ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Сусветны акіян: вывучэнне, асваенне, ахова і абарона
Фея, якая дорыць казку

Да 110-годдзя з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рэвекі Ісаакаўны Штыльман

Да 110-годдзя з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рэвекі Ісаакаўны Штыльман
Іншыя навіны

Рэвека Ісаакаўна адносіцца да ліку людзей, якія, выразна вызначыўшы ў пачатку жыцця сваю прафесійную сцежку, ідуць па ёй не збочваючы, цалкам прысвячаючы сябе любімай справе.

Нарадзілася Р.І. Штыльман 15 лютага 1911 года ў Полацку ў сям’і служачага. У 1925 годзе яна скончыла сямігадовую школу, яшчэ праз год – агульнаадукацыйныя курсы.

Рэвека пачала свой прафесійны шлях вельмі рана – у шаснаццаць гадоў. Але дзе б яна ні працавала, яе дзейнасць заўсёды была звязана з бібліятэкай і інфармацыяй. Да прыходу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі) Рэвека Ісаакаўна кіравала бібліятэкай клуба УЛКСМ г. Полацка, загадвала бібліятэкай Ушацкага Народнага дома, партыйнага кабінета Лоеўскага РК КП(б)Б.

У 1933 годзе, як выйшла замуж, Рэвека Ісаакаўна пераехала ў Мінск і была прынята на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна на пасаду бібліятэкара чытальнай залы. Праз сем гадоў узначаліла аддзел абанемента бібліятэкі. На гэтай пасадзе яна прапрацавала да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны, першыя дні якой заспелі Р.І. Штыльман на экзаменацыйнай сесіі ў бібліятэчным тэхнікуме ў Маскве, дзе яна вучылася на завочным аддзяленні. Ваенны час вымусіў Рэвеку Ісаакаўну эвакуявацца, пакінуўшы родны горад і любімую працу.

З кастрычніка 1941 года яна выконвала абавязкі інфарматара на станцыі Масква-Павялецкая, з лютага 1942 года працавала бібліятэкарам, пазней – інструктарам партыйнага кабінета Турынскага РК ВКП (б) Свярдлоўскай вобласці.

Па заканчэнні вайны Р.І. Штыльман была ўзнагароджана медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” і граматай бюро Турынскага РК ВКП(б) “За самаадданую працу ў дні Вялікай Айчыннай вайны”.

У лістападзе 1945 года Рэвека Ісаакаўна разам з дачкой пераехала да месца службы мужа ў пасёлак Вілга Карэла-Фінскай ССР. Адразу пасля яго дэмабілізацыі ў ліпені 1946 года сям’я вярнулася ў Мінск, дзе аднавілася прафесійная дзейнасць Р.І. Штыльман на пасадзе загадчыка аддзела абанемента навуковай кнігі і міжбібліятэчнага абанемента ў Дзяржаўнай бібліятэцы імя У.І. Леніна.

Shtylman-2.jpg

Надаючы вялікую ўвагу сваёй прафесійнай адукацыі, у 1952 годзе Рэвека Ісаакаўна скончыла завочнае аддзяленне Ленінградскага бібліятэчнага інстытута імя Н.К. Крупскай па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства”.

Дакументы з асабістай справы Р.І. Штыльман сведчаць аб тым, што сучаснікі характарызавалі яе як выдатнага кіраўніка і цудоўнага спецыяліста сваёй справы, які паспявае, акрамя выканання службовых абавязкаў, прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву бібліятэкі. Рэвека Ісаакаўна не раз абіралася старшынёй мясцкама, была намеснікам сакратара і сакратаром партыйнай арганізацыі.

Shtylman-3.jpg

За высокі прафесіяналізм Р.І. Штыльман неаднаразова аб’яўляліся падзякі ад кіраўніцтва бібліятэкі. Яе працоўная дзейнасць была адзначана мноствам узнагарод: нагрудным значком “За выдатную працу” Міністэрства культуры СССР, Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры, Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры.

Shtylman-4.jpg

Сярод калег Рэвека Ісаакаўна карысталася заслужаным аўтарытэтам і павагай. Аб гэтай выдатнай жанчыне і сёння вельмі цёпла, з любоўю і ўдзячнасцю ўспамінаюць сучаснікі-калегі, называючы яе сваім настаўнікам у прафесійным і чалавечым плане. “Усе, хто яе ведаў асабіста і меў магчымасць працаваць пад яе кіраўніцтвам – шчаслівыя людзі, паколькі добрая і мудрая Рэвека Ісаакаўна была ім як маці”, – так апісвае калегу Валянціна Аляксандраўна Лявонава.

Shtylman-5.jpg

Агульны працоўны стаж Рэвекі Ісаакаўны склаў 39 гадоў, з якіх 25 яна прысвяціла Дзяржаўнай бібліятэцы імя У.І. Леніна, прапрацаваўшы ў ёй да самага выхаду на пенсію ў 1966 годзе.

Скончыла свой жыццёвы шлях Р.І. Штыльман у канцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам