ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
“Цікава пачытаць”: кніга “Эвристические сказки. Обучение через открытие. Приключения Лисёнка и его друзей”
Віншуем з 85-годдзем Святлану Уладзіміраўну Фядулаву!

Яе называлі беларускім Траццяковым

Яе называлі беларускім Траццяковым
Іншыя навіны

22 мая спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Алены Васільеўны Аладавай (1907–1986), заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, даследчыка, збіральніка, захавальніка і прапагандыста высокіх духоўных каштоўнасцей, якая трэць стагоддзя ўзначальвала галоўны мастацкі музей нашай краіны.

Алена Аладава (у дзявоцтве Пук) нарадзілася ў Пружанах у сям’і настаўнікаў. Яе маці памерла ў 1925 г. Бацька Васіль Ісаевіч некаторы час працаваў інспектарам Парыцкага павета Бабруйскай акругі, пазней у Жлобіне – намеснікам загадчыка чыгуначнай школы-дзевяцігодкі.

Пытанне аб прафесіі перад маладой дзяўчынай не стаяла: яна выбрала педагогіку і стала адной з першых студэнтак адкрытага ў 1921 г. Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1922 па 1928 г. вучылася на прыродазнаўча-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта і адначасова працавала ў Беларускім дзяржаўным музеі ў якасці ілюстратара. У той час ва ўніверсітэце выкладалі выдатныя мастацтвазнаўцы М.Р. Сыркін і М.М. Шчакаціхін. У адной са сваіх аўтабіяграфій яна пісала, што ў тыя гады сістэматычна наведвала вячэрнюю рабочую студыю пры Доме мастака па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску. З гэтых наведванняў і пачалося знаёмства з мастакамі і сур'ёзнае захапленне выяўленчым мастацтвам.

У 1925 г. Алена паспрабавала сябе ў якасці экскурсавода і кансультанта на першай Усебеларускай мастацкай выставе. У 1927 г. стала членам “Літаратурна-мастацкай камуны”, а затым і творчага аб’яднання “Прамень” (1929–1932), у які ўваходзілі такія мастакі, як А. Ахола-Вало, В. Ціхановіч, П. Гуткоўскі, А. Марыкс і інш. У гэты час яна пачала працаваць і як мастацтвазнаўца.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1928 г. Алена выйшла замуж за кампазітара Мікалая Аладава, нашчадка старога пецярбургскага дваранскага роду, якога прывабіў яркі і моцны характар дзяўчыны. У 1924 г. М. Аладаў быў запрошаны ў Беларусь і стаў адным з арганізатараў і першых выкладчыкаў Беларускай кансерваторыі.

2-Aladavy-1928.jpg
Маладыя Аладавы. 1928 г.

У 1937 г. Алена Васільеўна стала навуковым супрацоўнікам групы па стварэнні першай у Беларусі Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая адкрылася ў 1939 г. Дырэктарам быў прызначаны мастак-кераміст Н.П. Міхалап (1886–1979). Да гэтага часу Аладава ўжо вучылася на завочным аддзяленні мастацтвазнаўства Інстытута філасофіі, літаратуры і мастацтва імя

М.Г. Чарнышэўскага ў Маскве, але скончыць яго не паспела. Пачалася вайна...

У гады Вялікай Айчыннай вайны Аладавы апынуліся ў Саратаве, дзе Алена Васільеўна працавала намеснікам дырэктара па навуковай рабоце і адначасова была галоўным захавальнікам Дзяржаўнага мастацкага музея імя А.М. Радзішчава. У 1944 г. прыняла ўдзел у працы Камісіі па стратах, нанесеных нямецка-фашысцкімі захопнікамі музеям БССР. Тады ж яна атрымала прапанову ўзначаліць новы перспектыўны Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Але, як ні ўгаворвалі сябры і калегі, яна вярнулася ў карцінную галерэю.

У разбураным Мінску гэтыя два музеі змяшчаліся ў адным будынку – былым Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Тут жылі і іх супрацоўнікі, у тым ліку сям'я Аладавых з двума дзецьмі. Тады складана было ўявіць, што на гэтым сціплым пятачку вырасце найбуйнейшы пасля маскоўскага, ленінградскага і кіеўскага мастацкі музей Савецкага Саюза.

Калекцыяніраванне стала сэнсам жыцця Аладавай, зрабіла яе вядомай і паважанай у музейным свеце. Паступова і сярод калекцыянераў яна набыла добрую рэпутацыю. Часам, перш чым прапаноўваць шэдэўры “Траццякоўцы”, ленінградскія і маскоўскія калекцыянеры клікалі да сябе мінскую госцю. Вядома пра яе сяброўства са спявачкай Лідзіяй Русланавай, якая мела багатую калекцыю твораў выяўленчага мастацтва. Неўзабаве з дому знакамітасці ў мінскі музей адправіліся работы Мацвея Віельгорскага, Фёдара Талстога, Марыі Ценішавай. Ва ўдавы Уладзіміра Дурава, вядомага цыркавога артыста, Аладава купіла знакамітую карціну Васіля Пукірава “Няроўны шлюб”. Захаванасць шэдэўра пакідала жадаць лепшага. Магчыма, таму карціну і не заўважылі. Многія палічылі тое палатно падробкай, бо арыгінал, як вядома, вісіць у Траццякоўскай галерэі. Аднак экспертыза пацвердзіла, што прывезеная карціна – больш позняе аўтарскае паўтарэнне. “Што ж у вас за методыка такая?” – здзіўляліся многія надзвычайнаму нюху Аладавай на шэдэўры. “Гляджу – гляджу – і бачу”, – адказвала яна.

3-Pukirau-Niarouny-shliub.jpg
Карціна “Няроўны шлюб”, 1875. Аўтарскае паўтарэнне В. Пукірава.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, зала рускага мастацтва. Набыта ў А. Дуравай у 1949 г.

Дзякуючы нястомным пошукам Алены Васільеўны галоўны мастацкі музей краіны фактычна аднавіў разрабаваную ў 1941 г. калекцыю. Акрамя ўнікальнага збору рускага жывапісу, сярод экспанатаў якога – карціны сусветна вядомых майстроў У. Баравікоўскага, К. Брулова, В. Трапініна, І. Айвазоўскага, І. Рэпіна, В. Сурыкава, М. Урубеля, музей мае багатую калекцыю заходнееўрапейскага і ўсходняга мастацтва. Таксама ўдалося сабраць цудоўную калекцыю сучаснага і старажытнабеларускага мастацтва. Яшчэ ў 1948 г. Алена Васільеўна вярнула з Саратава карціны Ю. Пэна. Сярод каштоўных набыткаў – карціны вядомых беларускіх мастакоў: І. Аляшкевіча, А. Гараўскага, І. Хруцкага, С. Жукоўскага і інш. Менавіта Аладавай музей абавязаны найбагацейшай спадчынай В. Бялыніцкага-Бірулі.

Пры ёй музеем было праведзена 30 экспедыцый, абследавана больш за 700 касцёлаў і цэркваў заходніх раёнаў Беларусі. Са скляпоў гродзенскага брыгіцкага манастыра дырэктар сама выцягвала напаўгнілыя, сточаныя жукамі абразы XVII ст., у Дрысвятах знайшла цудам уцалелыя слуцкія паясы, у Пружанскім раёне – саламяную царскую браму і разны іканастас. Цяпер усё гэта – нацыянальная гісторыка-культурная спадчына.

У пачатку 50-х Аладава дабілася будаўніцтва для мастацкай галерэі асобнага памяшкання па вуліцы Леніна. Гэта быў першы будынак у СССР, пабудаваны спецыяльна для музея (архітэктар М. Бакланаў). У 1957 г. на базе карціннай галерэі быў створаны Дзяржаўны мастацкі музей БССР, які яна ўзначальвала да 1977 г., пасля некаторы час была яго навуковым кіраўніком. Фонд музея, адноўлены намаганнямі мастацтвазнаўцы, у 1977 г. налічваў больш за 15 000 экспанатаў.

4-Budaunictva-MM.jpg
Будаўніцтва будынка для мастацкага музея па вул. Леніна, 20. 1956 г.

Лёс Алены Васільеўны Аладавай – абсалютна ўнікальны выпадак. Па-першае, таму што практычна ў адзіночку ёй удалося аднавіць разрабаваную ў гады вайны карцінную галерэю БССР, сабраць столькі шэдэўраў, што яшчэ пры яе жыцці пра беларускую музейную калекцыю жывапісу загаварылі як пра найбагацейшую ў Еўропе. Аладава знаходзіла ўнікальныя палотны ў самых нечаканых месцах; часта траціла на карціны свой заробак, на вока беспамылкова вызначаючы іх сапраўднасць; заводзіла сяброўства з нашчадкамі былых арыстакратаў і знакамітасцямі, захопленымі выяўленчым мастацтвам. Па-другое, унікальным з'яўляецца і асабістае жыццё Алены Аладавай, якую лёс звязаў з такім таленавітым кампазітарам, як Мікалай Аладаў.

Пра гэта і пра многае іншае можна больш падрабязна даведацца з артыкулаў, асобных выданняў і іншых дакументаў, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Інфармацыя пра іх прадстаўлена ў электронным каталогу бібліятэкі. Тут жа прадстаўлена і друкаваная спадчына Аладавай: каталогі музейных экспазіцый і выставак, артыкулы, кнігі пра мастакоў, альбомы “Государственный художественный музей БССР” (1958) і “Беларускі савецкі жывапіс” (1978).

Асаблівую ўвагу раім звярнуць на выдатную кнігу, прысвечаную творчаму і чалавечаму лёсу А.В. Аладавай, “Елена Аладова. Музей – ее судьба” (выд-ва “Мастацкая лiтаратура”, 2006), якая ўбачыла свет напярэдадні 100-гадовага юбілею з дня яе нараджэння. Успамінамі і разважаннямі аб феномене яе таленту дзеляцца мастакі, мастацтвазнаўцы і, вядома ж, калегі, музейныя работнікі, а таксама дзеці.

5-Aladova-Muzey-yeyo-sudba.jpg
Вокладка юбілейнага выдання “Елена Аладова. Музей – ее судьба” (выд-ва “Мастацкая літаратура”, 2006)

А яшчэ рэкамендуем паглядзець элегантны і душэўны фільм “Святло далёкай зоркі. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Алена Аладава”, створаны ў рамках аўтарскага праекта А. Дамарацкага і даступны ў сетцы інтэрнэт.

У мэтах увекавечання памяці Алены Васільеўны Аладавай Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастанавіў усталяваць мемарыяльную дошку на будынку Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь па вул. Леніна, 20 у Мінску. Урачыстая цырымонія ўстаноўкі бронзавай дошкі з барэльефным партрэтам А.В. Аладавай (аўтар – скульптар Іван Міско) адбылася 26 чэрвеня 1998 г.

Да 100-годдзя з дня нараджэння А.В. Аладавай былі выпушчаны памятны мастацкі паштовы канверт з выявай будынка Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і маркай з партрэтам юбіляра, памятныя сярэбраныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь вартасцю 1 рубель і 10 рублёў.

6-Kanviert-Aladava-MM.jpg

7-Manieta-Aladava-MM.jpg
Уведзены ў абарачэнне 25 ліпеня 2007 г. Дызайн: С. Заскевіч

Ужо сталі традыцыйнымі Аладаўскія чытанні, якія штогод праводзяцца Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, дзе музейныя работнікі і мастацтвазнаўцы дзеляцца вопытам работы і дасягненнямі, абмяркоўваюць актуальныя праблемы.

У гонар А.В. Аладавай і яе мужа названа вуліца Аладавых у Мінску.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам