ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
30 гадоў Беларускаму фонду культуры
Захаваць і памножыць: 30 гадоў Беларускаму фонду культуры

Людка Сільнова: “Я – Чалавек Дужы”

Людка Сільнова: “Я – Чалавек Дужы”
Іншыя навіны

Людміла Данілаўна Сільнова – паэтэса, пісьменніца, галоўны бібліёграф НДА кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – напярэдадні свайго юбілею дала інтэрв’ю для нашага інтэрнэт-партала. У першай частцы публікацыі – разважанні спадарыні Людмілы пра работу бібліятэкара, паэзію і…бібліятэчныя прывіды.

– Людміла Данілаўна, не перабольшаннем будзе сцвярджаць, што ваша жыццё – прынамсі, працоўнае – неразрыўна звязана з Нацыянальнай бібліятэкай. Цікава было б даведацца – чаму такі выбар? То бок, чаму менавіта бібліятэка, а не, напрыклад, рэдакцыя або навучальная ўстанова?

– Мне з самага маленства падабаліся “шуршуны”-газеты і “гармонікі”-кнігі ў кватэры. Я гуляла з імі як з цацкамі, нават спрабавала на смак. Асабліва падабалася цяжкая кніга твораў Максіма Горкага – там была асабліва смачная мелаваная папера. Можна сказаць, што з самых першых гадоў жыцця я была “паглынальніцай кніг” – так іх любіла. У пяць гадоў я ўжо чытала дзіцячыя кнігі з буйным шрыфтам, якія пачалі з’яўляцца ў доме. І таму ў недалёкую ад дома бібліятэку я запісалася раней, чым пайшла ў першы клас школы № 2 горада Маладзечна. Можна назваць бібліятэку – як культурна-адукацыйную, па першапачатковай задуме нашых продкаў, установу – маёй першай школай… і апошнім універсітэтам. Да таго ж, мне заўсёды падабаліся вялікія маштабы: ехаць навучацца будучай прафесіі 1970-х гг. – дык у сталіцу! быць студэнткай – дык у самай галоўнай ВНУ краіны: Белдзяржуніверсітэце! пісаць дыпломную работу – дык пра моцныя жаночыя характары ў п’есах англійскага драматурга Бернарда Шоу! памяняць дзявочае прозвішча – дык на годнае “Сільнова”! і г. д.

А прыйшоў час, калі я зразумела, што быць настаўніцай і выхавацелем – гэта не маё, дык села, задумалася: “Што я люблю ў гэтым свеце больш за ўсё?” – і пачула ціхі, як шоргат ластаўчыных крылаў, адказ: “Кнігі!”… І зразумела, што бібліятэчная цішыня – вось гэта маё, а самая вялікая бібліятэка ў Мінску – гэта Нацыянальная (тады яна называлася Дзяржаўная), і яна зноў, як у дзяцінстве калісьці меншая, недалёка ад майго новага дому. Усяго паўгадзіны хады, часткова праз парк імя… Максіма Горкага. Кола супадзенняў неяк замкнулася. “Гэта лёс!” – вырашыла я… І пайшла працаваць, спачатку туды, дзе амаль заўсёды была свабодная вакансія праз хранічную “цякучку кадраў”, а менавіта – “на перадавую”, у агульную залу. Потым працавала ў іншых аддзелах: напрыклад, у аддзеле беларускай літаратуры, у канцы 1980–1990-х гг. Я сама папрасіла начальства пра гэты перавод, бо ў краіне пачалася беларусізацыя, і вельмі да душы яна мне прыйшлася (я і вершы тады па-беларуску пачала пісаць – як на таемнай мове тутэйшага народу, і шмат эксперыментаваць з імі, запісалася – “запісала сябе”, а не прымуць, дык што ж! – у літаб’яднанне “Тутэйшыя”)…

Неяк пасля і ў рэдакцыю аднаго перыядычнага выдання мяне спрабавалі пераманіць, але я зразумела, што маленькія пракураныя пакойчыкі з шумнымі наведвальнікамі: дзівакамі і ўжо спраўджанымі літаратурнымі геніямі, – таксама не маё, як і школа. Мне падабаецца сама кніга як феномен (а таксама часопіс, газета), але не працэс яе падрыхтоўкі да друку. Як казаў адзін дасціпны гурман: “Я люблю каўбасу, але глядзець, з чаго і як яе робяць катэгарычна адмаўляюся” (прыблізна). Хоць у апошнія дзесяцігоддзі, у сталым узросце, ведаць, як робіцца кніга мне стала надзвычай цікава. Асабліва сёння, калі ў нас з’явіліся электронныя выданні, інтэрнэт з электроннай поштай, сканеры, краўнфандынг і многае іншае.

Яўгненія Галіеўская, загадчыца сектара абслугоўвання спецыялізаванымі калекцыямі аддзела абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі: Практычна ўсё працоўнае жыццё Людмілы звязана з бібліятэкай і, на мой погляд, гэта выбар невыпадковы. Творчая асоба, кніга і бібліятэка знаходзяцца ў гарманічнай узаемасувязі, утвараюць адзінае цэлае. Бібліятэка – гэта асяродак, спрыяльная глеба для творчасці. З іншага боку, незвычайны, паэтычны склад асобы Людмілы знайшоў свой адбітак і ў яе прафесійнай дзейнасці. Працуючы над зверкай фондаў, яна знаходзіла дзівосныя экслібрысы, адшуквала кнігі, якія былі не ўлічаныя і як быццам не існавалі. Толькі па-сапраўднаму творчы падыход да работы дазваляе рабіць падобныя адкрыцці.

– У прадмове да зборніка "Зеленавокія воі і іх прыгажуні" вы называеце сябе "бібліятэкаркай па пасадзе і паэткай па духу". І ўсё-ткі, вы перш за ўсё – паэт, альбо бібліятэкар? Мажліва, дзве гэтыя рэчаіснасці наогул не перасякаюцца – творчасць асобна, праца асобна?

– Дзякуй за вельмі важнае для мяне цяпер, на адказным этапе творчай сталасці, пытанне! Усё-ткі перш за ўсё я – паэт (пісьменніца, бо працую, бывае, і над мастацкай прозай, і мемуарнымі нататкамі, літаратурнымі партрэтамі, фантастыкай, коміксамі і перакладамі). А бібліятэкар, бібліёграф, экскурсавод, апісальнік кніжнай рэтраспекцыі ў фармаце БЕЛМАРК і даследчык асобных гістарычных кнігазбораў – на другім месцы. І ніякай крыўды на лёс! Другое – добры падмурак для сцен і вежаў першага. Першага – майго высокага, але нібыта “паветранага замку” пісьменніцтва: з занятку ім нельга было пражыць і пракарміць сям’ю.

Я некамерцыйная пісьменніца, а, можна сказаць, рэвалюцыйная, а дакладней, мякчэй – крыху авангардная, бо люблю, як у дзяцінстве, “гуляць” з кнігай, эксперыментаваць з тэкстам і моваю. І кніга для мяне – не тавар, а феномен. А з феномена не харчуюцца, а дзівяцца на яго і спрабуюць спасцігнуць… Мяркую, што мне мой “паветраны замак” пісьменніцтва і моўнага чарадзейства у духоўным сэнсе даражэй за трывалы падмурак.

Таццяна Сапега, загадчыца сектара навукова-праектнай работы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства: Людміла Данілаўна Сільнова з’яўляецца неардынарным і ўнікальным супрацоўнікам нашага аддзела, здольным пазнаваць кніжную культуру адначасова навукова і творча. Тое, што не заўважыць сухі навуковец, здольна адчуць яе паэтычная натура. А тое, што праміне ўзнёслая паэтка, сістэмна і карпатліва даследуе Сільнова-кнігазнаўца. За шматлікія гады плённай працы на ніве даследавання кніжнай спадчыны Людмілай Данілаўнай зроблена шмат: апісаны і даследаваны кніжныя помнікі і калекцыі, надрукаваны навуковыя артыкулы, прэзентаваны грунтоўныя даклады на міжнародных канферэнцыях, праведзены цікавыя экскурсіі ў музеі кнігі. Людмілу Данілаўну цэніць калектыў аддзела за працавітасць, адказнасць, любоў да кнігі і адданасць беларускай культуры.

– Аляксандр Сяргеевіч Пушкін, напрыклад, мог сабе дазволіць з’ехаць у маляўнічы куток на ўлонні прыроды, адасобіцца ад мітусні і цалкам прысвяціць сябе паэзіі. У нашы дні, на жаль, далёка не кожны можа ўзяць такі творчы адпачынак. Што рабіць творчай асобе, каб не загразнуць у паўсядзённасці? Як спалучыць шчыльны працоўны графік з творчасцю, а бытавыя клопаты – з паэзіяй?

– О, Пушкін! Пушкіна я люблю! Ён – маё першае літаратурнае каханне. Ліст Таццяны Ларынай да Анегіна я чытала на памяць на літаратурнай вечарыне ў сваёй школе, на умоўных уступных іспытах ва ўніверсітэцкі гурток чытальнікаў “Жывое слова”. І памятаю да апошняга слова і сёння, у… тры разы па Таццянін узрост… гадоў. Я і з кандыдатамі ў жаніхі так сябе паводзіла, як юная Таццяна ў ХІХ стагоддзі: заўсёды прызнавалася першай! (Так яшчэ пасля і Марына Цвятаева рабіла.) Але ў ХХ стагоддзі гэта было няправільна, бо паняцці годнасці і сораму сталі зусім маленькімі з-за, я мяркую, усё большай дэмакратызацыі грамадства паўсюдна на зямлі і знікнення (або змяншэння) пэўных традыцыйных каштоўнасцей. Напрыклад, дваранскіх і арыстакратычных родаў, класічнай адукацыі, вялікіх хатніх бібліятэк…

Калі я была маладая мама, але і паэтэса, маім “Болдзіна” і “Ляўкамі” была вёска Селівонаўка пад горадам Маладзечна, радзіма майго бацькі, дзе паўвёскі называлася ягоным прозвішчам – Капуцкія. І дзе ў кожнай другой хаце жыла мая радня. Але я там бывала толькі наездамі, па 1-2 дні, адпачывала ад сталічнай мітусні і паўсядзённасці як бы “пункцірам” за ўсё лета. Менавіта там я напісала, напрыклад, радкі: “Між вокнаў посцілка вісіць – / Ўзірацца, ведаць і вяршыць. / Ды не посцілка – Кніга тканая: / Рыскі цэлыя й перарваныя” і “Паглядзі, якая аблямоўка / Чырванню па небе. / Дзесь далёка пасвіцца кароўка. / Поўніць бацька цэбар” і многія іншыя.

Шчыльны працоўны графік (хіба што ён гнуткі) і бытавыя клопаты з паэзіяй спалучаліся толькі праз пот і слёзы. Выручаў такі “пункцір” у неперарыўнай лініі часу, калі на нейкія гадзіны ці хвіліны мне ўдавалася апынуцца ў сваёй любімай паэтычнай прасторы, знікнуць з шчыльнага белага “ватману” рэальнасці… а потым зноў вярнуцца. Можа, гэта мая двухгадовая праца чарцёжніцай у адмысловым бюро, сярод мужных і вынаходлівых мужчын, яшчэ ў далёкія студэнцкія гады, дапамагала мне, адзінокай пасля разводу маладой маме, гаспадыні, бібліятэкару і паэтэсе спраўляцца з цяжкасцямі, уяўляючы такія “чарцёжныя вобразы”? А вуліца непадалёк ад майго дому насіла імя Хелены Кульман. І гэта слова “Кульман”, “Кульман” мяне неяк натхняла на эксперыменты – з часам, прастораю, словам, лініяй тушшу (“Рысасловы”), каляровымі аплікацыямі з паперы (“Уздоўж індзейскай ракі”) і дысцыплінавала… Я раней пра гэта ў інтэрв’ю не расказвала, а вам вось расказала.

– Кажуць, у кожным старажытным замку вядуцца здані, а паводле некаторых крыніц, прывіды ёсць таксама ў музеях і нават тэатрах. А ці існуюць "бібліятэчныя прывіды"? Мажліва, вам вядомы якіясьці дзіўныя, невытлумачальныя, нават містычныя гісторыі, звязаныя з "Нацыяналкай"?

Я прывіды як нешта незразумелае, іррацыянальнае ў рэальнасці не люблю. А ў паэзіі часам выкарыстоўваю гэта слова, але ў сэнсе “бачны вобраз”, “успамін”. Праўда, у новым будынку нашай Нацыянальнай бібліятэкі, у якой я яшчэ за паўгода да яе адкрыцця не адзін дзень несла абавязковае для ўсіх супрацоўнікаў дзяжурства на стадыі ўзвядзення ўнутраных сцен, абшыўкі калон і перавозкі кніжных фондаў, мне сёння не-не ды і ўбачыцца… нібыта маладзенькі салдацік у зялёнай форме, заблукаўшы, няўпэўнена ідзе мне насустрач, а ці будаўнік у спецвопратцы і касцы нібыта выйдзе з-за аранжавай калоны… Мяркую, як у творчага чалавека, у мяне здольнасць жыць у некалькіх часах адразу: у мінулым, цяперашнім, будучыні. Звязваць далёкія адзін ад аднаго вобразы і ўспаміны.

Заканчэнне будзе.

Гутарыла Гурыновіч Уладзіслава, вядучы бібліятэкар аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам