ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Імпрэза “Чyжыx дyмaк нe пepaкaзвaў, cвae мeў” у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры
Кнігі ў дар школе № 38 і яслям-саду № 92

Бібліятэкар Ульяна Сідаровіч: “Мая праца на працэнтаў семдзесят складаецца з творчасці”

Бібліятэкар Ульяна Сідаровіч: “Мая праца на працэнтаў семдзесят складаецца з творчасці”
Іншыя навіны

Калі заходзіш у залу міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента, увагу адразу прыцягваюць стэлажы з кніжнай экспазіцыяй. Рыхтуе і афармляе тэматычныя выстаўкі бібліятэкар Ульяна Сідаровіч. Сёлета па выніках конкурсу прафесійнага майстэрства яна атрымала дыплом у намінацыі “Лепшы па прафесіі”. У інтэрв'ю Ульяна распавяла пра творчасць у сваёй працы і пра тое, як любоў да чытання дапамагае ёй папулярызоўваць Нацыянальную бібліятэку ў медыя.

Пра рабочую шматзадачнасць

Прыйшла ў Нацыянальную бібліятэку я не выпадкова: у пошуках працы прыгадала, што ў дзяцінстве мне падабаліся дзве прафесіі – настаўнік і бібліятэкар. Я любіла чытаць, у дзяцінстве магла правесці ўсё лета ў бібліятэцы, таму вырашыла: калі ісці працаваць у бібліятэку – дык у Нацыянальную. Мая першая, педагагічная, адукацыя дапамагла атрымаць гэтую працу. І ўжо калі стала супрацоўніцай Нацыянальнай бібліятэкі, я скончыла ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці “бібліятэчная справа”.

uliana_3.jpg

Я працую і ў сацыяльных сетках: у групе Нацыянальнай бібліятэкі “ВКонтакте” вяду некалькі рубрык (у тым ліку, аб знакамітых экранізацыях кніг), рэкламую паслугі нашага аддзела, выстаўкі, якія я раблю. Летась у Міжнародны дзень дарэння кніг мы аднавілі ў бібліятэцы буккросінг, і гэта я дадаткова асвятляю ў сацсетках. Людзі і бяруць, і прыносяць кнігі, часам нават месца не хапае на паліцы выкласці ўсё. Яшчэ я перыядычна выконваю ролю дзяжурнага па чаце сайта бібліятэкі.

uliana_4.jpg

Пра творчасць у працы бібліятэкара

У канцы года складаецца план выставак на наступны. Праца з экспазіцыяй пачынаецца загадзя, тыдні тры я падбіраю літаратуру, каб раскрыць тэму, шукаю неабходныя аксэсуары, каб дапоўніць яе. Нешта знаходжу дома, нешта ў бацькоў і сяброў. Часта звяртаюся за дапамогай да калег са свайго і іншых аддзелаў бібліятэкі, каб яны прыносілі тыя ці іншыя рэчы, якія дапамогуць “раскрыць” кніжную выстаўку. Гэта могуць быць фатаграфіі, вырабы, створаныя ўласнымі рукамі, часткі ўласных калекцый, сувеніры.

ul_vyst_3.jpg

Ужо зараз я складаю графік на 2020 год: адсочваю юбілейныя даты пісьменнікаў, пэўныя падзеі і падбіраю найбольш цікавыя і разнастайныя тэмы. Сёлета ўжо зрабіла каля дзесяці выставак. Да Сусветнага дня абароны жывёл у кастрычніку мы падрыхтавалі кніжную экспазіцыю “Нашы чацвераногія сябры”, у яе аздабленні ёсць і мае фатаграфіі з катамі.

uliana_2.jpg

Мая праца на працэнтаў семдзесят складаецца з творчасці. Гэта і падрыхтоўка выставак, і вядзенне сацыяльных сетак.

Самае прыемнае ў працы бібліятэкара – дапамагчы карыстальніку. Падабаецца, калі чытач прыходзіць вярнуць кнігу і кажа “дзякуй”, таму што яму спадабалася. У гутарцы з ім ты распытваеш пра яго перавагі, дапамагаеш, і ён сыходзіць задаволены. Плюс, расказваем пра розныя паслугі бібліятэкі, разам разбіраемся, што менавіта трэба карыстальніку, накіроўваем, таму што пра нейкія магчымасці бібліятэкі ён наогул не ведае.

ul_vyst_4.jpg

Пра развіццё бібліятэк

Бібліятэкі цяпер выступаюць як сацыякультурныя цэнтры. Многае даступна ў інтэрнэце, але не ўсё. Асабліва бібліятэкі неабходныя тым, хто піша навуковыя працы, – дзеля надзейных крыніц, у тым ліку. Тут можна папрасіць дапамогі ў афармленні спіса літаратуры, падборы літаратуры па тэме, працы з дакументамі з фондаў і да т.п. Падчас Бібліяночы наведвальнікі дзівяцца, адкрываючы для сябе розныя магчымасці Нацыянальнай бібліятэкі. Трэба працягваць развівацца, каб розныя мерапрыемствы, напрыклад, віктарыны і інтэлектуальныя гульні, праходзілі не ў кафэ горада, а ў месцы, якое называюць сховішчам ведаў.

Я думаю, усё, што публікуецца на старонках Нацыянальнай бібліятэкі ў сацыяльных сетках, – вельмі цікава. Пра тайны кнігасховішча, пра рэстаўрацыю кніг і іншае – тое, што чытачы не бачаць і не ведаюць. Такія публікацыі прыцягваюць найбольшую ўвагу.

uliana_7.jpg

Пра чытанне, якое больш, чым хобі

Любоў да чытання ў мяне ад бацькоў. Часта ў дзяцінстве праводзіла вечары за кнігамі, вельмі любіла “Денискины рассказы”. Потым з'явілася кніжная серыя пра Гары Потэра, мы чыталі яе ўсім класам, перадавалі адзін аднаму як мага хутчэй. Да бабулі на лета заўжды везла сумку з літаратурай па школьнай праграме. У маёй хатняй бібліятэцы ёсць кнігі, якія пераехалі яшчэ ад бацькоў, нешта купляю сама, нешта дораць, ведаючы мае інтарэсы. Мае бацькі сочаць за літаратурнымі навінкамі і ў выбары кніг часта раюцца са мной.

Я вяду ў на старонках бібліятэкі ў сацсетках рубрыку пра экранізацыі кніг, вольны час прысвячаю чытанню і прагляду фільмаў, каб даць добрую анатацыю, зацікавіць нашых падпісчыкаў. Маё хобі і работа аб’ядналіся ў адно цэлае. Гэта дазваляе любіць яе яшчэ больш.

uliana_1.jpg

Я ніколі не задумвалася над пытаннем, што лепш – кніга або фільм. Гэта розныя рэчы, і я стараюся не параўноўваць. У свой час мне вельмі спадабалася экранізацыя “Партрэта Дарыяна Грэя” (кінастужка 2009 года). Выклікалі захапленне і фільмы пра Гары Потэра, цікава акунуцца ў гэты свет ужо на экране. З дэтэктываў лічу добрым “Багровые реки” паводле рамана Жана-Крыстафера Гранжа. У рэжысёра атрымалася перадаць атмасферу гісторыі.

Я вельмі люблю дэтэктывы як жанр літаратуры і кіно. З любімых аўтараў – Пітэр Джэймс, Жан-Крыстафер Гранж і Стыг Ларсан.

Гутарыла Яна Паляшчук.

Сідаровіч Ульяна Чаславаўна нарадзілася 22 мая 1990 года ў г. Наваполацку Віцебскай вобласці.
У 2014 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт па спецыяльнасці “замежная мова (англійская мова)”, у 2018 годзе – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”.
З 2015 года працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, на дадзены момант – вядучы бібліятэкар аддзела міжбібліятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Памiж iмпрэзай i шапiкам

22 Лют 2020

21 лютага мы адсвяткавалі Дзень роднай мовы. Некалi Вальтэр сказаў: “Усе найгалоўныя замежныя мовы можна вывучыць за шэсць гадоў, але для вывучэння сваёй недастаткова i цэлага жыцця”.

Навіны бібліятэк

Сустрэча з адвакатам аб захаванні інтарэсаў непаўналетніх пры разводзе і падзеле маёмасці

21 Лют 2020

20 лютага 2020 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў у рамках мерапрыемстваў па інфармацыйна-прававой асвеце грамадзян была арганізавана і праведзена штомесячная тэматычная сустрэча з адвакатам “Непаўналетнія: захоўваем інтарэсы пры разводзе і падзеле маёмасці”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 лютага 1945 года. 77 дзён да Перамогі

22 Лют 2020

Налёты савецкай авіяцыі на гарады Германіі. Становішча ў Берліне. Падрыхтоўка да святкавання Дня Чырвонай арміі. Газета “Ленінская праўда” (Дзяржынскі раён) (№ 13).

Праект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”

Пра дзень роднай мовы ў бібліятэцы даведаліся гледачы праграмы “Добрай раніцы, Беларусь!”

21 Лют 2020

У эфіры тэлеканала “Беларусь 1” намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Далгаполава расказала пра тое, што падрыхтавалі супрацоўнікі “алмаза ведаў” да Міжнароднага дня роднай мовы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

УДК на беларускай мове для арганізацыі краязнаўчых фондаў

21 Лют 2020

20 лютага ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбыўся практыкум “Ужыванне Універсальнай дзесятковай класіфікацыі на беларускай мове для арганізацыі краязнаўчага фонду публічнай бібліятэкі і яго адлюстравання ў электронным каталогу”, падрыхтаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пра прафесію бібліятэкара – у эфіры тэлеканала "Беларусь 1"

20 Лют 2020

Фізічныя нагрузкі і праца з лічбамі – такое апісанне не вельмі падобна на будні бібліятэкара. Аднак Ульяна Копцік, бібліятэкар 1-й катэгорыі аддзела захоўвання спецыялізаваных фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, разбурыла стэрэатыпы пра ўласную прафесію.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

111