ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Біямедыцына і фармацэўтыка ў зоне ўвагі віртуальнай чытальнай залы НББ
Выйшаў з друку “Беларускі этнаграфічны тлумачальны слоўнік”

Працавітасць, памножаная на талент

Працавітасць, памножаная на талент
Іншыя навіны

15 снежня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння (1921–1986) літаратуразнаўца, крытыка і публіцыста, доктара філалагічных навук Сцяпана Хусейнавіча Александровіча. Сорак год працаваў ён на ніве беларускай культуры і атрымаў шырокае, трывалае прызнанне як адзін з найбольш працавітых яе рупліўцаў, адкрывацель малавядомых імён у беларускай літаратуры, забытых фактаў і старонак яе гісторыі.

Сцяпан Александровіч нарадзіўся ў старадаўнім мястэчку Капыль у сям’і рабочага-гарбара. На выбар жыццёвай дарогі будучага літаратара паўплывала яго захапленне чытаннем. “Я чатыры гады трымаў у адной руцэ кнігу, а ў другой пугу. Чытаў многа, чытаў запоем, аддаючы перавагу беларускай кніжцы”, – успамінаў С.Х. Александровіч аб сваім “пастухоўскім” дзяцінстве. У 1939 г. пасля заканчэння капыльскай сярэдняй школы ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ), але праз некалькі месяцаў быў прызваны ў Чырвоную армію. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Летам 1942 г. пры ўзяцці Керчы і Феадосіі Сцяпан быў цяжка паранены і трапіў у палон. Разам з сябрамі яму ўдалося уцячы з лагера ваеннапалонных і вярнуцца на Капыльшчыну, дзе ён працягваў барацьбу з ворагам у партызанскім атрадзе. Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі.

Пасля вайны малады чалавек настаўнічаў і завочна вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, які скончыў у 1950 г., а ў 1958 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР і музеі Я. Коласа. З 1963 г. – дацэнт, з 1974 г. – прафесар БДУ. У 1984 г. атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

Першыя артыкулы маладога літаратуразнаўца пачалі друкавацца ў 1946 г. у газеце “Літаратура і мастацтва” і іншых рэспубліканскіх перыядычных выданнях. З-пад яго пяра выходзілі краязнаўча-біяграфічныя нарысы пра Францішка Багушэвіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цішку Гартнага, Максіма Танка, Кузьму Чорнага, Міхася Лынькова, Петруся Броўку. Сцяпан Хусейнавіч умеў займальна пісаць пра свае навуковыя пошукі і лёс пісьменнікаў, якія сталі аб’ектам даследаванняў. Менавіта з гэтых твораў і пачаўся новы для беларускай літаратуры жанр займальнага біяграфічнага нарыса, дзе паядналіся элементы навуковага і мастацкага стыляў. Нарысы склалі змест кніг “Незабыўныя сцежкі” (1959), “Па слядах паэтычнай легенды” (1965), “Тут зямля такая” (1974). Дакументальна-мастацкія творы “Ад роднае зямлі…” (1962), “На шырокі прастор” (1972), “Крыжавыя дарогі” (1985) таксама належаць да жанру пісьменніцкай біяграфіі. Выйшлі ў свет працы “Вольнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі” (1975), “Кнігі і людзі” (1976), “Слова – багацце” (1981) і інш. З 1955 г. С.Х. Александровіч стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР.

Alieksandrovich_S-1.jpg

У 1971 г. вучоны абараніў доктарскую дысертацыю “Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX – XX стагоддзя”. Дысертацыя была апублікавана асобнай кнігай пад назвай “Пуцявіны роднага слова”. Гэта адно з самых значных і змястоўных даследчых выданняў у айчынным літаратуразнаўстве.

Дыяпазон навуковых інтарэсаў вучонага не можа не ўражваць сваёй шырынёй. Ён не толькі аўтар шэрага біяграфічных нарысаў і літаратурных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў, выдатны тэкстолаг, але і даследчык жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны, гісторыі беларускага друку, майстэрства Купалы-перакладчыка, сувязей з Беларуссю і беларускай культурай Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі, Яна Райніса і інш. Навуковыя працы вучонага адрозніваюцца багатай канкрэтыкай, шчодрым выкарыстаннем архіўных матэрыялаў і малавядомых фактаў, якія даследчык здабываў у выніку карпатлівых пошукаў ў архівах Мінска, Масквы, Ленінграда, Вільнюса, Кракава і Прагі.

Alieksandrovich_S-2.jpg
Анатоль Змітравіч Крывенка
“Партрэт Александровіча Сцяпана Хусейнавіча”. 1991

Шмат сіл аддаў С.Х. Александровіч працы над хрэстаматыямі для школьнікаў і студэнтаў; стварэнню чатырохтомнай “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры”, якая выдавалася ў 1960-я гг.; падрыхтоўцы да выдання і навуковаму каментаванню твораў многіх беларускіх пісьменнікаў.

Каля чатырох дзесяцігоддзяў вучоны прысвяціў і педагагічнай дзейнасці: спачатку як настаўнік у школе і выкладчык у бібліятэчным тэхнікуме, затым – як дацэнт і прафесар БДУ. Яго вучнямі і студэнтамі былі многія з тых, хто сёння з’яўляецца гонарам айчыннай навукі і культуры.

На працягу свайго навуковага, творчага і педагагічнага жыцця Сцяпан Хусейнавіч працаваў на поўную моц падараванага яму лёсам таленту. Нястомная праца вучонага на ніве беларускай культуры значна ўзбагаціла яе гісторыю, забяспечыла трывалае прызнанне значнасці навуковых дасягненняў.

Інфармацыю аб жыцці і дзейнасці С.Х. Александровіча, яго творах можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, сайтах філалагічнага факультэта БДУ, Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя А. Астрэйкі.

Да 100-годдзя з дня нараджэння Сцяпана Александровіча Нацыянальная бібліятэка Беларусі арганізавала круглы стол "Кнігі і людзі" і юбілейную выставу "Слова – багацце".

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам