Што баліць?» Л. Агулянскага, «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аповесці П. Санаева, «Белы анёл з чорнымі крыламі» Дз. Балыка. Ладзяцца спектаклі запрошаных рэжысёраў А. Марчанкі («Гэта ўсё яна» А. Іванова, «Леанарда?» Э. Флізара), Т. Навумавай («IN-side-OUT» па п’есе Э. Уолша), А. Дольнікава («Я вольны!» паводле Амелі Натомб).

Тэатр неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных тэатральных фестывалях: V Міжнародным фестывалі «Руская камедыя» са спектаклем «Жарты» (Растоў-на-Доне, 2012); X Міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў «Славянскі вянец» са спектаклем «Ліфт» (узнагароджаны дыпломам «За актуальнае раскрыццё вострых сацыяльных праблем, Масква, 2013); міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых форм «АrtOкраина» са спектаклем «Гэта ўсё яна» па п’есе А. Іванова (перамога ў намінацыі «Лепшы спектакль», Санкт-Пецярбург, 2016) і інш. Тэатр – уладальнік Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, за спектакль «Несцерка» В. Вольскага), Дзяржаўнай прэміі БССР (1968, за спектакль «Шостае ліпеня» М. Шатрова; 1986, за спектакль «Вечар» А. Дударава). Трупа пабывала з гастролямі ў Польшчы, Францыі, Італіі, ЗША.

У 1977 г. тэатру нададзены ганаровы статус акадэмічнага, у 2001 г. – нацыянальнага. У 1976 г. ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Інфармацыю аб славутым тэатры можна знайсці ў электронным каталогу НББ, анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях», на сайце Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам