ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Як літаратурныя героі ішлі ў школу
Пра эстраду – манументальна

Рэвалюцыйны рамантык

Рэвалюцыйны рамантык
Іншыя навіны

7 лістапада спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння вядомага паэта, празаіка і драматурга, культурнага і грамадскага дзеяча Беларусі Міхася Чарота (1896–1937 або 1938).

Міхась Чарот (сапраўднае імя Міхаіл Сямёнавіч Кудзелька) нарадзіўся ў вёсцы Рудзенск Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці) у сям’і малазямельных сялян.

Charot_M.jpgЯго лёс у многім тыповы для пакалення пісьменнікаў і паэтаў, якія прыйшлі ў літаратуру адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1917 г. М. Чарот скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і ў хуткім часе быў мабілізаваны ў армію. Вясной 1918 г. вярнуўся ў Мінск, працаваў настаўнікам у беларускай школе. Вучыўся на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка), з 1924 г. – у Дзяржаўным інстытуце журналістыкі ў Маскве. У 1920-я гг. М. Чарот быў адным з актыўных арганізатараў і кіраўнікоў літаратурнага руху ў Беларусі: з’яўляўся супрацоўнікам, а ў 1925‒1929 гг. ‒ рэдактарам газеты “Советская Белоруссия”, прымаў удзел у стварэнні літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (з 1923 г. яго кіраўнік), некаторы час працаваў у часопісе “Полымя”, пазней уступіў у БелАПП, быў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржвыдавецтва БССР, кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Акрамя таго, М. Чарот удзельнічаў у культурна-нацыянальным жыцці: спяваў у хоры У. Тэраўскага пры “Беларускай хатцы” (меў прыгожы барытон), быў старшынёй тэатральнага гуртка “Маладзік” Мінскага таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, удзельнікам трупы Уладзіслава Галубка.

Літаратурнай творчасцю пачаў займацца ў падлеткавым узросце. Раннія творы М. Чарота створаны пад уплывам такіх паэтаў як М. Багдановіч, Цётка, Я. Купала, Я. Колас. Пасля 1921 г. у яго творчасці дамінуюць рэвалюцыйна-пралетарскія матывы, аб чым сведчаць зборнікі вершаў “Завіруха” (1922), “Выбраныя вершы” (1925), “Сонечны паход” (1929), героіка-рамантычныя паэмы “Босыя на вогнішчы” (1922) і “Марына” (1926), паэма-фантазія “Чырвонакрылы вяшчун” (1923).

Міхась Чарот ‒ майстар трапных і арыгінальных словазлучэнняў. Цікавымі маўленчымі адзінкамі з’яўляюцца нават загалоўкі яго твораў. Як паэт-публіцыст М. Чарот вельмі часта выкарыстоўваў у творах грамадска-палітычную лексіку і фразеалогію. Як паэт-лірык і паэт-рамантык карыстаўся выяўленчымі сродкамі беларускага фальклору і жывой вусна-гутарковай мовы беларусаў.

Самабытнай з’явай прозы М. Чарота стала аповесць “Свінапас” (1923‒1924). На яе аснове ў 1926 г. быў створаны першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль” (рэж. Юрый Тарыч). Усе апавяданні аўтара сабраны ў зборніках “Веснаход” (1924) і “Выбраныя апавяданні” (1926).

У беларускую савецкую драматургію М. Чарот прыйшоў з тэатральных падмосткаў. Ім быў напісаны і апублікаваны шэраг п’ес, найбольш папулярнымі з якіх з’яўляюцца камедыя “Сон на балоце”, драматычная паэма “Мікітаў лапаць” і народная драма “На Купалле”. Апошняя была з поспехам паказана ў жніўні 1923 г. БДТ-1 у Маскве, на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы пад назвай “Цветок счастья”. П’еса “На Купалле” натхніла і кампазітара А. Туранкова на стварэнне оперы “Кветка шчасця”, якая ў 1940 г. была з трыумфам прадстаўлена на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

Вядомыя літаратуразнаўцы М. Ярош, Н. Гілевіч, І. Чыгрын адзначалі самабытнасць, арыгінальнасць і поліфанічнасць літаратурна-мастацкай творчасці М. Чарота. Усё сваё жыццё ён апяваў беларускі народ, родную прыроду, горача і шчыра клікаў да “вясны жыцця”, да натхнёнай і творчай працы.

24 студзеня 1937 г. М. Чарот быў арыштаваны і ў хуткім часе расстраляны (29 кастрычніка 1937 г. або 14 снежня 1938 г. ‒ дакладная дата невядома). Рэабілітаваны ў 1956 г. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Маладзечне і Рудзенску.

Больш падрабязна пазнаёміцца з творамі Міхася Чарота, крытычнай і біяграфічнай літаратурай можна праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Фактаграфічны матэрыял змешчаны ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам