ГалоўнаяНавіныПраект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”
Прайшоў фінал конкурсу “Жывая класіка – 2020”
Дзесяць крутых беларускіх пісьменнікаў, пра якіх вы наўрад ці чулі

Песня – душа народа і яго сіла

Іншыя навіны

Калі песня жыве беларуса,
Будзе жыць беларускі народ!
М. Чарот

Hor-1.jpg

Хор У. Тэраўскага

Добра ўсім вядомая з дзяцінства песня “Купалінка” даўно зрабілася адной з найбольш любімых песень нашага народа, яна і лічыцца народнай. Насамрэч у песні ёсць аўтар – Уладзімір Васілевіч Тэраўскі (1871–1938).

Terauski.jpg

Тэраўскі Уладзімір Васілевіч (1871–1938)

Упершыню “Купалінка” прагучала ў 1921 г. як фрагмент музычнага суправаджэння спектакля “На Купалле”, аўтарамі якога сталі Міхась Чарот (лібрэта) і Уладзімір Тэраўскі (музыка) у Першым тэатры беларускай драмы (зараз Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Цікава, што ў наш час у гэтым тэатры першыя такты песні папярэднічаюць тэатральным званкам перад пачаткам спектакля. Спектакль “На Купалле” меў вялікі поспех і ў 20-я гг. вытрымаў больш за 400 паказаў.

Na_Kupalle.jpg

Сцэна са спектакля “На Купалле” М. Чарота

Міхась Чарот – настаўнік паводле адукацыі, акцёр трупы Ул. Галубка, мaючы пpыгoжы бapытoн, спяваў у хоры У. Тэраўскага пpы “Бeлapycкaй xaтцы”, удзельнік антыпольскага падполля і арганізатар паўстанцкіх атрадаў падчас грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі. Ён быў адным са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк” і ўладальнікам самага першага пасведчання аб’яднання.

Charot_M.jpg

Міхась Чарот (1896–1937)

Вось так выглядалі ноты песні “Купалінка”, надрукаваныя ў “Зборніку купальскіх і жніўных беларускіх песень” (Мінск, 1943 г.)

Kupalinka.jpg

Купалінка: (Купальская-лірычная) / Муз. У. Тэраўскага // Зб. купальскіх і жніўных беларус. песняў [Ноты] : [для пения (соло, анс., хор) без сопровожд.] / улажыў М. Шчаглоў. – Мінск, 1943. – С. 9

Уладзімір Васілевіч Тэраўскі (1871–1938) адыграў вялікую ролю ў развіцці музычнага мастацтва Беларусі. Хормайстр, фалькларыст, дырыжор, кампазітар, ён увайшоў у гісторыю беларускай культуры як адзін са стваральнікаў нацыянальнай музычнай школы.

Аматарскі Мінскі хор з 15 чалавек  У. Тэраўскі стварыў у ліпені 1914 г. Гэты быў адзін з першых беларускіх песенных калектываў, аснову якога склалі вучні мінскіх школ, у якіх працаваў сам У. Тэраўскі. Па ўспамінах Міхася Чарота, у першай палове 1915 г. хор распачаў выступленні ў вайсковых шпіталях, даваў там дабрачынныя канцэрты для параненых салдат Заходняга фронту. У рэпертуары хору было каля дзясятка беларускіх “нумароў”. Салдаты-беларусы, пачуўшы родныя спевы, па памяці запісвалі і перадавалі Тэраўскаму тыя песні, што спявалі ў іхніх родных мясцінах. Так узбагачаўся нацыянальны рэпертуар хору.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. хор пачаў называцца народным і ўвайшоў у склад Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, а Тэраўскі ўзначаліў музычную частку таварыства. У гэты час хор меў ужо 50 спевакоў, а ягоны рэпертуар налічваў каля 200 песень, у тым ліку і беларускіх народных. У 1918 г., падчас акупацыі Мінска войскамі кайзераўскай Германіі, галоўным прытулкам для творчай інтэлігенцыі зрабілася так званая “Беларуская хатка” (драўляны барак на Конным пляцы, побач з Камароўкай, – цяпер тэрыторыя тралейбуснага дэпо на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Чырвонай). Менавіта тут працавалі першыя тэатральныя і харавыя калектывы нацыянальнага кірунку. Іх удзельнікі былі апантанымі заўзятарамі мастацтва, якім нічога не плацілі за выступленні, ды яшчэ яны прыносілі з дому ўсё неабходнае для спектакля ці канцэрта – і рэквізіт, і адзенне. Фундатараў у той час у беларускага мастацтва не было. Усё беларускае трымалася толькі на энтузіязме і самаадданасці. “Беларуская хатка” была галоўнай пляцоўкай Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Газета “Вольная Беларусь” у нумары ад 7 ліпеня 1917 г. паведамляла, што 23 чэрвеня пасля пастаноўкі “Паўлінкі” аркестр выканаў беларускі гімн “А хто там ідзе”, хор жа спяваў “Марсельезу” і песню Бальмонта “Да здравствует Россия”. Рэдактар газеты Язэп Лёсік у сувязі з гэтым адзначыў:

“Шмат у каго са свядомых беларусаў заварушылася недзе ў сярэдзіне думка: «А ці не можна было б так зрабіць, каб беларускі хор на беларускім ігрышчы пяяў беларускі гімн, беларускія рэвалюцыйныя песні?»”.

23-VI-prahrama.jpg

Беларускі тэатр // Вольная Беларусь. – 1917. – 7 ліп. – С. 3

Праз месяц тая ж “Вольная Беларусь” ужо пісала: “Хор паправіўся трохі й не частаваў ужо нас маскоўскімі песнямі, а даволі прыгожа спеяў у пачатку ігрышча «А хто там ідзе» і «Адвеку мы спалі», устрэчаныя публікай надта прыхільна. Затое артысты пастараліся, дай Бог ім здароўечка, выявіць усю чыстату й пекнату беларускай мовы”.

Hor-1917.jpg

Беларускі тэатр // Вольная Беларусь. – 1917. – 26 ліп. – С. 3–4

У 1918–1920 гг., калі адна ўлада на Беларусі змянялася на іншую, хор Тэраўскага супрацоўнічаў з нацыянальнымі тэатральнымі калектывамі, ладзіў спеўкі і вечарыны для грамадскасці.

Водгук пра канцэрт беларускага нацыянальнага хору ў Койданава надрукавала газета “Новый вестник” у 1918 г.:

“…Серия лучших номеров селянских песен была исполнена хором В. Терравского весьма недурно и со знанием дела”.

Kancert.jpg

Хроника гор<ода> Минска. Концерт // Новый вестник. – 1918. – 5 сент. – С. 2

Вось як пра гэтую ж падзею напісалі ў газеце “Вольная Беларусь” (1918, 22 верас.): “1-го верасьня у мястэчку Койданаве адбыўся беларускі концэрт хора пад кіраўніцтвам Цераўскага. Концэрт складаўся с трох часьцін. Рэпертуар быў вельмі багаты. Нікаторыя нумары сьпяваліся па тры разы, як прыкладам: «Краіна родная» – гымн муз. Цераўскаго, «Ад веку мы спалі» – марсельеза, “У месяцы верасьні», «Ні сьпевай ты, салавейка» – трыо, «Да дзяўчынкі» – дуэт, «Як на вуліцы мяцеліца мяце», «Чалавек жонку бье», “Каля хацінкі» і шмат іншых”.

Kancert-u-Kojdanievie.jpg

Хроніка. Канцэрт у Койданаве // Вольная Беларусь. – 1918. – 22 верас. – С. 7–8

У склад хору ўваходзілі людзі рознага ўзросту і розных спецыяльнасцей. Тут былі вучні школ і гімназій, настаўнікі і чыгуначнікі, рахункаводы і машыністкі, краўчыя і шаўцы і г.д. Цікава адзначыць, што ўсе яны шукалі і запісвалі народныя мелодыі для Тэраўскага, які рабіў музычную апрацоўку.

Пасля абвяшчэння 1 студзеня 1919 г. аб стварэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі трупа Першага таварыства беларускай драмы і камедыі стала Беларускім савецкім тэатрам (БСТ), яго рэжысёрам – Ф. Ждановіч. У склад тэатра ўвайшлі беларускі хор Тэраўскага і невялікі, але добра зладжаны ўласны аркестр пад дырыжорствам Тхоржа. Уладзімір Тэраўскі пачаў інтэнсіўную гарманізацыю народных песень, каб павялічыць рэпертуар хору. Дырыжор Тхорж падрыхтаваў для аркестра рэпертуар, выкарыстоўваючы мелодыі беларускіх песень і народных танцаў. Хор і аркестр з поспехам выступалі як у самім тэатры, так і ў спецыяльных беларускіх канцэртах.

На жаль, Беларускі савецкі тэатр існаваў нядоўга. У красавіку 1919 г. БСТ “самараспусціўся”, але хор Тэраўскага захаваўся. Ён працягваў даваць канцэрты для жыхароў Мінска і наваколля ў “Беларускай хатцы”.

У артыкуле “Белорусский Советский театр в Минске” (“Школа и культура советской Белоруссии” (1919, № 1) даецца адзнака дзейнасці хору У. Тэраўскага ў складзе Беларускага савецкага тэатра і прыведзены яго рэпертуар.

“Благодаря неутомимой работе хора, в настоящее время имеется богатый как белорусский, так и великорусско-украинский репертуар, который в главнейшем выражается в нижеследующем”.

Pesni.jpg

У 1919–1920 гг. хор уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва. Таксама У. Тэраўскі супрацоўнічаў з Беларускім народным тэатрам – мастацкай трупай пад кіраўніцтвам Ф. Аляхновіча. Найбольш памятнай з тэатральных работ таго часу стала сумесная з Ф. Аляхновічам пастаноўка новай версіі яго музычнай камедыі “Птушка шчасця”. Музыку да арыі Лесуна напісаў Тэраўскі. Дэбют версіі аперэты адбыўся 14 чэрвеня 1920 г. у Мінскім гарадскім тэатры.

Af-Terauski.jpg

Ніводная ўрачыстая імпрэза ў 1919–1920 гг. не абыходзілася без дабрачынных канцэртаў хору: святкаванне другіх угодкаў абвяшчэння БНР 25 сакавіка 1920 г., баль выпускнікоў беларускіх школ у траўні, святкаванне 15-годдзя літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы 24 чэрвеня таго ж года. На працягу траўня – чэрвеня 1920 г. хор наведаў з канцэртамі Слуцк, Старыя Дарогі, Асіповічы, Ігумен і шэраг вёсак.

У верасні 1920 г., калі быў арганізаваны Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1), хор Тэраўскага ўвайшоў у яго склад. Сам Уладзімір Тэраўскі заняў пасаду галоўнага хормайстра тэатра.

Hor-2.jpg

Хор БДТ пад кіраўніцтвам Уладзіміра Тэраўскага

Кароткае паведамленне змешчана ў 1920 г. у газеце “Наша думка”.

Hor-Terauskaha.jpg

Хор Тэраўскага // Наша думка. – 1920. – 24 снеж. – С. 5

3 верасня 1921 г. У. Тэраўскі быў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу, які замянілі на 5 гадоў турмы. У газеце “Беларускі звон” (1922) знаходзім звесткі:

“Гордасьць Менска – беларускі хор, які быў пад кіраўніцтвам Тэраўскага, распадаецца, дзеля таго што Тэраўскага арыштавалі і выслалі ў Архангельскую губ.”.

Bielaruski-teatr-u-Miensku.jpg

Беларускі тэатр у Мінску // Беларускі звон. – 1922. – 25 сак. – С. 4

У. Тэраўскі адбыў у турме больш за 22 месяцы. Але ж 24 мая 1923 г. ён быў датэрмінова вызвалены для падрыхтоўкі БДТ-1 да ўдзелу ў Першай ўсесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. Пасля вызвалення У. Тэраўскі ізноў заняў пасаду галоўнага хормайстра Беларускага дзяржаўнага тэатра. Акрамя таго, ён кіраваў харавымі калектывамі БДУ, Мінскага педагагічнага тэхнікума, прафесійнага саюза паштавікоў-тэлеграфістаў. БДТ-1 разам з хорам Тэраўскага паспяхова дэбютаваў у Маскве 25 жніўня 1923 г.

У 1922-м быў створаны Інстытут беларускай культуры. У. Тэраўскі ўвайшоў у музычную падсекцыю секцыі мастацтва, якая арганізоўвала фальклорныя экспедыцыі ў сельскія раёны Міншчыны і Случчыны, Віцебшчыны і Магілёўшчыны, на Палессе. Сабраным фальклорным матэрыялам кампазітар карыстаўся для музычнага афармлення спектакляў у тэатры, уводзіў у рэпертуар хароў. У асабістым зборы У. Тэраўскага налічвалася больш за 500 беларускіх народных песень.

У пачатку 1930-х ён быў пазбаўлены працы ў БДТ-1. Да 1933 г. служыў у Пярэспенскай царкве. Быў рэгентам царкоўнага хору Мікалаеўскага сабора ў Менску. Другі раз арыштаваны 17.08.1938 (па іншых звестках – 17.09.1938). Як “агент польскай разведкі” пастановай асобай тройкі НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 10.11.1938 у Менску.

Сёння мы можам адзначыць, што Уладзімір Васілевіч Тэраўскі зрабіў вельмі шмат для развіцця беларускага музычнага мастацтва. Яшчэ ў 1920 г. на старонках часопіса “Беларускае жыццё” (1920, № 2) Змітрок Бядуля ў артыкуле “Штрыхі аб беларускай культуры” даў наступную адзнаку яго дзейнасці:

“Побач з тэатрам трэба казаць і аб беларускім хоры Тэраўскага. Можна адзначыць зусім не хвалячыся, што гэткім знамянітым хорам магла бы гардзіцца любая нацыя, болей культурная за нашу. І не дарэмна п. Тэраўскі нажыў сабе славу і папулярнасць сваім хорам – ён гэта заслужыў вялікай і кемнай працай.

Пан Тэраўскі – мастак, самародак. Чары і гармонія беларускіх народных песняў захапілі яго душу. Добра ведаючы дух нашых мэлёдыяў, ён іх стылізуе так, як лепей не трэба. Апрач таго, ён сам вельмі ўдачна піша новыя песні ў беларускім характары. Шкода толькі, што ніхто ня дбае аб тым, каб выдрукаваць багатую творчасць пана Тэраўскага, каб яго творамі маглі карыстацца і іншыя беларускія хоры”.

Pan-Terauski.jpg

Ясакар. Штрыхі аб беларускай культуры / Ясакар [сапр. Імя Зм. Бядуля] // Беларускае жыццё. – 1920. – № 2. – С. 1

Усё сваё жыццё У. Тэраўскі быў звязаны з беларускай народнай песняй – яе збіраннем, распрацоўкай і прапагандай. Ён увайшоў у гісторыю беларускай культуры як адзін са стваральнікаў нацыянальнай музычнай школы. У гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва ХХ ст. вядомы як аўтар музыкі да п'ес і тэатральных пастановак паводле твораў М. Чарота (драма “На Купалле”) і Я. Міровіча (“Машэка”, “Каваль-ваявода”, “Кастусь Каліноўскі”). Паклаў на музыку верш М. Краўцова “Ваяцкі марш”, які ў гісторыі незалежніцкага руху стаў нацыянальным гімнам.

У 1919-м, на пятыя ўгодкі хору Тэраўскага, паэт Міхась Чарот прысвяціў яму верш “Ахвярую Беларускаму хору Тэраўскага” (“Гэй! Спявай жа мацней напрадвесню…”), надрукаваны ў часопісе “Беларускае жыццё” (1920, № 3).

Achviaruju-Kudzielka.jpg

Кудзелька, М. “Гэй! Спявай жа мацней напрадвесню…” : [Верш] / М. Кудзелька; [псеўд. М. Чарот ] // Беларускае жыццё. – 1920. – № 3. – С. 5


Выкарыстаныя крыніцы:

Кудзелька, М. “Гэй! Спявай жа мацней напрадвесню…” : [Верш] / М. Кудзелька; [псеўд. М. Чарот ] // Беларускае жыццё. – 1920. – № 3. – С. 5.

Дыла, Я. Мінская трупа “Першага таварыства беларускай драмы і камедыі” [Электронны рэсурс] / Язэп Дыла // Беларуская палічка. – Рэжым доступу: https://knіhі.com/Jazep_Dyla/Mіnskaja_trupa_Pіersaha_tavarystva_bіelaruskaj_dramy_і_kamіedyі.html. – Дата доступу: 17.08.2020.

Курош, П. Белорусский Советский Театр в Минске / П. Курош // Школа и культура Совет. Белоруссии. – 1919. – № 1. – С. 45–46.

Пуроўскі, К. Песні вольных людзей / К. Пуроўскі. – Мінск, 1961. – 42 с.

Тарас, А. Уладзімір Тэраўскі: калі песня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ! / Анатоль Тарас. – Мінск : Харвест, 2015. – 63, [1] с. : іл., партр., ноты. – (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры).

Теравский, В.В. Беларускі спеўнік [Ноты] : з нотамі : паводле нар. мэлёдый : на тры галасы [без суправадж.] / Ўл. Тэрраўскі ; Навук.-літ. аддз. Камісарыяту нар. асветы Беларусі. – Менск [т. е. Мінск] : Дзярж. выд-ва Беларусі, 1921. – 91, [1] с.

Тэраўскі. Купалінка [Ноты] / Тэраўскі // Зб. купальскіх і жніўных беларускіх песьняў [Ноты] : [Для пения (соло, анс., хор) без сопровожд.] / улажыў [і апрац.] М. Шчаглоў. – Мн., 1943. – С. 9.

Тэраўскі, У.В. Беларускі лірнік : Спеўнік на чатыры галасы / Ул. Тэрраўскі ; Беларус. Савец. Сацыяліст. Рэсп. – Берлін : Выд-не навук.-літ. аддз. нар. камісарыяту асветы БССР, 1922. – 91, [1] с.

http://content.nlb.by/content/dav/nlb/DDC/DED/0/2/5/1/5іs6960/5іs6960.pdf
http://content.nlb.by/content/dav/nlb/DDC/DED/0/2/5/1/ba218474/pdf/ba218474.pdf

Ясакар. Штрыхі аб беларускай культуры / Ясакар [сапр. імя Зм. Бядуля] // Беларускае жыццё. – 1920. – № 2. – С. 1.


Пазнаёміцца з першакрыніцамі можна пры наведванні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ці пры набыцці электроннага выдання “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 г., у якім на двух дысках размешчаны электронныя копіі 2 400 нумароў газет (амаль 80 найменняў), што выдаваліся ў 1917–1922 гг. на тэрыторыі сучаснай Беларусі ці за яе межамі, але мелі дачыненне да Беларусі.

Камплект дыскаў “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 гг.” можна набыць па падпісцы або купіць у кіёску, размешчаным на 1-м паверсе каля галоўнага ўвахода. Рэжым работы кіёска адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.

Матэрыял падрыхтаваны інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам