ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Вечар памяці
Полымя на палітры

Ніна Барысаўна Ватацы – бібліёграф, літаратуразнавец, заслужаны дзеяч культуры Беларусі

Ніна Барысаўна Ватацы – бібліёграф, літаратуразнавец, заслужаны дзеяч культуры Беларусі
Іншыя навіны

Вялікі ўклад у развіццё літаратурнай бібліяграфіі краіны, распрацоўку яе методыкі, даследаванне жыцця і творчасці славутага беларускага паэта М. Багдановіча ўнесла выдатны бібліёграф, літаратуразнаўца, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніна Барысаўна Ватацы (14.05.1908 – 03.08.1997).

Нарадзілася яна ў г. Вендэне Ліфляндскай губерні (цяпер г. Цэсіс, Латвія). З 1926 г. жыла ў Мінску. У 1927 г. паступіла на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, пасля заканчэння якога пачала працаваць у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР. У 1936 г. Ніна Барысаўна пераехала ў Архангельск, дзе працавала ў краявой бібліятэцы, потым былі Кіраўск, Ульянаўск. У час вайны загадвала бібліятэкай эвакашпіталя ў г. Мелекесе Ульянаўскай вобласці. У 1945 г. Н.Б. Ватацы вярнулася ў Мінск і пачала працаваць у аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, якая з гэтага часу і да апошніх дзён жыцця выдатнага бібліёграфа стала яе другім домам. Акрамя работы ў бібліятэцы Ніна Барысаўна займалася прафесійнай падрыхтоўкай бібліятэчных кадраў. У 1946–1956 гг. яна па сумяшчэнні выкладала на бібліятэчным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.

8.jpg

“Паслуговы спіс” бібліяграфічнай дзейнасці Н.Б. Ватацы шырокі і шматгранны. Друкавацца пачала ў 1932 г. Тады ў часопісе “Кніга – масам” з’явіўся яе артыкул, прысвечаны пытанням афармлення выданняў. Першы кароткі бібліяграфічны паказальнік Ніны Барысаўны “Якуб Колас” убачыў свет у 1952 г., спачатку ў Мінску, а потым і ў Маскве. У 1953 г. з’явіўся паказальнік “Янка Купала”. Наступныя персанальныя бібліяграфічныя дапаможнікі былі прысвечаны М. Багдановічу, П. Броўку, П. Глебку, Я. Коласу, Я. Купалу, А. Куляшову, К. Крапіве і іншым беларускім пісьменнікам. У 1957 г. у Маскве ў серыі прац Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І. Леніна па прапагандзе літаратуры народаў СССР ўбачыў свет рэкамендацыйны паказальнік Н.Б. Ватацы “Белорусская литература”.

Значнымі вехамі ў беларускай бібліяграфіі сталі складзеныя Нінай Барысаўнай навукова-дапаможныя паказальнікі: “Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі” ў двух выпусках (1962, 1971), “Беларуская савецкая драматургія” (1967) і “Беларуская драматургія” (1993), “Беларускае літаратуразнаўства і крытыка” (1964). Такога кшталту выданняў у беларускай літаратурнай бібліяграфіі дасюль не існавала. Яны адлюстроўвалі звесткі пра кнігі пісьменнікаў Беларусі на беларускай і рускай мовах, у тым ліку надрукаваныя за межамі рэспублікі, арыгінальныя выданні анталогій, альманахаў, зборнікаў і іх перакладаў на мовы народаў СССР; драматургічныя творы, у тым ліку і не надрукаваныя, але пастаўленыя тэатрамі; літаратуразнаўчыя і крытычныя выданні і інш. Бібліяграфічныя паказальнікі Н.Б. Ватацы адрозніваліся складанай структурай, многія з іх мелі грунтоўныя прадмовы, якія ўяўлялі сабой своеасаблівыя літаратуразнаўчыя працы, уключалі цэлы комплекс дапаможных паказальнікаў і прызначаліся даследчыкам, аспірантам, студэнтам, бібліятэкарам. У 1988 г. у Маскве выйшаў рэкамендацыйны паказальнік “Белорусская литература”, складзены Н.Б. Ватацы сумесна з М.А. Каваленка і Р.Ф. Сіпаковай. Ніна Барысаўна рэдагавала рэтраспектыўны ўніверсальны паказальнік “Кніга Беларусі: 1517–1917” (1986), ёй належыць і ўступны артыкул да яго другой часткі “Выданні на беларускай мове, XIX – пачатак XX ст.”.

Н.Б. Ватацы спалучала працу ў галіне бібліяграфіі з дзейнасцю літаратуразнаўцы. Яшчэ ў 1950-я гады яна пачала сістэматычна даследаваць творчасць выдатнага беларускага паэта М. Багдановіча і прысвяціла гэтай працы некалькі дзесяцігоддзяў. Сустракалася са многімі людзьмі, якія мелі дачыненне да паэта, пісала сотні лістоў у розныя куткі Савецкага Саюза, збірала рукапісныя, друкаваныя дакументы, фотадакументы. Дзякуючы яе дзейнасці ў Літаратурны музей М. Багдановіча трапілі рэдкія і ўнікальныя матэрыялы. Плёнам даследавання Н.Б. Ватацы сталі альбом-выстаўка “Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць” (1968, разам з А.А. Лойкам), зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў “Шлях паэта” (1975), бібліяграфічны паказальнік твораў паэта, аўтографаў і крытычнай літаратуры аб ім “Максім Багдановіч” (1977), зборнік гісторыка-літаратурных артыкулаў “Шляхі” (1986), а таксама шматлікія выступленні ў перыядычным друку.

10.jpgЛітаратуразнаўчыя інтарэсы Н.Б. Ватацы не абмяжоўваліся зваротам да асобы М. Багдановіча. Разам з літаратуразнаўцам Н.І. Лапідусам яна выдала працы “Лев Толстой и Белоруссия” (1978) і “А.С. Пушкин и Белоруссия” (1979), з Я.І. Садоўскім склала кнігу ўспамінаў пра П. Труса, прымала ўдзел у выданні чатырохтомнага Збору твораў П. Глебкі.

Праца Н.Б. Ватацы ў галіне айчыннай літаратурнай бібліяграфіі і яе літаратуразнаўчая дзейнасць былі высока ацэнены і адзначаны дзяржавай. Адной з першых сярод бібліятэчных работнікаў ёй прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР (1963). Памяці вядомага бібліёграфа прысвечаны Першыя кнігазнаўчыя чытанні, праведзеныя ў 1998 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Работа па вывучэнні творчай спадчыны Н.Б. Ватацы працягваецца і сёння.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў раздзеле “Славутыя імёны”: “Класік беларускай літаратурнай бібліяграфіі Н.Б. Ватацы: да 100-годдзя з дня нараджэння”.

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Чытайце таксама:

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам