ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Творчыя заняткі “Вясёлы снегавік”
Творы Янкі Купалы: юбілейны двухтомнік

Да 90-годдзя з дня нараджэння Касцюк Валянціны Нікадзімаўны

Да 90-годдзя з дня нараджэння Касцюк Валянціны Нікадзімаўны
Іншыя навіны

Валянціна Нікадзімаўна нарадзілася ў 1931 годзе ў вёсцы Сцёпкава Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і сялян.

Дзяцінства Валянціны, як і ўсіх яе аднагодкаў, апалена Вялікай Айчыннай вайной. Шмат гора і выпрабаванняў давялося вынесці дзяўчынцы на сваіх кволых плячах: бацька загінуў на фронце, маці памерла ў першы год вайны, сама дзесяцігадовая Валянціна была эвакуіравана ў расійскі горад Кінешма Іванаўскай вобласці.

Як толькі з’явілася магчымасць, яна вярнулася ў БССР, у 1949 годзе скончыла сем класаў Грозаўскай сярэдняй школы і паступіла ў Ганцавіцкае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча. Вучобу даводзілася сумяшчаць з працай, і ўжо з другога курса дзяўчына працавала старшай піянерважатай у Хатыніцкай сямігадовай школе, стала Камсамольскім арганізатарам у сваім вучылішчы, пазней працавала выхавальнікам у дзіцячым садку і Грэскім дзіцячым доме.

У 1954 годзе Валянціна Нікадзімаўна завяршыла навучанне, атрымаўшы кваліфікацыю настаўніка пачатковай школы. Наступныя дванаццаць гадоў яна прысвяціла сябе педагагічнай дзейнасці. Пачаўшы з пасады выхавальніка інтэрната, зусім хутка ўзначаліла працу дзіцячай дашкольнай установы № 59 г. Мінска. За поспехі ў няпростай і вельмі адказнай справе выхавання падрастаючага пакалення В.Н. Касцюк атрымала мноства падзяк.

У лютым 1967 года лёс прывёў Валянціну Нікадзімаўну ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі), дзе яе працоўная біяграфія пачалася з пасады малодшага бібліятэкара.

Як пазней успамінала сама В.Н. Касцюк, бібліятэка займала вельмі важнае месца ў яе жыцці: “Для мяне бібліятэка – гэта ўсё маё жыццё. Усё, што ў мяне было, было дзякуючы бібліятэцы. Я ў 44 гады скончыла інстытут, і гэта таксама дзякуючы бібліятэцы...”.

У 1975 годзе Валянціна Нікадзімаўна атрымала спецыяльную адукацыю, скончыўшы бібліятэчны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Першапачаткова яе прафесійная дзейнасць у бібліятэцы была звязана з аддзелам кнігазахоўвання. Пачынаючы з 1979 года і на працягу 8 гадоў В.Н. Касцюк узначальвала сектар захоўвання і выдачы газет. З асаблівай цеплынёй і трапятаннем успамінала яна дэталі таго часу: “...На працу хадзіла як на свята. Мне хацелася выглядаць добра, хацелася, каб мая зала была лепшай за іншыя... А мілыя мае чытачы? Колькі сяброў я набыла дзякуючы газетнай зале!”.

За два дзесяцігоддзі працы ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна Валянціна Нікадзімаўна не раз была адзначана падзякамі, заахвочваннямі і ганаровымі граматамі ад кіраўніцтва, узнагароджана медалём “Ветэран працы”.

Выйшла на пенсію В.Н. Касцюк у канцы 1987 года. Прайшоўшы шлях ад малодшага бібліятэкара да загадчыцы чытальнай залы газет, яна пакінула добры след у гісторыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

“Валянціна Нікадзімаўна была добрасумленным, душэўным і светлым чалавекам. Працуючы з ёй плячо ў плячо, заўсёды адчувала яе падтрымку не толькі ў працы, але і ў паўсядзённым жыцці. Яна шчодра адорвала нас сваёй увагай: заўсёды чакала ў госці, ладзіла чаяванні на сваёй любімай дачы... Яна была нам настаўнікам у тым, як беражліва і трапятліва трэба ставіцца да бібліятэчных фондаў...”, – так з цяплом і падзякай успамінае яе Наталля Паўлаўна Алейнікава.

Kasciuk-2.jpg 
Валянціна Нікадзімаўна і Наталля Паўлаўна Алейнікава. 2006 год

На пенсіі ў Валянціны Нікадзімаўны была мара: “Зараз, калі пачула, што новую бібліятэку будуць будаваць, малю Бога аб адным: «Дай мне дажыць і паглядзець бібліятэку». Ды я на каленях папаўзу, каб паглядзець...”.

Сустрэча з калегамі ў “алмазе ведаў” паспяхова адбылася ў кастрычніку 2006 года. Тады, на Дзень работнікаў культуры, у бібліятэку былі запрошаны ўсе, хто на працягу многіх гадоў самааддана працаваў над яе развіццём, сваім прыкладам перадаючы эстафету новаму пакаленню бібліятэчных спецыялістаў, – ветэраны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У 2012 годзе Валянціна Нікадзімаўна Касцюк скончыла свой жыццёвы шлях.

У публікацыі выкарыстаны фота з асабістага архіва Наталлі Паўлаўны Алейнікавай.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам