ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Сярэдневяковая мініяцюра, злыя зайцы і маргіналіі: што гэта такое і дзе пра гэта чытаць
Аўтару “Флоры Літвы” – 280 гадоў

Заснавальнік фармацэўтычных навук у Беларусі

Заснавальнік фармацэўтычных навук у Беларусі
Іншыя навіны

21 чэрвеня спаўняецца 280 гадоў з дня нараджэння вядомага французскага вучонага-энцыклапедыста, доктара медыцыны, прафесара Жана Эмануэля Жылібера (1741‒1814), які па праве лічыцца заснавальнікам фармацэўтычных навук у Беларусі. Ён стварыў і некалькі гадоў узначальваў першую вышэйшае медыцынскую ўстанову на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Гродзенскую медыцынскую акадэмію.

Жан Эмануэль Жылібер нарадзіўся ў невялікім французскім мястэчку Карэт недалёка ад Ліёна ў беднай сям’і дробных землеўладальнікаў. З ранніх гадоў ён глыбока цікавіўся багаццем і прыгажосцю прыроды. Ужо ў 12 гадоў марыў прысвяціць сябе вывучэнню прыродазнаўства. У 1760 годзе Жан Эмануэль паступіў на медыцынскі факультэт аднаго з найстарэйшых універсітэтаў у Монпелье на поўдні Францыі. Тут у 1763 годзе ён паспяхова абараніў дысертацыю “Аб сутнасці медыцыны”, атрымаў ступень доктара медыцыны. Адпрацаваўшы два гады лекарам у ваколіцах Ліёна, у 1768 годзе стаў прафесарам анатоміі, хірургіі і прыродазнаўства ў Ліёнскім медыцынскім каледжы. У гэты час Жылібер шмат падарожнічаў па Францыі, сустракаўся з вядомымі батанікамі, вывучаў флору, збіраў гербарыі, напісаў шэраг трактатаў, а таксама артыкулы па медыцыне і навуцы для знакамітай “Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў” (1751‒1780). Шырокую вядомасць атрымала праца Жылібера “Лячэбная анархія” (1772), у якой ён адмаўляўся ад састарэлых метадаў лячэння і заклікаў да рашучых змен у падрыхтоўцы ўрачоў.

У 1775 годзе па запрашэнні вядомага палітычнага і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза Жан Эмануэль Жылібер прыехаў у Гродна. Пражыў тут 7 гадоў і за гэты час зрабіў шмат карыснага для горада. Менавіта ім была адкрыта першая вышэйшая медыцынская навучальная ўстанова Беларусі – Медыцынская акадэмія (1775). Акрамя таго, Жылібер прыняў удзел у стварэнні шпіталя і акушэрскай школы, прыўнёс некаторыя новаўвядзенні ў працу аптэкі. У Акадэміі навуковец выкладаў асновы медыцыны, хірургію, ветэрынарыю, мінералогію, заалогію і батаніку, праводзіў практычныя заняткі па фармакалогіі і даследаванні лекавых раслін, арганізоўваў экспедыцыі па наваколлях Гродна, Ліды, Навагрудка, Нясвіжа, падчас якіх збіраў розныя расліны, складаў гербарый, папаўняў заалагічныя і мінералагічныя калекцыі. Сабраны матэрыял стаў асновай для падрыхтоўкі яго 5-томнай працы “Флора Літвы” (1781‒1782).

Tom 1 Flora Litvy.jpg

Адначасова Жылібер актыўна займаўся стварэннем батанічнага саду, які атрымаў ганаровае званне “Каралеўскі”. Па разнастайнасці, рэдкасці і колькасці відаў Гродзенскі батанічны сад не саступаў лепшым еўрапейскім узорам. У 1778 годзе тут расло 2000 відаў айчынных і экзатычных раслін. Больш за 500 пасаджаных мясцовых раслін мелі практычнае прызначэнне: з іх выраблялі розныя лекі для шпіталя і аптэкі, якая працавала пры Акадэміі.

У 1781 годзе Жылібер пакінуў горад на Нёмане і разам са сваімі вучнямі пераехаў у Вільню. Тут вучоны ўзначальваў кафедру натуральнай гісторыі і батанікі на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта, дзе выкладаў батаніку, заалогію, медыцыну і мінералогію. У 1783 годзе Жылібер вярнуўся ў Ліён. Быў прафесарам прыродазнаўства ў Інстытуце навук і прыкладнога мастацтва, узначаліў таварыства лекараў і здароўя, заснаваў Ліёнскі батанічны сад, некаторы час быў мэрам горада, удзельнічаў у рэвалюцыі 1789–1794 гадоў. Пасля паражэння рэвалюцыі адышоў ад палітычнай дзейнасці, заняўся выключна навукай. Яго імем названа адна з раслін – жыліберца.

У гісторыі беларускай навукі і медыцыны дзейнасць Жана Эмануэля Жылібера пакінула значны след. Медыцынская акадэмія, створаная і ўзнятая навукоўцам на міжнародны ўзровень, стала першай у Рэчы Паспалітай навучальнай установай, якая рыхтавала ўрачоў. Фларыстычныя даследаванні Жылібера, яго навуковыя працы і гербарый з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі ведаў аб раслінным свеце Беларусі 200-гадовай даўнасці.

Імя Жана Эмануэля Жылібера, які зрабіў неацэнны ўклад у гісторыю і развіццё беларускай навукі, носіць гарадскі парк у Гродне, пры ўваходзе ў які ўзведзены помнік французскаму навукоўцу (скульптар Уладзімір Панцялееў).

Zylibier-2.jpg

Інфармацыя аб жыцці і дзейнасці Жана Эмануэля Жылібера прадстаўлена ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, інфармацыйным рэсурсе Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага “Легенды Гродзеншчыны: галерэя знакамітых асоб”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Віншуем з 85-гадовым юбілеем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ніну Міхайлаўну Гардзеенка

1 Жні 2021

Ніне Міхайлаўне ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – самыя шчырыя віншаванні і пажаданні даўгалецця, невычэрпнай энергіі і сіл, шчасця і дабрабыту, любові і ўвагі родных і блізкіх людзей.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

30 Ліп 2021

Мы так часта ўжываем слова “культура”, што іншым разам не задумваемся над глыбінным сэнсам паняцця. І дарэмна. Напэўна, у гэтым прычына не надта вялікай чысціні нашых ліфтаў і душ. А таксама – не вельмі добрага ведання роднай гісторыі ды імя продка ў пятым калене. А сапраўды, што за паняцце такое – культура?

Навіны бібліятэк

Выставачна-асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага

27 Ліп 2021

27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося пленарнае пасяджэнне выставачна-асветніцкага мерапрыемства, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага, і адкрыццё фотавыставы “Пецярбург Дастаеўскага”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мой чытацкі спіс: навошта ім дзяліцца і ў чым наогул сэнс

28 Ліп 2021

У эпоху Інтэрнэту ўсё наша жыццё навідавоку. Фотаздымкі з паездак, душэўныя пасты ў сацсетках, нататкі пра хобі і любімыя фільмы хутка становяцца здабыткам грамадскасці – і нават чытанне. Што прымушае нас весці свае чытацкія дзённікі? Пахвальба, жаданне самасцвердзіцца ці проста прага да самавыяўлення? Давайце разбірацца – у спісах, кнігах і саміх сабе.

Аўтарскі погляд

Бібліятэкарам