ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Алічбаваны альбом “Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана”
Творчыя заняткі “Вясёлкавы настрой”

Забытае імя ў гісторыі бібліятэкі

Забытае імя ў гісторыі бібліятэкі
Іншыя навіны

14 чэрвеня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Карла Юр’евіча Шкільтэра (1891‒1941), гісторыка, журналіста, рэдактара, бібліёграфа, публіцыста, палітычнага і грамадскага дзеяча, кандыдата гістарычных навук, прафесара, выконваючага абавязкі дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна ў 1937 г.

Нарадзіўся Карл Шкільтэр у паўночнай частцы Латвіі ў сям’і рабочага. Да рэвалюцыі працаваў на будаўніцтве чыгунак, у абласным спажывецкім саюзе ва Уладзівастоку. Член РСДРП(б) з 1917 г. Прыхільнік ідэй Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, прымаў актыўны ўдзел ва ўсталяванні савецкай улады на Далёкім Усходзе і ў Сібіры. Удзельнік грамадзянскай вайны, адзін з арганізатараў узброенай барацьбы супраць арміі адмірала А.В. Калчака і японскіх інтэрвентаў.

Скончыў Камуністычны ўніверсітэт імя Я.М. Свярдлова ў Маскве (1926). Працаваў сакратаром Цэнтральнай камісіі па даследаванні латышскіх калоній у СССР. Па загадзе партыі накіраваны ў Беларусь. З 1927 г. быў сакратаром Латышскай камісіі (з 1931 г. Латышскі сектар) Інстытута беларускай культуры. З 1934 г., пасля аб’яднання акадэмічных нацыянальных секцый у інстытут, працаваў загадчыкам Латышскай секцыі пралетарскай культуры Інстытута нацыянальных меншасцей АН БССР (інстытут ліквідаваны ў 1936-м). З 1936 г. стаў навуковым супрацоўнікам секцыі Захаду Інстытута гісторыі АН БССР.

Shiklter_1.jpg

Працоўнае пасяджэнне Латышскай секцыі АН БССР. У цэнтры – загадчык секцыі вучоны К.Ю. Шкільтэр, г. Мінск. 1930-я гг.

К.Ю. Шкільтэр – арганізатар, кіраўнік і ўдзельнік навуковых экспедыцый па месцах кампактнага пражывання латышскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі з мэтай усебаковага вывучэння становішча латышскіх калоній і збору матэрыялаў па гісторыі, эканоміцы, статыстыцы, дэмаграфіі, этнаграфіі і быце (населеныя пункты Полаччыны і Віцебшчыны, 1929, 1930, 1931 гг.). Па выніках экспедыцый было складзена падрабязнае іх апісанне, назапашаны цікавы і каштоўны фотаархіў. Усебаковы аналіз сабранага фактаграфічнага матэрыялу стаў падмуркам выдадзеных у перыяд 1931–1935 гг. навуковых прац вучонага. 

Shiklter_2.jpg

Працоўнае пасяджэнне супрацоўнікаў Латышскай камісіі Інбелкульта па выніках першай навуковай экспедыцыі на Віцебшчыну. 2-гі злева – сакратар камісіі вучоны К.Ю. Шкільтэр, в. Лашнёва Віцебскай акругі, чэрвень 1929 г.

Карл Шкільтэр – аўтар публікацый на беларускай, рускай і латышскай мовах па гісторыі Латвіі, нацыянальнай палітыцы ўвогуле і латгальскім нацыянальным пытанні, латышска-беларускіх сувязях, сацыяльна-эканамічным становішчы латышскай меншасці на тэрыторыі Беларусі: “Latkoloniju wēsture” (Mасква, 1928), “Грамадзянская вайна і латышскія каланісты” (Мінск, 1928), “Latweešu koloniju pētišahas programa” (Мінск, 1929), “Латышскія калоніі на Беларусі: гістарычнае развіццё латышскіх сялянскіх гаспадарак” (Мінск, 1931), “Pilsoņu karš un latvju kolonisti 1917.–1921. g.g.” (Mасква, 1931), “Latgales nacionalais jautajums = Латгальскае нацыянальнае пытанне” (Мінск, 1934), “Latvju zemneeks Baltkreevijā pirms un pēc Oktobra revolucijas: vēsturiska monografija = Латышскі селянін на Беларусі да і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі” (Мінск, 1935) і інш. Друкаваўся таксама ў латышскіх і беларускіх часопісах і газетах “Celtne” (“Будаўніцтва”, часопіс навукі, мастацтва, літаратуры і крытыкі, на латышскай мове, Масква), “Савецкая краіна” (Мінск), “Калгаснік Беларусі” (Мінск), выступаў з бібліяграфічнымі аглядамі. Быў адказным рэдактарам шэрагу навуковых і публіцыстычных прац. Акрамя навуковай дзейнасці, актыўна займаўся грамадскай працай.

У 1930-х гг. працаваў намеснікам дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі і Бібліяграфічнага інстытута БССР імя У. І. Леніна, у 1937 г. быў прызначаны часова выконваючым абавязкі дырэктара.

У канцы 1937 г. Карл Юр’евіч папаў пад каток палітычных рэпрэсій. Быў асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі (Ухта-Іжэмскі папраўча-працоўны лагер, Комі АССР). Памёр у лютым 1941 г. ад крупознага запалення лёгкіх. Рэабілітаваны 24 чэрвеня 1957 г.

Shiklter_3.jpg

Карл Юр’евіч Шкільтэр (1891–1941). Фота з асабовай справы, г. Мінск. 2-я палова 1930-х гг.

Па сённяшні дзень многае з яго біяграфіі застаецца невядомым, кароткія звесткі пра яго прадстаўлены толькі ў асобных даведачна-энцыклапедычных выданнях і біяграфічных слоўніках. Дзейнасць К.Ю. Шкільтэра ў кантэксце вывучэння латышскага насельніцтва Беларусі даследуюць гісторыкі М.Г. Каралёў і Д.А. Крэнт. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца шэраг друкаваных прац К.Ю. Шкільтэра, пра якія можна даведацца праз электронны каталог. Найбольш поўную інфармацыю пра латышскамоўную спадчыну вучонага прадастаўляе электронны каталог Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі. Кароткія фактаграфічныя звесткі змешчаны ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях” і ў Нацыянальнай базе даных аўтарытэтных / нарматыўных запісаў.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Віншуем з 85-гадовым юбілеем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ніну Міхайлаўну Гардзеенка

1 Жні 2021

Ніне Міхайлаўне ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – самыя шчырыя віншаванні і пажаданні даўгалецця, невычэрпнай энергіі і сіл, шчасця і дабрабыту, любові і ўвагі родных і блізкіх людзей.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

30 Ліп 2021

Мы так часта ўжываем слова “культура”, што іншым разам не задумваемся над глыбінным сэнсам паняцця. І дарэмна. Напэўна, у гэтым прычына не надта вялікай чысціні нашых ліфтаў і душ. А таксама – не вельмі добрага ведання роднай гісторыі ды імя продка ў пятым калене. А сапраўды, што за паняцце такое – культура?

Навіны бібліятэк

Выставачна-асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага

27 Ліп 2021

27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося пленарнае пасяджэнне выставачна-асветніцкага мерапрыемства, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага, і адкрыццё фотавыставы “Пецярбург Дастаеўскага”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мой чытацкі спіс: навошта ім дзяліцца і ў чым наогул сэнс

28 Ліп 2021

У эпоху Інтэрнэту ўсё наша жыццё навідавоку. Фотаздымкі з паездак, душэўныя пасты ў сацсетках, нататкі пра хобі і любімыя фільмы хутка становяцца здабыткам грамадскасці – і нават чытанне. Што прымушае нас весці свае чытацкія дзённікі? Пахвальба, жаданне самасцвердзіцца ці проста прага да самавыяўлення? Давайце разбірацца – у спісах, кнігах і саміх сабе.

Аўтарскі погляд

Бібліятэкарам