ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Віншуем з 90-годдзем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Валянціну Ягораўну Вінаградаву
Ад радыё да падкаста: гісторыя агучанай літаратуры

Казачнік і сапраўдны сябар дзяцей

Казачнік і сапраўдны сябар дзяцей
Іншыя навіны

16 мая спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Васіля Віткі (1911–1996), паэта, пісьменніка, крытыка, заслужанага дзеяча культуры, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Нарадзіўся Васіль Вітка (сапр. Цімох Васільевіч Крысько) у в. Еўлічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля сямігодкі паступіў у Слуцкую прафтэхшколу, дзе атрымаў спецыяльнасць слесара (1928). Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Супрацоўнічаў у заводскай шматтыражцы, рэдакцыях абласных, потым рэспубліканскіх газет “Чырвоная змена” (1935–1937), “Літаратура і мастацтва” (1937–1938), часопісе “Полымя рэвалюцыі” (1938–1939). У 1940–1941 гг. быў сакратаром Беластоцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў Беларусі, працаваў у рэдакцыях газеты “Савецкая Беларусь”, сатырычнага лістка “Партызанская дубінка”, газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. У 1944 г. стаў адказным сакратаром часопіса “Беларусь” (1944). З 1948 г. быў намеснікам рэдактара, з 1951 г. – галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1957 г. узначаліў беларускі дзіцячы часопіс “Вясёлка”.

Vitka_1_2.jpg

На пасадзе галоўнага рэдактара ён плённа працаваў 17 гадоў. У 1974–1987 гг. быў членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі студыі Беларусьфільм.

Васіль Вітка ўражвае сваёй шматграннай літаратурнай дзейнасцю: вершы, апавяданні, п’есы, пародыі, эпіграмы, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы. Друкавацца пачаў у 1928 г. Першы зборнік вершаў "Гартаванне" быў выдадзены ў 1944 г., затым выйшлі кнігі “Поўдзень” (1946), “Ружа і штык” (1958), “Праводзіны лета” (1972), “Вышыні святла” (1977).

Vitka_3_4.jpg

Асноўныя матывы паэзіі В. Віткі – услаўленне подзвігу чалавека ў Вялікую Айчынную вайну, хараство роднай зямлі, роздум аб жыцці, прызначэнні паэзіі. Ён аўтар п’ес “Прамень будучыні” (1948) і “Шчасце паэта” (1951). Апошняя з іх, героем якой стаў Янка Купала, атрымала ў 1952 г. увасабленне на сцэне Купалаўскага тэатра.

Vitka-6.jpg

Васіль Вітка найбольш вядомы як дзіцячы паэт. Яго вершы, казкі, загадкі, выходзячы з друку, адразу пераходзілі ў шэраг хрэстаматыйных. Іх і зараз выкарыстоўваюць у падручніках і дапаможніках. Вялікай творчай удачай стала казка “Вавёрчына гора” (1948). Дзякуючы займальнасці, гумару, якія ўласцівы гэтаму твору, казка стала адной з самых любімых у дзяцей. Шчаслівы лёс напаткаў і другую казку В. Віткі “Буслінае лета” (1958). У ёй ёсць і казачнае, і рэальнае, мова насычана народнымі і створанымі самім аўтарам прыказкамі, крылатымі выразамі, афарызмамі. Затым амаль адна за адной выходзілі кнігі “Казка пра цара Зубра” (1960), “Зайчык-вадалаз” (1962), “Дударык” (1964), “Азбука Васі Вясёлкіна” (1965), “Чытанка-маляванка” і “Беларуская калыханка” (1971) і інш. Творчасць В. Віткі для дзяцей – свет чарадзейства, хараства, незвычайных прыгод, прывабнай гармоніі гукаў і фарбаў. Яго складанкі-чытанкі, песні-калыханкі, байкі-самаграйкі, жарты-перакруткі, загадкі, лічылкі напоўнены жывымі вобразамі, нечаканымі кантраснымі словамі, парадаксальнымі аналогіямі. Таленавіта выкарыстоўваюцца ў дзіцячых творах традыцыі беларускага фальклору, да якога ён ставіўся з вялікім захапленнем.

Vitka_5.jpg

Васіль Вітка выдаў публіцыстычныя кнігі “Дзеці і мы” (1977), “Урокі” (1982), “Азбука душы” (1988), на старонках якіх закрануў многія праблемы школьнага жыцця і выхавання. Ён адзін з аўтараў чытанак “Роднае слова” для 1, 2 і 3-га класаў. Апошняй яго кнігай стаў зборнік “Дом, дзе жывуць словы” (1995) – своеасаблівы вершаваны слоўнік. Васіль Вітка таксама пераклаў на беларускую мову некаторыя творы рускіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў.

Творчасць пісьменніка атрымала прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. У 1972 г. за кнігі для дзяцей ён быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. У 1978 г. узнагароджаны Ганаровым дыпломам прэміі імя Х.К. Андэрсена з занясеннем у ганаровы спіс дацкага казачніка.

У гонар выдатнага майстра слова ў 2009 г. часопіс “Вясёлка” заснаваў прэмію імя Васіля Віткі. Цікавым з’яўляецца той факт, што брэндам часопіса стаў хлопчык Вася Вясёлкін – літаратурны персанаж, якога стварыў менавіта В. Вітка. 16 мая 2011 г. у гонар 100-гадовага юбілею беларускага класіка дзіцячай бібліятэцы № 6 г. Мінска было прысвоена яго імя і ўрачыста адкрыты музей.

Інфармацыя пра Васіля Вітку, яго жыццё і літаратурную дзейнасць змешчана ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, Нацыянальнай базе даных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Выставачна-асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага

27 Ліп 2021

27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося пленарнае пасяджэнне выставачна-асветніцкага мерапрыемства, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага, і адкрыццё фотавыставы “Пецярбург Дастаеўскага”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мой чытацкі спіс: навошта ім дзяліцца і ў чым наогул сэнс

28 Ліп 2021

У эпоху Інтэрнэту ўсё наша жыццё навідавоку. Фотаздымкі з паездак, душэўныя пасты ў сацсетках, нататкі пра хобі і любімыя фільмы хутка становяцца здабыткам грамадскасці – і нават чытанне. Што прымушае нас весці свае чытацкія дзённікі? Пахвальба, жаданне самасцвердзіцца ці проста прага да самавыяўлення? Давайце разбірацца – у спісах, кнігах і саміх сабе.

Аўтарскі погляд

“Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” – выстава ў музеі кнігі (+відэа)

23 Ліп 2021

22 ліпеня ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё выставы “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей”, на якой упершыню дэманструюцца разам аўтэнтычныя сведчанні пра знакамітага пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Садовае чараўніцтва: як Сесіль Мэры Баркер і кветкавыя феі змянілі кніжную ілюстрацыю

23 Ліп 2021

Вы калі-небудзь звярталі ўвагу, якія добрыя ілюстрацыі ў дзіцячых кнігах? Яны лёгкія, пяшчотныя, прыемныя воку і сэрцу – адно задавальненне... Праўда, мы зусім не ўспрымаем іх усур'ёз. У рэшце рэшт, гэта ж для дзяцей, а значыць, там шмат спрашчэнняў, умоўнасцей і зусім ніякай сур'ёзнасці, так? А вось і не. Кніжная ілюстрацыя можа быць сур'ёзнай, дакладнай і нават цалкам навуковай – не губляючы пры гэтым свайго чараўніцтва. Сёння мы пагаворым пра Сесіль Мэры Баркер, сапраўдную каралеву кветкавых фей, і пра батанічную ілюстрацыю.

Аўтарскі погляд

23 Ліп 2021

Пра бібліяаптэку мы яшчэ пагаворым. А зараз – пра рэчы не менш важныя. Свой першы твор Янка Купала напісаў па-польску, Якуб Колас – па-руску. Але кожны вярнуўся да родных вытокаў. Рашуча і канчаткова. Так бусел вяртаецца з выраю менавіта ў сваю буслянку…

Навіны бібліятэк

Бібліятэкарам