ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
У Дзісне з’явіўся мурал з партрэтам Язэпа Драздовіча
Семінар віртуальнай чытальнай залы НББ: вывучаем алгарытмы пошуку інфармацыі на платформе EBSCOhost

Да 85-годдзя з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Бізуновай Лідзіі Васільеўны

Да 85-годдзя з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Бізуновай Лідзіі Васільеўны
Іншыя навіны

Лідзія Васільеўна нарадзілася 21 красавіка 1936 г. у г. Сватава (Украіна) у сям’і служачых.

Яе ранняе дзяцінства прыйшлося на гады Вялікай Айчыннай вайны, якая закранула сям’ю дзяўчынкі самым жорсткім сваім бокам. Бацька Васіль Пятровіч Віткоўскі загінуў на фронце. Як і многім дзецям вайны, Лідзіі давялося рана пасталець. У 15 гадоў пасля заканчэння сямі класаў яна паступіла ў Харкаўскую фельчарскую школу Паўднёвай чыгункі. А праз тры гады была накіравана ў распараджэнне ўрачэбна-санітарнай службы Паўднёва-Сахалінскай чыгункі, дзе адразу была прызначана на пасаду памочніка санітарнага лекара санэпідстанцыі г. Паранайска.

Сахалін прыўнёс у жыццё дзяўчыны вялікія перамены і падарыў лепшыя моманты: тут яна выйшла замуж, нарадзіла дачку.

З 1958 г. яна пачала працаваць старшай медыцынскай сястрой у вайсковай часці, размешчанай на поўначы вострава Сахалін, у г. Оха. Лідзіі Васільеўне было прысвоена званне малодшага лейтэнанта медыцынскай службы.

Праз год муж Л.В. Бізуновай па службе быў пераведзены ў Мінск. Тут яна вырашыла змяніць род дзейнасці і ў 1960 г. паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) на бібліятэчны факультэт. Скончыўшы вучобу і атрымаўшы дыплом бібліятэкара-бібліёграфа вышэйшай кваліфікацыі, у верасні 1964 г. Лідзія Васільеўна прыйшла на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) на пасаду бібліятэкара навукова-бібліяграфічнага аддзела.

Пра яе жаданне і імкненне прыносіць максімальную карысць на працоўным месцы пісала ў прадстаўленні ў кваліфікацыйную камісію бібліятэкі загадчыца навукова-бібліяграфічнага аддзела Аляксандра Паўлаўна Дземчанкава: “Бізунова Л.В. паказала сябе як дасведчаны, добрасумленны работнік. Лічу ў далейшым немэтазгодным выкарыстанне работніка з вышэйшай спецыяльнай адукацыяй на механічнай працы па падрыхтоўцы да рассылкі камплектаў анатаваных картак. Тав. Бізунова значна большую карысць прынясе на даведачна-бібліяграфічнай працы...”. Просьба была задаволена, і з чэрвеня 1965 г. дзяўчына была пераведзена ў даведачна-бібліяграфічны аддзел.

2_Bizunova.jpg

Праз 5 гадоў пры назначэнні на пасаду старшага бібліёграфа ў атэстацыйным лісце Лідзіі Васільеўны напішуць: “Тав. Бізунова вядзе картатэкі часопісна-газетных артыкулаў па пытанні народнай адукацыі, выступае з гутаркамі па прапагандзе бібліяграфічных ведаў, выконвае бібліяграфічныя даведкі, дзяжурыць ля каталогаў. Аб’ём працы, які выконвае Л.В. Бізунова, адпавядае пасадзе старшага бібліёграфа...”. Менш чым праз паўгода пасля бліскуча пройдзенай атэстацыі яна ўжо ўзначальвала сектар агульных чытальных залаў аддзела абслугоўвання.

Кіраўніцтва бібліятэкі і калегі адзначалі такія рысы Лідзіі Васільеўны, як выканаўчасць і дысцыплінаванасць, патрабавальнасць да сябе і сваіх падначаленых. Шмат увагі яна надавала навучанню маладых кадраў, з’яўляючыся настаўнікам для моладзі сектара.

Л.В. Бізунова ведала і любіла кнігу. Яна шмат чытала, пастаянна пашырала свой кругагляд, цікавячыся навацыямі ў розных галінах ведаў. Імкненне да пастаяннага павышэння свайго прафесійнага ўзроўню дазваляла ёй з лёгкасцю задавальняць самыя складаныя інфармацыйныя запыты чытачоў.

3_Bizunova.jpg

За сваю працоўную дзейнасць Лідзія Васільеўна не раз атрымлівала падзякі ад чытачоў і кіраўніцтва бібліятэкі. Яе імя двойчы заносілася на Дошку гонару Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна, яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і БРК прафсаюза работнікаў культуры.

Ларыса Іванаўна Прадко, кіраўнік Л.В. Бізуновай, адзначала яе ў ліку “сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, якія працавалі і працуюць цяпер у аддзеле абслугоўвання... З іх непасрэдным удзелам ажыццяўляліся ўсе нашы планы, задумкі, вырашаліся праблемы аддзела. Кожны з гэтых супрацоўнікаў індывідуальны ў сваёй творчасці, у сваёй прафесійнай дзейнасці. Аб’ядноўваюць жа ўсіх агульныя мэты, задачы і іх рэалізацыя...”.

Лідзія Васільеўна не толькі кваліфікавана выконвала свае прамыя службовыя абавязкі, але і актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці калектыву. Яна была камандзірам санітарнай дружыны бібліятэкі, неаднаразова абіралася ў прафкам бібліятэкі.

6 верасня 1991 г. Л.В. Бізунова, прысвяціўшы бібліятэцы 27 гадоў свайго прафесійнага жыцця і дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, сышла на заслужаны адпачынак.

На жаль, далейшы лёс Лідзіі Васільеўны нам не вядомы. Не захавалася ні аднаго фота гэтай выдатнай жанчыны. Будзем удзячныя ўсім, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй і фотаматэрыяламі і дапаможа дапоўніць матэрыял.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам