Нарадзілася Ганна Маісееўна ў вёсцы Закупленне Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў неспакойны для нашай краіны час – у першы год Вялікай Айчыннай вайны. На дзяцінства большасці дзяцей вайны прыйшліся эвакуацыя, пераезды, голад, страта блізкіх... Тыя страшныя падзеі закранулі і сям’ю Г.М. Салаўёвай: у 1945 годзе на фронце загінуў яе бацька Маісей Навумавіч.
У 1958 годзе Ганна скончыла Долгаўскую сярэднюю школу і на будучы год паступіла на завочнае аддзяленне Магілёўскага культпрасветвучылішча імя Н.К. Крупскай (цяпер – Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў). Паралельна з вучобай дзяўчына працавала на пасадзе загадчыцы Максімавіцкага, пазней – Долгаўскага сельскіх клубаў.
Ганна Маісееўна падоўжыла сваю прафесійную адукацыю і ў 1966 годзе з адзнакай скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка), стаўшы ў выніку навучання бібліятэкарам-бібліёграфам вышэйшай кваліфікацыі.
Адразу пасля заканчэння ВНУ, па накіраванні Міністэрства культуры БССР, юная выпускніца прыйшла на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) на пасаду бібліятэкара ў аддзел абанемента навуковай кнігі і міжбібліятэчнага абанемента. У гэтым структурным падраздзяленні яна працавала на працягу 4 наступных гадоў.
Ганну Маісееўну з самага пачатку яе прафесійнага шляху прыцягвала бібліяграфічная дзейнасць. Пра гэта сведчаць і матэрыялы з асабістай справы: ужо на другі год працы ў бібліятэцы яна напісала заяву з просьбай аб пераводзе ў аддзел беларускай літаратуры і бібліяграфіі, паколькі хацела “працаваць з краязнаўчай бібліяграфіяй”, якой яна “цікавілася ў інстытуце больш за ўсё”. Аднак, на жаль, на той момант ёй у гэтым адмовілі.
У 1970 годзе ў Ганны Маісееўны з’явілася магчымасць заняцца любімай справай: яе перавялі на пасаду старшага бібліёграфа ў аддзел даведачна-бібліяграфічнай і інфармацыйнай працы. Тут яна вяла картатэку часопісна-газетных артыкулаў, ажыццяўляла даведачнае абслугоўванне чытачоў, прымала ўдзел у падрыхтоўцы бібліяграфічных паказальнікаў.
Калі ў 1979 годзе ў аддзеле быў выдзелены сектар абслугоўвання чытачоў па каталогах і картатэках, Ганна Маісееўна стала на чале яго працы і кіравала ім на працягу наступных 7 гадоў.
Ганна Маісееўна на свяце ў гонар 60-годдзя бібліятэкі. 1982 г.
Будучы высокапрафесійным спецыялістам з вялікім вопытам работы, яна шмат часу надавала аказанню метадычнай дапамогі бібліятэкарам краіны, выступала з дакладамі на семінарах і нарадах сярод прадстаўнікоў бібліятэк розных міністэрстваў і ведамстваў.
Прафесійная біяграфія Г.М. Салаўёвай заўсёды цесна перапляталася з грамадскім жыццём калектыву бібліятэкі: яна неаднаразова абіралася ў камітэт прафсаюза, узначальвала вытворчы сектар. Як старшыня Савета настаўнікаў бібліятэкі шчодра дзялілася сваім вопытам і творчым стаўленнем да прафесіі з маладымі бібліёграфамі. За гэты кірунак сваёй працы Ганна Маісееўна была адзначана нагрудным знакам “Лепшы настаўнік моладзі”.
З 1988 па 1999 год Г.М. Салаўёва ўзначальвала даведачна-інфармацыйны аддзел.
Даведачна-інфармацыйны аддзел. 1996 г.
У 1990-я гады ў дзейнасць бібліятэк краіны хуткімі тэмпамі ўкараняліся новыя інфармацыйныя тэхналогіі. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі першыя камп’ютары з’явіліся ў пачатку апошняга дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя. Пад чулым кіраўніцтвам Ганны Маісееўны даведачна-інфармацыйны аддзел актыўна ўключыўся ў працу па ўкараненні аўтаматызаванай бібліятэчна-інфармацыйнай сістэмы ў дзейнасць бібліятэкі.
Значнасць прафесійнага ўкладу Г.М. Салаўёвай наглядна дэманструе яе службовая характарыстыка таго перыяду: “...З’яўляецца адным з галоўных распрацоўшчыкаў канцэпцыі структуры электроннага каталога Нацыянальнай бібліятэкі. Унесла шэраг прапаноў па ўкараненні новых інфармацыйных тэхналогій, удасканаленні сэрвісных паслуг для кліентаў пры аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў…”.
Дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, Ганна Маісееўна яшчэ на працягу 6 гадоў працягвала працаваць на бібліяграфічнай ніве.
“Вельмі мудрая і добразычлівая жанчына, вялікая рабацяга і разумніца. Яна заўсёды ўмела выбудоўвала працу ў калектыве, лёгка арганізоўвала нават самыя складаныя тэхналагічныя працэсы, натхняючы сваім прыкладам маладое пакаленне спецыялістаў”, – так Святлана Іванаўна Івашчанка з глыбокай павагай і пашанай успамінае Г.М. Салаўёву.
Ганне Маісееўне ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – самыя шчырыя віншаванні з гэтай цудоўнай юбілейнай датай! Хай кожны дзень будзе шчаслівым і радасным, напоўненым любоўю і клопатам родных і блізкіх людзей. Моцнага здароўя на доўгія гады, светлага шчасця, радасці сэрца і ўцехі душы.
У публікацыі выкарыстаны фота з асабістага архіва аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання.
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.
Ганна Маісееўна Салаўёва пайшла з жыцця 25 кастрычніка 2023 года.
Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.