Вера Іванаўна нарадзілася 21 жніўня 1921 г. у г. Бежацку Калінінскай вобласці ў сям’і рабочага.
У 1929 г. 8-гадовая Вера пайшла ў першы клас пачатковай школы г. Ленінграда (цяпер – Санкт-Пецярбург). Пазней разам з бацькамі вярнулася ў родны горад, дзе ў 1939 г. скончыла сярэднюю школу і адразу паступіла ў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Вучобу яна сумяшчала з працай: з верасня 1940 па жнівень 1941 г. выконвала абавязкі картатэтчыцы ў “Ленгардаведцы” (Ленінградская гарадская даведачна-інфармацыйная кантора).
Аднак пачатак Вялікай Айчыннай вайны ўнёс свае карэктывы ў жыццё дзяўчыны – яна паспела скончыць толькі два курсы ўніверсітэта. Са жніўня па красавік 1942 г. Вера Іванаўна працавала на вытворчасці, тым самым уносячы свой пасільны ўклад у набліжэнне агульнай перамогі.
У 1942 г. В.І. Партнова паступіла ў Маскоўскі інстытут усходазнаўства на спецыяльнасць “кітайская мова”. Скончыўшы яго, атрымала кваліфікацыю рэферэнта-перакладчыка па Кітаю. Акрамя кітайскай мовы, добра валодала і англійскай.
З 1949 па 1951 г. працавала ў выдавецтве літаратуры на замежных мовах у якасці памочніка загадчыка рэдакцыяй. У пачатку 1951 г. пераехала па месцу службы мужа ў Мінск і з 20 лютага была прынята на пасаду бібліятэкара аддзела замежнай перыёдыкі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Вера Іванаўна адразу ж паступіла на завочнае аддзяленне Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) на спецыяльнасць “бібліятэказнаўства”, які паспяхова скончыла ў 1956 г.
Праз два гады працы ў бібліятэцы была пераведзена на пасаду старэйшага бібліятэкара, яшчэ праз два гады – узначаліла сектар замежнай літаратуры.
Вера Іванаўна – крайняя справа
З ліпеня 1961 г. узначаліла сектар чытальных залаў навуковых работнікаў, створаных для ўдасканалення абслугоўвання дзеячаў навукі. Вера Іванаўна кваліфікавана абслугоўвала чытачоў, добразычліва і з павагай ставілася да кожнага, імкнулася задаволіць усе навуковыя інтарэсы наведвальнікаў.
В.І. Партнова заўсёды ўносіла слушныя прапановы наконт павышэння эфектыўнасці працы свайго сектара, укараняла новыя, перспектыўныя напрамкі дзейнасці.
Вера Іванаўна ў першым шэрагу
Прымала актыўны ўдзел у навукова-даследчай і метадычнай працы. Назапашанымі ведамі яна шчодра дзялілася з калегамі з рэгіёнаў, выступаючы з дакладамі на семінарах і канферэнцыях, выязджаючы ў шматлікія камандзіроўкі.
В.І. Партнова карысталася заслужаным аўтарытэтам у калектыве і сярод чытачоў. Яе плённая праца была адзначана шэрагам узнагарод, сярод якіх: значок выдатніка Міністэрства культуры СССР, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР і Міністэрства культуры БССР, юбілейны медаль “За доблесную працу” і інш.
Вера Іванаўна вяла актыўнае грамадскае жыццё: неаднаразова абіралася членам мясцовага камітэта прафсаюзаў і дэпутатам Ленінскага Савета дэпутатаў працоўных г. Мінска, шмат гадоў была скарбнікам мясцовага камітэта.
Вера Іванаўна трэцяя справа ў першым шэрагу
14 студзеня 1983 г. яна выйшла на заслужаны адпачынак, прысвяціўшы бібліятэцы 32 гады свайго жыцця.
Калегі з любоўю і павагай успамінаюць яе: “Партнова – незвычайная разумніца”, – адзначаў Ігар Валянцінавіч Жолудзеў; “Мне пашанцавала, бо ў гэтым сектары (сектар замежнай літаратуры) працаваў цудоўны чалавек – Вера Іванаўна Партнова. Яна была мне настаўнікам ва ўсім: у працы і ва ўсіх жыццёвых пытаннях. Нават бліжэй за маці”, – успамінала Людміла Фёдараўна Шацько.
Далейшы лёс Веры Іванаўны, на жаль, невядомы. Мы працягваем пошукавую працу і будзем удзячны ўсім, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй і дапаможа дапоўніць матэрыял.
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.
Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.