ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Цікавыя матэрыялы пра Змітрака Бядулю з Крайскай школы
Удзел у семінары па дзіцячым чытанні

Да 125-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага бібліёграфа Адама Антонавіча Сакольчыка

Да 125-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага бібліёграфа Адама Антонавіча Сакольчыка
Іншыя навіны

У гісторыі станаўлення і развіцця Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі шмат асоб, чый прафесійны ўнёсак у развіццё бібліятэчнай галіны складана пераацаніць. Сярод іх Адам Антонавіч Сакольчык – спецыяліст з вялікай літары, таленавіты педагог і вядомы беларускі бібліёграф, чалавек з вельмі няпростым і цікавым лёсам.

Нарадзіўся Адам Антонавіч у 1896 годзе ў вёсцы Вуглы Самахвалавіцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер –Самахвалавіцкі сельскі савет Мінскага раёна Мінскай вобласці) у сям’і сялян.

У 1911 годзе юнак скончыў Самахвалавіцкае двухкласнае народнае вучылішча і паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю па спецыяльнасці “настаўнік пачатковай школы”. Адразу пасля яе заканчэння ў жніўні 1915 года быў датэрмінова прызваны ў Расійскую імператарскую армію, дзе скончыў 2-ю Маскоўскую пяхотную школу прапаршчыкаў і са жніўня 1916 па студзень 1918 года служыў у франтавых часцях, прымаючы актыўны ўдзел у баявых дзеяннях Першай сусветнай вайны.

Пасля дэмабілізацыі А.А. Сакольчык нядоўгі час сумяшчаў загадванне Бяліцкаўшчынскай пачатковай школай Мінскага павета і вучобу ў Мінскім інстытуце народнай адукацыі. Аднак неспакойныя часы таго гістарычнага перыяду дыктавалі свае ўмовы: Адаму Антонавічу давялося кінуць сваю вучобу і выкладчыцкую дзейнасць, паколькі з мая 1919 года ён быў прызваны ў шэрагі Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі і ажно да 1922 года з’яўляўся ўдзельнікам ваенных дзеянняў.

У 1925 годзе ён скончыў сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, атрымаўшы кваліфікацыю “настаўнік геаграфіі і гісторыі сярэдняй школы”. Падчас вучобы ў ВНУ А.А. Сакольчык вёў актыўную выкладчыцкую дзейнасць: працаваў настаўнікам матэматыкі, гісторыі, геаграфіі і фізічнай культуры, стаў першым дырэктарам (загадчыкам) прыходскай гарадской школы № 7 г. Мінска.

З 1924 года на працягу 6 гадоў Адам Антонавіч быў дырэктарам савецкай няпоўнай сярэдняй школы № 32 г. Мінска. Пазней – выкладаў геаграфію на рабочых факультэтах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскага медыцынскага інстытута.

У гэты перыяд сумесна з М. Лойкам і Т. Езавітам А.А. Сакольчык працаваў над падрыхтоўкай падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па фізічнай геаграфіі для сістэмы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. У выніку былі выдадзены падручнікі “Фізічная геаграфія” (сумесна з М. Лойкам), “Геаграфія” (у трох выпусках, сумесна з М. Лойкам і Т. Езавітам).

2_Sakolchik.jpg

У перыяд з 1933 па 1941 год выкладаў геаграфію ў Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школе Беларусіі імя У.І. Леніна, у 9-й Мінскай вячэрняй школе.

У 1940 годзе лёс прывёў А.А. Сакольчыка ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі), дзе ён працаваў па сумяшчальніцтве бібліёграфам.

3_Sakolchik.jpg

Пра імкненне Адама Антонавіча да новых ведаў сведчыць той факт, што ў 1938 годзе ён зноў паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, але ўжо на завочнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. Аднак пачатак Вялікай Айчыннай вайны не дазволіў яму скончыць вучобу: у ліпені 1941года А.А. Сакольчык зноў быў прызваны ў Рабоча-сялянскую Чырвоную армію. Ён прайшоў усю вайну, ваяваў на Калінінскім і 2-м Украінскім франтах, прымаў удзел у вызваленні Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі. Дзень Перамогі Адам Антонавіч сустрэў у Чэхаславакіі і да лістапада 1945 года працягваў службу ў Савецкай арміі.

За баявыя заслугі, добрасумленную і выдатную службу А.А. Сакольчык у 1945 годзе ўзнагароджаны медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” і “За баявыя заслугі”, юбілейнымі медалямі “30 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” (красавік 1975 г.) і “60 гадоў Узброеных Сіл СССР” (студзень 1978 г.).

У лістападзе 1945 года Адам Антонавіч быў звольнены ў запас у званні старшага лейтэнанта, вярнуўся ў Мінск і на працягу года працаваў метадыстам Упраўлення працоўных рэзерваў пры Савеце Міністраў БССР.

У лютым 1946 года ён зноў стаў супрацоўнікам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна і да 1948 года загадваў Кніжнай палатай БССР, якая ў той час з’яўлялася адным са структурных падраздзяленняў бібліятэкі.

4_Sakolchik.jpg

У 1948 А.А. Сакольчык быў прызначаны кіраўніком кабінета беларускай літаратуры і бібліяграфіі.

У гэтым жа годзе ён ажаніўся са сваёй калегай – Зояй Уладзіміраўнай Дзьяканавай. Гэты факт з яго жыцця вобразна апісаны ва ўспамінах Ігара Валянцінавіча Жолудзева: “...Далі неяк бібліятэцы пакой. Пакой быў вялікі, і кіраўніцтва вырашыла пасяліць у ёй двух чалавек. Далі гэты пакой Сакольчыку, загадчыку беларускага аддзела, і Дзьяканавай. Сакольчык усё хадзіў у дырэкцыю і прасіў дошкі, каб пакой перагарадзіць. Ну, нязручна жыць у адным пакоі двум без перагародкі. А дошак не было. І вось неяк выклікаюць яго ў дырэкцыю і кажуць: «Ёсць дошкі!» На што Сакольчык адказвае: «Так ужо не трэба», і нарадзілася потым у Сакольчыка і Дзьяканавай дзяўчынка Наташа. Такі вось быў бібліятэчны раман з добрым канцом…”.

З 1961 года па ўласнай ініцыятыве Адам Антонавіч быў пераведзены з кіруючага паста на пасаду галоўнага бібліёграфа, на якой працаваў да самага выхаду на заслужаны адпачынак.

А.А. Сакольчык – складальнік шматлікіх бібліяграфічных паказальнікаў: “Периодическая печать Белоруссии. 1817–1916 гг.”, “Карысныя выкапні Беларускай ССР і іх скарыстанне”, “Русская дореволюционная книга о Белоруссии (1802–1916 гг.)”, “Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм”, “Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии (1768–1917 гг.)” і інш.

5_Sakolchik.jpg

Высокае прафесійнае майстэрства Адама Антонавіча, яго ўклад у развіццё айчыннай бібліятэчнай справы і галіны культуры ў цэлым былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню: Ганаровая грамата Міністэрства культуры БССР (1958), Ганаровая грамата Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры (1962), Ганаровыя граматы Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры (1964, 1972), Ганаровая грамата дырэкцыі, партбюро і мясцовага камітэта Дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (1982).

6_Sakolchik.jpg

У студзені 1965 года, прысвяціўшы бібліятэцы 18 гадоў свайго прафесійнай жыцця і дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, Адам Антонавіч сышоў на пенсію.

Пра гэты момант так успамінаў І.В. Жолудзеў: “… Сакольчык цудоўны чалавек быў. Калі ён сыходзіў на пенсію, а тады, ведаеце, на сцэне быў прэзідыум, там сядзеў Сакольчык, кіраўніцтва бібліятэкі, і ўсе выступоўцы выходзілі і казалі пра тое, які ён добры чалавек і спецыяліст. Настрой ва ўсіх быў невясёлы. І што цікава, усе казалі пра Сакольчыка ў мінулым часе. Той слухаў-слухаў, а потым кажа: «Дык я ж яшчэ жывы!» Такі рогат падняўся! Але пасля гэтай рэплікі ўсе сталі гаварыць пра яго ў цяперашнім часе. Добрай душы быў чалавек…”.

8 студзеня 1983 года Адам Антонавіч Сакольчык скончыў свой жыццёвы шлях.

Даведацца больш пра яго жыццёвы і прафесійны шлях можна, наведаўшы інтэрнэт-рэсурс “Славуты бібліёграф ХХ стагоддзя А.А. Сакольчык: да 120-годдзя з дня нараджэння”, створаны ў 2016 годзе супрацоўнікамі НББ. Ён змяшчае біяграфічную і бібліяграфічную інфармацыю, копіі разнастайных дакументаў і матэрыялаў: асабістыя дакументы, узнагароды, вялікую фотагалерэю і інш.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам