ГалоўнаяНавіныПраект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”
Wet-on-wet: адкрылася выстаўка акварэлі Вячаслава Паўлаўца
Дырэктар Купалаўскага музея – пра рукапісныя рарытэты паэта, інтэрактыўныя навінкі і почырк Песняра

25 сакавіка 1945 года. 45 дзён да Перамогі

25 сакавіка 1945 года. 45 дзён да Перамогі
Іншыя навіны

75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”.
З 30 студзеня па 9 мая 2020 г. штодня на партале бібліятэкі публікуюцца матэрыялы, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей з публікацый адпаведнага перыяду ў газетах Савецкай Беларусі 1945 г.

Савецкі камендант у нямецкім горадзе. Ліст піянераў аб працы кінатэатра. Страты бібліятэк Беларусі. Газеты: “Звязда” (№ 56), “Советская Белоруссия” (№ 55), “Совецкая радзіма” (№ 46), “Ленінская праўда" Дзяржынскага раёна (№ 20), “Луч” Іўеўскага раёна (№ 18), “Совецкі патрыёт” Бягомльскага раёна (№ 12), “Чырвоны сцяг” Давыд-Гарадоцкага раёна (№ 16).

Сёння вашай увазе, паважаныя чытачы, прапануем і цэнтральныя газеты, і раённыя, і адну абласную. Ёсць у іх і некалькі бібліятэчных навін. А пачнём мы з іншых матэрыялаў.

Як жывуць нямецкія гарады пасля таго, як іх займаюць нашы войскі? Адзін з матэрыялаў распавядае пра дзейнасць каменданта горада Швэрын, маёра Чырвонай арміі. Яму даводзіцца арганізоўваць працу жыхароў па расчыстцы вуліц і будынкаў, аднаўляць жывёлагадоўлю, займацца многімі іншымі пытаннямі (“Звязда”, № 56).

Адраджэнне ў БССР ідзе поўным ходам. На партыйным сходзе Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці пералічаны дасягненні па аднаўленні прамысловасці (22 прадпрыемствы), сельскай гаспадаркі (108 авечкагадоўчых і 36 птушыных ферм), адбудавана 207 дамоў калгаснікаў і 85 школ, адкрыта 8 хат-чытальняў (“Ленінская праўда” Дзяржынскага раёна, № 20).

Уся 3-я старонка газеты “Советская Белоруссия” (№ 55) аддадзена калгасу “Чырвоны бераг” Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, а значная частка 4-й – навінам з Брэста.

Піянеры Давыд-Гарадоцкага (цяпер Столінскага) раёна Брэсцкай вобласці паскардзіліся на дрэнныя ўмовы прагляду кінастужкі. Рэдакцыя газеты “Чырвоны сцяг” (№ 16) не толькі з павагай паставілася да іх ліста і размясціла яго ў газеце, але і звярнулася да адпаведных органаў з заклікам адрэагаваць “на неаднаразовыя сігналы пра дрэнную працу кінатэатра”.

Сярод аб’яў газеты “Советская Белоруссия” (№ 55) – анонсы канферэнцыі донараў, лекцыі Мінскага юрыдычнага інстытута пад назвай “Крыміналістычны аналіз нямецка-фашысцкіх злачынстваў у Мінску”.

Дарэчы аб злачынствах. Вялікі ўрон быў нанесены акупантамі і бібліятэчнай галіне Беларусі. У канцы сакавіка 1945 г. (не пазней 24-га чысла) дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна І. Сіманоўскім у Надзвычайную дзяржаўную камісію па ўсталяванні і даследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і нанесенага імі ўрону грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР была пададзена дакладная запіска, у якой пералічаны старанна падлічаныя страты бібліятэкі за час акупацыі. Пазнаёміцца з тэкстам дакладной можна ў зборніку дакументаў “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў дакументах, 1922–2006” (2007, с. 111–117), які захоўваецца ў нашым фондзе. Прывядзём з яе толькі адну лічбу – 83 % кніжнага фонду бібліятэкі было разрабавана або знішчана, астатняя частка ўяўляла сабой альбо найменш каштоўны складнік фонду, альбо разрозненыя рэшткі “сістэматычна скамплектаваных збораў аддзелаў”.

Пра страты Бягомльскай раённай бібліятэкі за час акупацыі напісана і ў артыкуле газеты “Совецкі патрыёт” (№ 12) Бягомльскага (цяпер скасаванага) раёна Мінскай вобласці. У раёне знішчана ўся каштоўная літаратура, толькі ў раённай бібліятэцы да вайны было некалькі тысяч кніг па мастацтве, навуковай, грамадска-палітычнай літаратуры. Зараз фонд бібліятэкі складае 1 591 кніга, з іх 590 па мастацтве, 680 паліттэматычных і 321 па сельскай гаспадарцы. Вялікую дапамогу ў папаўненні фонду аказалі работнікі Маскоўскай вобласці, якія сабралі літаратуру. А пераслалі яе ў бібліятэку за кошт сродкаў Дзяржаўнага фонду. У бібліятэку запісалася ўжо 122 чытачы.

Пра страты і аднаўленне гаворыцца таксама ў артыкуле пра Іўеўскую раённую бібліятэку (“Луч” Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці, № 18). Да вайны тут была створана цудоўная бібліятэка з фондам каля 25 000 кніг. Але падчас акупацыі не толькі кнігі былі разрабаваны, але і сам будынак разбураны. Бібліятэка пачала аднаўляцца, цяпер у яе фондзе – 1 000 кніг (падарунак ленінградцаў), “колькасць чытачоў з кожным днём павялічваецца” (у студзені іх было 35, у лютым – ужо 95 дарослых і 78 школьнікаў). Аднак у памяшканні холадна і цёмна. Але гэта не адзіная складанасць бібліятэкі – у яе з’явіліся даўжнікі. Як аўтар артыкула вырашае гэтую адвечную праблему абанемента любой бібліятэкі? Ён проста надрукаваў у газеце іх прозвішчы!

У газеце “Совецкая радзіма” (№ 46, с. 3) – агляд дзейнасці хат-чытальняў Бабруйскага раёна. У прыклад ставіцца Варатынская хата-чытальня і ўзорная праца яе загадчыцы. Яна з’яднала актыў, сярод якіх – вядучыя спецыялісты (аграном, урач, настаўнікі і дырэктар школы). Менавіта яны праводзяць лекцыі і гутаркі на тэмы, якія хвалююць людзей. Загадчыца арганізавала чыткі газет непасрэдна ў брыгадах і звёнах. А вось астатнія хаты-чытальні далёка не такія паспяховыя. Асноўная прычына – адсутнасць спецыяльнай адукацыі ў загадчыкаў, іх жадання добра працаваць – недастаткова, ім патрэбна практычная дапамога.

Да Перамогі застаецца 46 дзён…

Аўтар публікацыі: Л. Тупчыенка-Кадырава, аддзел карпаратыўнага ўзаемадзеяння.

Усе матэрыялы праекта даступны на партале НББ і сайце “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам