Выбітнаму філолагу-славісту, этнографу, палеографу, аўтару першай у гісторыі мовазнаўства навуковай дысертацыі, прысвечанай беларускай мове, Яўфімію Фёдаравічу Карскаму – 160 гадоў (1861–1931).
Сярод выбітных навукоўцаў, якія працавалі ў галіне лінгвістыкі і літаратуразнаўства на рубяжы XIX–XX стст., вылучаецца Яўхім Фёдаравіч Карскі – заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, стваральнік “энцыклапедыі” беларусазнаўства, вучоны, які пацвердзіў нацыянальную ідэнтычнасць свайго народа, раскрыў шматгранны і працяглы працэс развіцця духоўнай культуры беларусаў.
Дарога ў свет будучага знакамітага навукоўца пачалася ў невялікай беларускай вёсцы Лаша недалёка ад Гродна 1 студзеня 1861 г. (20 снежня 1860 г. па старым стылі). Бацька Фёдар Мікалаевіч Навіцкі – дзячок Лашанскай царквы і настаўнік у народным вучылішчы. Маці Магдаліна Ануфрыеўна Карская – дачка царкоўнаслужыцеля. Запісаны пад прозвішчам Карскі, бо шлюб бацькоў яшчэ не быў афіцыйна зарэгістраваны.
У 1871–1881 гг. Я. Карскі вучыўся ў Мінскім духоўным вучылішчы, затым – у Мінскай духоўнай семінарыі. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце. Яго навуковая дзейнасць пачалася ў сценах гэтай установы: ён выдаваў беларускія песні сяла Беразавец Навагрудскага павета Мінскай губерні з каментарамі. Запісы былі выкананы з улікам асаблівасцей беларускай мовы.
Пасля заканчэння інстытута (1885) Я.Ф. Карскі выкладаў рускую і стараславянскую мовы, а таксама рускую літаратуру ў 2-й Віленскай гімназіі. У гэты час былі апублікаваны яго даследаванні “Обзор звуков и форм белорусской речи” і “К истории звуков и форм белорусской речи”. Работы склалі дзве часткі магістарскай дысертацыі, якую Я. Карскі паспяхова абараніў у Кіеўскім універсітэце. У 1894 г. ён стаў прафесарам, а з 1902 г. – дэканам Варшаўскага ўніверсітэта. З 1905 па 1910 г. двойчы быў яго рэктарам. У варшаўскі перыяд свайго жыцця вучоны працягваў праяўляць цікавасць да побыту, мовы і паэтычнай творчасці беларускага народа.
Сям’я Я.Ф. Карскага. Варшава. 1905 г.
У 1894 г. ён апублікаваў сваю працу “На языке так называемых литовских летописей”. За навуковыя дасягненні ўзнагароджаны залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. У 1896 г. абараніў дысертацыю “Западнорусские переводы Псалтири в XV–XVII веках”. Савет Маскоўскага ўніверсітэта прысвоіў Я.Ф. Карскаму вучоную ступень доктара філалагічных навук. У тым жа годзе ён быў абраны членам Археаграфічнай камісіі Маскоўскага археалагічнага таварыства, а пазней – членам-карэспандэнтам Таварыства аматараў старажытнай пісьменнасці. За працы ў галіне палеаграфіі Пецярбургская акадэмія навук прысудзіла навукоўцу Ламаносаўскую прэмію (1901).
Улетку 1903 г. Карскі распачаў навуковую экспедыцыю па Беларусі з мэтай вызначэння этнаграфічнай мяжы беларускай народнасці і мовы, выяўлення характэрных рыс беларускай мовы ў зоне памежжа з украінскай і польскай гаворкамі. Вынікам экспедыцыі стала выданне ў тым жа годзе ў Варшаве першага тома фундаментальнай працы “Белорусы”, якая заслужыла пасля назву “энцыклапедыі беларусазнаўства”. Першы том “Введение в изучение языка и народной словесности” змяшчае этнаграфічную карту беларускага племя, пры пабудове якой выключнай прыкметай размежавання беларусаў ад іншых народаў з’яўлялася мова (беларуская мова), вывучаліся моўныя асаблівасці жыхароў 114 населеных пунктаў, матэрыялы фальклорных твораў і навуковых прац.
З 1905 па 1917 г. Я.Ф. Карскі ўзначальваў найважнейшы філалагічны часопіс дарэвалюцыйнай Расіі – “Русский филологический вестник”, у якім былі апублікаваны многія яго навуковыя працы.
У 1916 г. ён пераязджае ў Петраград, а затым з 1917 па 1920 г. актыўна працуе ў Мінску. У снежні 1917 г. удзельнічаў у I Усебеларускім з’ездзе, дзе быў абраны ганаровым старшынёй (удзельнікі з’езда называлі Я.Ф. Карскага “наш вучоны беларус”). У 1919 г. ён перавёз з Варшавы ў Мінск сваю асабістую бібліятэку, якую пазней перадаў Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту (каля 4 тыс. асобнікаў работ па этнаграфіі і славяназнаўстве рускіх, беларускіх, польскіх, сербскіх, чэшскіх, французскіх, славацкіх вучоных). У цяперашні час гэта асобная калекцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў колькасці 2,5 тыс. экзэмпляраў (часткова страчана падчас Вялікай Айчыннай вайны).
У 1920 г. Я. Карскі вярнуўся ў Петраград, дзе стаў адным з арганізатараў акадэмічнай навукі, але паралельна прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі навукі Савецкай Беларусі. Разам з іншымі вучонымі ён распрацаваў статут вышэйшай навуковай установы Беларусі – Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт) – і актыўна ўдзельнічаў у яго працы.
Я.Ф. Карскі – аўтар шматлікіх даследаванняў па славяназнаўстве, беларусазнаўстве і русістыцы, у тым ліку гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі і гісторыі беларускай літаратуры. Яго трохтомная праца ў сямі кнігах “Белорусы” (1903–1922) – вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца XIX – пачатку ХХ ст., своеасаблівая энцыклапедыя жыцця беларускага народа. Яна змяшчае вычарпальную навуковую інфармацыю аб пачатковым этапе станаўлення беларускага народа і яго мовы, крэўных сувязях беларусаў са сваімі продкамі, этнічных адносінах з іншымі брацкімі народамі, аб іх бліжэйшых суседзях, у кантакце з мовамі якіх узбагачалася і ўзаемадзейнічала беларуская мова. Я. Карскі ўнёс значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі і археаграфіі. Яго праца “Славянская кирилловская палеография” (1928) мае выключнае значэнне для славістыкі. Я.Ф. Карскі быў членам-карэспандэнтам (з 1901 г.), потым акадэмікам Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук (з 1916 г.), Расійскай акадэміі навук (з 1917 г.), Акадэміі навук СССР (з 1925 г.), сапраўдным членам Інбелкульта, пазней Беларускай акадэміі навук (з 1922 г.) і Чэшскай акадэміі навук (з 1929 г.).
На жаль, у савецкі час лёс вядомага вучонага складаўся цяжка. Памёр Яўхім Фёдаравіч Карскі 29 красавіка 1931 г. Пахаваны на Смаленскіх праваслаўных могілках у Санкт-Пецярбургу.
На працягу 48 гадоў навуковай дзейнасці акадэмікам Я. Карскім было напісана 96 кніг, 149 артыкулаў, звыш 750 водгукаў, рэцэнзій, крытыка-бібліяграфічных матэрыялаў (усяго звыш 1 000 прац). Найбагацейшая спадчына ў многіх галінах навукі, пакінутая вучоным, і сёння не страціла свайго навуковага значэння. Азнаёміцца з працамі Я.Ф. Карскага, выданнямі аб яго насычаным жыцці, актыўнай навуковай і грамадскай дзейнасці можна, звярнуўшыся да электроннага каталога Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у якім адлюстраваны ў тым ліку і выданні з асабістай бібліятэкі вучонага, якая захоўваецца (як ужо згадвалася) у Нацыянальнай бібліятэцы ў выглядзе асобнай калекцыі. Выданні калекцыі актыўна ўводзяцца ў навуковы абарот.
Дапамагчы ў вывучэнні шматграннай асобы Яўхіма Фёдаравіча Карскага, чалавека выдатных здольнасцей і энцыклапедычных ведаў, можа і электроннае выданне “Спадчына акадэміка Яўхіма Карскага”, якое пры жаданні можна набыць у кіёску бібліятэкі. Дыск, а гэта практычна цэлая кампактная бібліятэка матэрыялаў і дакументаў аб жыцці і дзейнасці вучонага, уключаючы алічбаваныя найважнейшыя працы, быў падрыхтаваны да 150-гадовага юбілею Я.Ф. Карскага Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.
Шмат унікальных архіўных матэрыялаў, звязаных з жыццём, навуковай і грамадскай дзейнасцю Я.Ф. Карскага ў алічбаваным выглядзе даступны на сайце “Архівы Беларусі”. За біяграфічнымі звесткамі раім таксама звяртацца да анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах i падзеях”.
Варта адзначыць, што геній выдатнага вучонага-славіста, ураджэнца Гродзеншчыны, на працягу ўжо амаль трох дзесяцігоддзяў збірае навукоўцаў-лінгвістаў з многіх краін свету на гасціннай радзіме Я.Ф. Карскага. Так напярэдадні 160-гадовага юбілею земляка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў пачатку снежня 2020 г. адбыліся ўжо XV Міжнародныя Карскія чытанні (гэтым разам у анлайн-фармаце). Карскія чытанні (першыя адбыліся ў 1991 г.) ставяць мэтай не толькі далейшае вывучэнне і развіццё навуковай спадчыны акадэміка, але і абмеркаванне актуальных пытанняў сучаснага мовазнаўства, вынікаў даследаванняў у галіне медыялінгвістыкі, камунікатывістыкі, літаратуразнаўства і педагогікі. Характэрна, што аргкамітэт сумесна з навуковай бібліятэкай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы падрыхтаваў падарунак усім удзельнікам чытанняў, усёй навуковай супольнасці: створана паўнатэкставая база зборнікаў навуковых артыкулаў і зборнікаў матэрыялаў Карскіх чытанняў за перыяд з 1991 па 2020 г.
У рамках XV Карскіх чытанняў адбылася таксама прэзентацыя навукова-папулярнага выдання “Академик Е.Ф. Карский. Биография”, аўтарам якога з’яўляецца праўнук знакамітага славіста – архівіст і пісьменнік Аляксандр Карскі. Выданне аб’ёмам у 1 314 старонак не толькі займальнае і пазнавальнае чытанне, гэта самая поўная біяграфія заснавальніка беларускай філалогіі. У двух тамах сабраны падрабязныя і дакладныя, падмацаваныя шматлікімі дакументамі з архіваў і бібліятэк звесткі аб жыццёвым шляху і навуковых пошуках Яўхіма Фёдаравіча Карскага.
У памяць аб геніяльным земляку з 1957 г. Гродзенская абласная навуковая бібліятэка носіць імя Я.Ф. Карскага, з 2005 г. – Гродзенская гарадская гімназія, пры якой створаны тэматычны музей Я.Ф. Карскага. У 1964 г. у Лашанскай школе, на малой радзіме вучонага, быў адкрыты мемарыяльны музей. Яго імем названы вуліцы ў Гродне і Мінску.
Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.