ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Новы віртуальны праект да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
ХVІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні

Песня аб райскім жыцці: інсітнае мастацтва Алены Кіш

Песня аб райскім жыцці: інсітнае мастацтва Алены Кіш
Іншыя навіны

У 2021 годзе спаўняецца 125 гадоў самабытнай мастачцы, унікальнаму майстру, прадстаўніцы наіўнага мастацтва Алене Кіш. Яна з’яўляецца стваральнікам унікальнага выяўленчага жанру аўтарскага маляванага дывана.

Алена Андрэеўна Кіш нарадзілася ў 1896 годзе (па іншых звестках – у 1889-м) у мястэчку Раманава Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер аграгарадок Леніна Слуцкага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і.

Бацька быў творчай асобай, майстрам на ўсе рукі, і яго здольнасці, верагодна, перадаліся дзецям, якія ў вольны час любілі маляваць або што-небудзь майстраваць. Але самым вялікім маляўнічым талентам лёс адарыў Алену. Спецыяльнай мастацкай адукацыі яна не атрымала, аднак самастойна засвоіла мастацкую тэхніку жывапісу. Свае “маляванкі” яна звычайна рабіла на незагрунтаваным палатне, пакрытым чорнай фарбай. На чорны фон наносіла алейнымі або клеявымі фарбамі каляровы малюнак (часам з выкарыстаннем трафарэтаў) – і квітнела яркая выява.

alena_kish_1.jpg

Дзева на водах

Творы, а гэта былі, як правіла, насценныя дываны, мастачка стварала на заказ падчас падарожжаў па Мінскай вобласці: з пачатку 1930-х гадоў Алена Кіш стала хадзіць па вёсках і рабіць дываны за ўзнагароджанне, часам за прытулак і прадукты. Так яна зарабляла сабе на жыццё. Яркія і экзатычныя “маляванкі” былі жаданыя ў кожнай вясковай хаце. Для іх сюжэтаў мастачка выкарыстоўвала фантастычна-алегарычныя тэмы (“Рай”, “Ліст да каханага”, “Дзева на водах”, “У райскім садзе” і інш.). Гэтыя творы Алены Кіш дзівяць кампазіцыйнай адвагай і багатай фантазіяй аўтара. З-пад яе пэндзля выходзілі надзвычай шматколерныя, непасрэдна-шчырыя, паўрэальныя творы, якія надавалі інтэр’еру жылля яркую дэкаратыўнасць і казачную загадкавасць. Для сваіх заказчыкаў яна малявала розныя варыянты. Кожны дыван хоць і быў напісаны па вядомым сюжэце, але істотна адрозніваўся ад іншых.

alena_kish_2.jpg

Рай

Падчас Вялікай Айчыннай вайны А. Кіш нейкі час жыла ў Слуцку, затым пераехала да сястры ў вёску Грозава (цяпер аграгарадок) Капыльскага раёна. У пасляваенны перыяд жыццё было цяжкім. Да таго ж рукатворныя дываны пачалі выцясняцца моднымі фабрычнымі габеленамі. Работы Алены перасталі быць такімі ж запатрабаванымі, як раней. Жыццёвы шлях уяўляўся адзінокай мастачцы тужлівай песняй і, на жаль, скончыўся трагічна. У 1949 годзе яе не стала.

Цікавасць да творчасці самабытнай народнай мастачкі ўзнікла толькі ў 1970-я гады. Інфармацыя аб жыцці і творчасці А. Кіш была сабрана намаганнямі мастака У. Басалыгі, які з дзяцінства запомніў размаляваныя дываны ў сялянскіх дамах сваіх сваякоў. Ён зацікавіўся аўтарствам гэтых яркіх і простых рэчаў і правёў свае даследаванні, па крупінках збіраючы звесткі аб мастачцы і створанай ёю прыгажосці. Усяго было знойдзена 12 твораў (з 300, якія зрабіла за сваё жыццё А. Кіш). У 1978 годзе на І Рэспубліканскай выставе народных маляваных дываноў упершыню быў прадстаўлены адрэстаўраваны У. Басалыгам дыван Алены Андрэеўны. У папулярызацыю імя А. Кіш унесла свой уклад і беларускі сцэнарыст і рэжысёр Г. Адамовіч. Яна зняла фільм “Маляваны рай” (2010), прысвечаны жыццю і творчасці мастачкі.

У 1984 годзе ў Югаславіі была выдадзена “Всемирная энциклопедия наивного искусства”, у якой прадстаўлены 800 імёнаў мастакоў з 50 краін. І сярод іх – Алена Кіш. Яна ў шэрагу з сусветна вядомымі мастакамі-прымітывістамі: французам Анры Русо, харватам Іванам Генералічам, грузінам Ніка Пірасмані, украінкай Кацярынай Білакур і іншымі.

Работы таленавітай мастачкі былі прадстаўлены ў 1999 годзе ў Маскве на I Міжнародным фестывалі “Інтэрмузей”. Творы А. Кіш уваходзяць у склад вялікай калекцыі дываноў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” і з’яўляюцца аднымі з лепшых узораў беларускага наіўнага мастацтва. Такое прызнанне яна заслужыла цярплівым служэннем творчасці ў імя прыгажосці. Ёй прысвячаюць свае працы скульптары і жывапісцы.

alena_kish_3.jpg

Інфармацыю пра самабытную мастачку можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, базе даных нацыянальных аўтарытэтных запісаў, на сайце Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі. Раім звярнуць увагу на навукова-папулярнае выданне Н. Русаковіч “Песня аб райскім жыцці”, якое выйшла ў 2016 г.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Чытайце таксама:

Мастак Кахабер Гагохія: “Я прызнаю геній Рафаэля, але больш люблю работы Язэпа Драздовіча і Алены Кіш”

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам