ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Справа Скарыны жыве
Сёлета ў Беларусь вернецца кніжная спадчына Уладзіслава Сыракомлі

Надышла пара нашы ўніверсальныя энцыклапедыі – савецкую і беларускую – алічбаваць

Надышла пара нашы ўніверсальныя энцыклапедыі – савецкую і беларускую – алічбаваць
Іншыя навіны

На выставе “Энцыклапедыя. Нацыянальны праект”, якая адкрылася ў музеі кнігі да 50-годдзя стварэння першай беларускай універсальнай энцыклапедыі, мы пагутарылі з галоўным бібліёграфам навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ксеніяй Сушай.

– Ксенія Віктараўна, раскажыце, якія энцыклапедыі прадстаўлены на выставе.

– Энцыклапедыі ад антычных часоў да сучаснасці. Гэта “Натуральная гісторыя” Плінія (ліёнскае выданне ХVI стагоддзя), першая энцыклапедыя сучаснага тыпу – французская “Энцыклапедыя, ці Тлумачальны слоўнік мастацтваў і рамёстваў” Дэні Дзідро (1751–1780), найаўтарытэтнейшая энцыклапедыя на англійскай мове “Брытаніка” (1875–1888), самая паспяховая нямецкая “Энцыклапедыя Бракгаўза” (1882–1887). Дэманструюцца таксама ўніверсальныя энцыклапедыі нашых суседзяў – Польшчы, Чэхіі, Расіі, Літвы. Падкрэслю, што ўсім гэтым выданням уласціва нацыянальная тэматыка.

І канечне, наведвальнікі выставы даведаюцца пра першыя спробы стварэння беларускай энцыклапедыі ў першай палове ХХ стагоддзя. Па творчых і працоўных матэрыялах, фотаздымках, дакументах азнаёмяцца з працай калектыву беларускіх энцыклапедыстаў пад кіраўніцтвам Пятра Усцінавіча Броўкі па стварэнні першай у гісторыі Беларусі ўніверсальнай “Беларускай савецкай энцыклапедыі” (1969–1975) і нацыянальнай універсальнай энцыклапедыі суверэннай дзяржавы – “Беларускай энцыклапедыі” ў 18 тамах (1999–2004). Усё гэтыя выданні можна ўбачыць на выставе.

K_Susha.jpg

– Прадметам вашага асабістага навуковага даследавання сталі менавіта энцыклапедыі?

– Так, па беларускіх ўніверсальных энцыклапедыях я пішу кандыдацкую дысертацыю. Энцыклапедыя ўспрымаецца ў кантэксце культуры, цікава аналізаваць, як культура адлюстравалася ў гэтым тэксце і як энцыклапедыя паўплывала на культуру. Я разглядаю нацыянальны, ідэалагічны і каштоўнасны аспекты гэтай з’явы. Стараюся, каб энцыклапедычны тэкст успрымаўся не толькі як даведнік, крыніца інфармацыі, але і як крыніца светапогляду, які навукоўцы трансліравалі ў масы.

– Як праз дзейнасць бібліятэкі вы папулярызуеце энцыклапедыі сярод школьнікаў, студэнтаў, аспірантаў?

– Калі я толькі пачынала працаваць у аддзеле рэдкай кнігі і старадрукаў, мяне вучылі: прыходзіць чытач з запытам па пэўнай тэме – трэба звярнуцца ў першую чаргу да энцыклапедыі.

– У век інтэрнэту энцыклапедыі не згубілі сваёй актуальнасці?

– Энцыклапедыі карыстаюцца попытам, бо змяшчаюць дакладныя, правераныя навуковым калектывам звесткі, але надышла пара нашы ўніверсальныя энцыклапедыі – савецкую і беларускую – алічбаваць і выкласці ў інтэрнэт у зручным для карыстальніка выглядзе.

– Акрамя ўсяго, вы актыўна ўдзельнічаеце ў арганізацыі канферэнцый, семінараў, выстаў, навукова-асветніцкіх праектаў, якія ладзіць навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства, займаецеся выданнем навуковых зборнікаў.

– Так. Мы штогод арганізуем Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, друкуем матэрыялы канферэнцыі, на якой бывае шмат цікавых выступленняў і новых знаходак.

Асноўны напрамак маёй дзейнасці – праца над выдавецкімі праектамі аддзела. Я складальнік і навуковы рэдактар зборнікаў матэрыялаў Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў і зборнікаў навуковых артыкулаў “Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі”, а таксама іншых выдавецкіх праектаў, сярод якіх камплект паштовак “Рарытэты з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”, электронныя выданні “Кніга Беларусі, 1517–1917: зводны каталог”, “Спадчына акадэміка Яўхіма Карскага”, “Сапегіяна: кнігазбор роду Сапегаў”.

Зборнік навуковых артыкулаў “Здабыткі” прысвечаны кніжнай культуры Беларусі, мы з вялікім задавальненнем публікуем цікавыя матэрыялы і запрашаем аўтараў актыўна ўдзельнічаць у пошуках, адкрываць невядомыя старонкі нашай культуры.

– Поспехаў вам і новых здзяйсненняў.

Гутарыла Эла Дзвінская спецыяльна для інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, фота аўтара.

Суша Ксенія Віктараўна нарадзілася ў Мінску 18 кастрычніка 1982 г.
У 2005 г. скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “культуралогія”, у 2007 г. атрымала ступень магістра гуманітарных навук, на дадзены момант – саіскальнік кафедры культуралогіі БДУКіМ. У 2004 г. вывучала польскую мову і культуру ў Сілезскім універсітэце (Катавіцы – Цешын).
Працуе ў навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі са студзеня 2005 г.
Аўтар больш за 30 артыкулаў у навуковых зборніках, часопісах, матэрыялах канферэнцый, энцыклапедыях. Сфера навуковых інтарэсаў: кніжная культура Беларусі; энцыклапедыя як феномен культуры, асаблівасці, функцыі і формы энцыклапедыі ў грамадстве; каштоўнасці ў культуры; рэлігія як форма светапогляду.
Замужам, мае сына і дачку.

Матэрыял падрыхтваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам