ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Тэрэўсат – старонкі тэатральнай сатыры: па матэрыялах газет 1921 года
Семінар-дыялог “Бібліяграфія ў біяграфіях: сустрэча прафесіяналаў”

Мецэнатка і асветніца

Мецэнатка і асветніца
Іншыя навіны

8 ліпеня спаўняецца 160 гадоў з дня нараджэння Марыі Магдалены Радзівіл (1861–1945), дзяячкі беларускага культурнага руху, асветніцы, мецэнаткі, якая падтрымлівала адкрыццё на беларускіх землях навучальных устаноў, шпіталяў, касцёлаў, прытулкаў для сірот, выданне кніг і газет на беларускай мове.

Нарадзілася Марыя Магдалена ў Варшаве ў сям’і навукоўца-гісторыка, археолага і палеантолага Яна (Івана) Казіміра Завішы, які паходзіў са знакамітага беларускага шляхецкага роду. Ён даследаваў эпоху каменнага веку на тэрыторыі Беларусі, збіраў памяткі даўніны. Бацька быў для Магдалены ўзорам служэння ідэалам сумленнасці, дабрачыннасці, любові да беларускай мовы. Дзяцінства дзяўчынка правяла ў маёнтках Жарноўцы і Кухцічы Ігуменскага павета. Яна атрымала добрую дамашнюю адукацыю: ведала некалькі еўрапейскіх моў, старажытную і сучасную філасофію, асновы сусветнай культуры. У 21 год яе выдалі замуж за графа Людвіка Красінскага – надзвычай багатага польскага магната, які з’яўляўся заснавальнікам польскага філіяла Пецярбургскага таварыства падтрымкі расійскай прамысловасці і гандлю. Ён быў заўзятым збіральнікам твораў мастацтва, меў багатую калекцыю антыкварыяту. Праз год у іх нарадзілася дачка Людвіка (будучая графіня Чартарыйская). У 1895 г. графіня Красінская аўдавела.

Пасля смерці бацькі Магдалена стала спадчынніцай родавых маёнткаў, пазней пераехала ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства, устанавіла трывалыя сувязі з лепшымі прадстаўнікамі тагачаснага грамадства. У гэты час шмат падарожнічала па Еўропе. У 1904 г. у Англіі графіня пазнаёмілася з маладым князем Мікалаем Радзівілам, удзельнікам англа-бурскай вайны. Ён быў маладзейшы за Магдалену на 19 гадоў, але іх аб’ядноўвалі агульныя думкі, погляды, жыццёвыя мэты і ідэалы. Пасля жаніцьбы пара пасялілася ў Кухцічах – спадчынным маёнтку Завішаў. Па прапанове князя збудавалі чыгуначную лінію ад маёнтка да станцыі Вярэйкі Лібава-Роменскай чыгункі, што ішла праз усю Беларусь. Пасля смерці мужа, які загінуў на фронце ў час Першай сусветнай вайны, Магдалена Радзівіл глыбока смуткавала, яна жыла то ў сваіх маёнтках, то ў Мінску, дзе мела ўласны дом на вуліцы Захар’еўскай.

Radzivil_1.jpg

Працягвала актыўна ўдзельнічаць у беларускім грамадскім жыцці. Пры яе фінансавай падтрымцы працавалі шпіталі, сельскія крамы, таварыствы цвярозасці. Асаблівую ўвагу звяртала на дзяцей-сірот, шмат рабіла для паляпшэння іх становішча, адкрыла для іх шэраг прытулкаў. У сваіх маёнтках арганізавала сем пачатковых беларускамоўных школ, а ў мястэчку Узда – рамеснае вучылішча для сялянскіх дзяцей. Дарэчы, на настаўніцкую працу ў школы былі запрошаны Паўліна Мядзёлка і Канстанцыя Буйло. Княгіня аказвала фінансавую дапамогу прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі, а таксама беларускім студэнтам Віленскага і іншых універсітэтаў, устанавіла для іх некалькі стыпендый. Падтрымлівала выдавецкую суполку “Загляне сонца ў наша аконца ў Пецярбургу, Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні, газеты “Наша ніва і “Bielarus”. Дапамагала бібліятэцы беларускага гуртка пры Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу.

Radzivil_2.jpg 

Мецэнатка аказала матэрыяльную падтрымку ў выданні кніг Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Тараса Гушчы (Якуба Коласа), Канстанцыі Буйло, Ядвігіна Ш., Андрэя Зязюлі і іншых пісьменнікаў. У знак удзячнасці на тытульным лісце зборніка вершаў М. Багдановіча “Вянок” змешчаны герб Завішаў “Лебедзь”. Такая ж выява прысутнічае і ў іншых выданнях, выхаду ў свет якіх паспрыяла Магдалена Радзівіл.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. М. Радзівіл знаходзілася ў эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі, з 1932 г. – у Швейцарыі. Шчырая патрыётка, яна заўсёды лічыла сябе “беларускай, паходжання літоўскага”. Мецэнацтва княгіні заслугоўвае ўдзячнасці і павагі нашчадкаў.

Біяграфічны матэрыял таксама змешчаны ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Кароткія фактаграфічныя звесткі ўтрымлівае Нацыянальная база даных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў. Інфармацыю пра шматлікія публікацыі аб жыцці і дзейнасці М. Радзівіл можна знайсці праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі

Чытайце таксама: “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”: знаёмства з кнігай Віктара Хурсіка

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам