ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Выдавецкія праекты Нацыянальнай бібліятэкі на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы
Музейныя заняткі “Беларускі Напалеон”

Да 85-годдзя з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ніны Сямёнаўны Батура

Да 85-годдзя з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ніны Сямёнаўны Батура
Іншыя навіны

Ніна Сямёнаўна нарадзілася 18 лютага 1936 года ў Свярдлоўску (цяпер – Екацярынбург). Яе бацька быў вайскоўцам, таму сям’я часта мяняла месца жыхарства. Гэта аказала пэўны ўплыў на школьную біяграфію Ніны. Дзяўчынка паступіла ў першы клас у родным горадзе, потым вучылася ў некалькіх школах розных савецкіх рэспублік, у тым ліку ў Беларускай ССР – у вёсцы Расоны Гродзенскай вобласці. Нягледзячы на частую змену навучальных устаноў, скончыла школу з адзнакай. У 1955 годзе юная Ніна паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага на бібліятэчны факультэт. Вышэйшую навучальную ўстанову таксама скончыла з адзнакай і па размеркаванні была накіравана на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Свой прафесійны шлях у бібліятэцы дзяўчына пачала 1 жніўня 1959 года з пасады бібліятэкара. Праз два гады Ніну Сямёнаўну перавялі на пасаду бібліёграфа, а яшчэ праз паўгода – старшага бібліёграфа. За высокі прафесіяналізм, дысцыплінаванасць і працавітасць у 1966 годзе яе прызначылі на пасаду загадчыцы сектара навуковай залы тэхнічных навук аддзела абслугоўвання, дзе яна прапрацавала 24 гады, ажно да самага выхаду на пенсію ў 1990-м.

З успамінаў калег: “Яна была адказным, добрасумленным і вельмі педантычным спецыялістам: у яе ў зале заўсёды быў «армейскі» парадак, нягледзячы на велізарную колькасць наведвальнікаў. Усе кнігі на паліцах абавязкова павінны былі стаяць роўна «пад лінеечку». Кожны запыт наведвальнікаў яна выконвала дакладна, хутка і своечасова. Ніна Сямёнаўна з’яўлялася прыкладам стаўлення да даручанай справы, была добрым і мудрым настаўнікам для маладых спецыялістаў, шчодра дзялілася з імі вопытам. Яна карысталася вялікім аўтарытэтам і павагай у калектыве, умела знайсці падыход да любога чалавека, ці то калега, ці то чытач. Для кожнага знаходзілася добрае слова або карысная парада”.

Ніна Сямёнаўна вельмі адказна ставілася да сваіх прафесійных абавязкаў. Каб яшчэ больш дакладна і якасна задавальняць запыты чытачоў залы тэхнічнай літаратуры, яна скончыла тры двухгадовыя факультэты гарадскога грамадскага тэхнічнага ўніверсітэта пры Інстытуце навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды пры Дзяржплане БССР.

batura_1.jpg

Адказнае стаўленне Ніны Сямёнаўны да працы было адзначана на самым высокім узроўні. Яна не раз узнагароджвалася ганаровымі граматамі Міністэрства культуры БССР, была ўзнагароджана Ганаровай граматай Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна, а таксама медалём “Ветэран працы”.

Акрамя цудоўных прафесійных якасцей і актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці бібліятэкі, калегі Ніны Сямёнаўны адзначалі і яе чалавечыя якасці. З цеплынёй і любоўю яны ўспамінаюць: “Ніна Сямёнаўна – мяккая, душэўная, вельмі інтэлігентная, начытаная, чуйная, эрудзіраваная і вельмі тактоўная жанчына... У яе была вельмі добрая сям’я, вельмі любіла павазіцца ў садзе-агародзе, вельмі любіла гатаваць. Запомнілася нам сваёй фірмовай стравай казахскай кухні «чак-чак», якой нас нярэдка частавала. Ніна Сямёнаўна вельмі шмат чытала, яна была гарачай аматаркай скандынаўскай літаратуры. Яна запомнілася як працавітая калега, справядлівы начальнік і добры чалавек”.

На жаль, не стала Ніны Сямёнаўны вельмі рана, неўзабаве пасля выхаду на пенсію...

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сустрэча з адвакатам аб здачы і арэндзе кватэры

24 Кра 2024

19 красавіка ў рамках акцыі “Бібліяноч-2024” Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў была арганізавана і праведзена бясплатная тэматычная сустрэча з адвакатам “Здаём кватэру ўнаём без парушэння закона: асаблівасці заключэння дагавора найму”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам