ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Руплівы даследчык гродзенскай даўніны
#BelBookChallenge прапануе: кнігі, намінаваныя на літаратурную прэмію

19 снежня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Фаіны Іосіфаўны Мільчынай, высокакваліфікаванага спецыяліста з пляяды супрацоўнікаў, якія стаялі ля вытокаў фарміравання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

19 снежня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Фаіны Іосіфаўны Мільчынай, высокакваліфікаванага спецыяліста з пляяды супрацоўнікаў, якія стаялі ля вытокаў фарміравання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Іншыя навіны

Нарадзілася Фаіна Іосіфаўна ў 1905 годзе ў мястэчку Івянец Мінскай губерні Мінскага павета (цяпер – г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці) у сям’і служачага.

У 1912 г. сям’я пераехала ў г. Мінск, дзе праз 9 гадоў 16-гадовая Фаіна скончыла сярэднюю школу і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт. Пасля заканчэння ВНУ ў 1925 г. яна на працягу пяці гадоў выкладала грамадазнаўства і геаграфію ў сямігадовай школе г.п. Парычы Бабруйскай вобласці і ў г. Полацку. Як пазней успамінала сама Фаіна Іосіфаўна, працаваць у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) – гэта была яе “idée fixe”. Ажыццявіць гэтае жаданне ёй удалося ў 1930 г., калі яна была прынята ў бібліятэку на пасаду бібліёграфа.

Да 1932 г. Ф.І. Мільчына працавала ў розных падраздзяленнях бібліятэкі. Як успамінала яна сама: “Пачала я працу ў бібліятэцы з разбору замежных часопісаў у В.М. Беларэцкай. Памятаю, яны раскладваліся на падлозе ў вялікай зале другога бібліятэчнага будынка (на рагу вул. Чырвонаармейскай і цяперашняга праспекта Леніна) доўгімі радамі, падбіраліся па алфавіце, гадах, нумарах і г.д. ... Потым я ў гэтым жа будынку працавала ў чытальнай зале тэхнікі на другім паверсе ... у чытальнай зале я нядоўга прапрацавала. Здаецца, у канцы 1931 г. я ўжо працавала ў аддзеле камплектавання...”.

У 1932 г. быў адкрыты галоўны корпус бібліятэкі па вуліцы Чырвонаармейскай, 9. У новым будынку Ф.І. Мільчына працягнула працаваць у аддзеле камплектавання. Фаіна Іосіфаўна пастаянна імкнулася да новых ведаў. Паспяхова спалучаючы адказную працу па арганізацыі міжнароднага дакументаабмену з вывучэннем замежных моў, яна ў 1937 г. атрымала лінгвістычную адукацыю, скончыўшы факультэт замежных моў (нямецкае аддзяленне) Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка).

Ф. І. Мільчына працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна да 1939 г. Далей аж да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна займала пасаду загадчыцы гістарычнага кабінета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На долю маладой дзяўчыны выпалі нялёгкія выпрабаванні ваеннага ліхалецця. Але нягледзячы ні на што, будучы ў эвакуацыі ў г. Алма-Ата (Рэспубліка Казахстан), Ф.І. Мільчына працягвала працаваць. Яна выконвала абавязкі бібліёграфа рускай рэдакцыйна-выдавецкай групы ў Цэнтральнай Дзяржаўнай Кніжнай Палаце Казахскай ССР, пазней – старшага інспектара па навуковых бібліятэках Упраўлення бібліятэк у апараце Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў пры Савеце Міністраў Казахскай ССР.

У 1946 г. Фаіна Іосіфаўна была ўзнагароджана медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”.

У гэтым жа годзе Ф.І. Мільчына пераехала ў г. Чарнаўцы (Украіна), дзе кіравала аддзелам абслугоўвання ў бібліятэцы Чарнавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (цяпер – Чарнавіцкі нацыянальны ўніверсітэт імя Юрыя Федзьковіча).

Вярнуўшыся ў канцы 1947 г. у г. Мінск, Фаіна Іосіфаўна непрацяглы час працавала загадчыцай чытальнай залы ў бібліятэцы ЦК КП(Б)б, і ўжо з мая 1948 г. аднавіла сваю прафесійную дзейнасць у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна.

Milchyna-2.jpg

Аб гэтым перыядзе свайго жыцця Ф.І. Мільчына ўзгадвала: “...Вярнуўшыся ў 1947 г. у Мінск, я хацела працаваць толькі па бібліяграфіі. Аднак абставіны вымусілі мяне два з паловай гады прапрацаваць у метадычным аддзеле бібліятэкі, у 1950 г. я перайшла на бібліяграфічную працу, з якой я не расставалася да сыходу на пенсію ў 1969 г.”.

Увесь свой прафесійны вопыт і назапашаныя веды Фаіна Іосіфаўна адлюстроўвала ў шматлікіх публікацыях, вяла плённую навуковую працу, выступала з лекцыямі і дакладамі, як унутры краіны, так і за яе межамі. Ф.І. Мільчына з’яўляецца складальнікам рэкамендацыйных бібліяграфічных дапаможнікаў і аналітычных аглядаў дзейнасці бібліятэк: “Использование библиографии и пропаганда библиографических знаний в библиотеках БССР”, “Рух за камуністычную працу ў Беларусі”, “Гісторыя Камуністычнай партыі Беларусі”, “Обзор библиографической деятельности областных библиотек”.

Milchyna-3.jpg

Як найбольш дасведчаны, высокакваліфікаваны і адказны супрацоўнік Фаіна Іосіфаўна ў 1965 годзе была ўключана ў склад спецыяльнай турыстычнай групы для паездкі ў Венгрыю.

Акрамя прафесійнай дзейнасці яна прымала актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці калектыву: неаднаразова абіралася ў склад Мясцовага камітэта бібліятэкі, вяла агітацыйную працу сярод насельніцтва, была прафаргам аддзела.

Milchyna-4.jpg

Прафесіяналізм і творчыя заслугі Ф.І. Мільчынай былі неаднаразова адзначаны кіраўніцтвам бібліятэкі і дзяржавы: яна ўзнагароджана значком Міністэрства культуры СССР “За выдатную працу”, Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры БССР і БРК прафсаюза працаўнікоў культуры і Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза працаўнікоў культуры.

Фаіна Іосіфаўна ў 1969 г. сышла на заслужаны адпачынак, прысвяціўшы Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна каля 30 гадоў свайго жыцця.

На жаль, дакументы, якія захаваліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, не дазваляюць вызначыць далейшы лёс гэтай цудоўнай жанчыны. Мы працягваем пошукавую працу і будзем удзячны за дапамогу ўсім, хто ведаў Фаіну Іосіфаўну і валодае якой-небудзь інфармацыяй пра яе.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам