ГалоўнаяНавіныПраект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”
Фонды яшчэ 37 бібліятэчных устаноў можна ўбачыць у Зводным электронным каталогу бібліятэк Беларусі
Будучыня за моладдзю!

Тэатр Уладзіслава Галубка

Тэатр Уладзіслава Галубка
Іншыя навіны

Сёлета 10 жніўня спаўняецца 100 гадоў з пачатку існавання Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра, арганізатарам і кіраўніком якога быў буйны дзеяч нацыянальнай сцэны, першы народны артыст Беларусі Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок (1882–1937).

Імя Уладзіслава Галубка – узор самаадданасці і самабытнасці ў мастацтве, нязменна сімвалізуецца з падзвіжніцтвам і самаахвярнасцю. Паэт, празаік, драматург, акцёр, рэжысёр, адзін з заснавальнікаў новага беларускага тэатра – тэатра, які ўзнік на хвалі нацыянальнага адраджэння ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Равеснік Янкі Купалы і Якуба Коласа, дбайна працаваў з імі на ніве беларускай культуры. Уклад Уладзіслава Галубка ў заснаванне і развіццё тэатральнай справы на Беларусі быў надзвычай вялікі і яму першаму ў нашай краіне 20 снежня 1928 года было прысвоена ганаровае званне народнага артыста БССР.

Сваю творчую дзейнасць У. Галубок пачаў як паэт і празаік. Яго творы з’яўляліся на старонках газет “Вольная Беларусь”, “Беларускі шлях”, “Гоман”, “Беларускія ведамасці”, “Наша ніва”, часопіса “Лучынка”, альманаха “Маладая Беларусь” і інш. З 1917 года пачаў пісаць першыя п’есы, драмы і камедыі, якія вызначаліся дакладнасцю характараў, вастрынёй і сакавітым народным гумарам. Спачатку значнае месца яго драматычныя творы занялі ў рэпертуары Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, у якім з 1917 па 1920 год У. Галубок выступаў як акцёр і рэжысёр.

Гісторыя беларускага тэатра сведчыць аб тым, што пачатак дзейнасці трупы Галубка прыпадае на 1920 год. Менавіта ў тады Уладзіслаў Галубок стварыў і ўзначаліў уласны тэатр пад афіцыйнай назвай “Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка”. 10 жніўня 1920 года ў мінскім “Беларускім рабочым клубе” (дом 10 на былой Юр’еўскай вуліцы, якая ішла паралельна сённяшняму праспекту Незалежнасці за сучасным Домам культуры прафсаюзаў) адбыўся першы канцэрт, наладжаны тэатрам пад кіраўніцтвам У. Галубка. Гэта дата і лічыцца афіцыйным пачаткам тэатральнай дзейнасці трупы. Першай прэм’ерай новага тэатра стала п’еса “Суд”, створаная У. Галубком у жанры камедыі.

Вось як пра гэту падзею ў сваіх мемуарах піша сам У. Галубок:

“<…>10 жніўня памяшканне клуба было перапоўнена чырвонаармейцамі, якія прыйшлі з фронту пасля баёў адпачываць у Мінск. Усякія правілы парушаны, і замест 500 чалавек прысутнічала каля 1000.

З вялікім задавальненнем прымаецца п’еса “Суд” і выступленні беларускага хору. З гэтага часу і пачынаецца работа беларускай трупы пад кіраўніцтвам Галубка (Мінск, 1920 г.)”.

Sud_Afisha.jpg
Афіша да першага спектакля “Суд”

Першыя ўдзельнікі трупы былі акцёрамі-аматарамі. Яны прыйшлі да Галубка з розных самадзейных калектываў і былі аднадумцамі свайго кіраўніка ва ўсіх яго пачынаннях. Спачатку невялікая трупа налічвала ўсяго 12 чалавек. Сярод іх была і сям’я У. Галубка. Трэба адзначыць, што сам У. Галубок быў яркім выканаўцам драматычных і характарных роляў.

Sud_spektakl.jpg
Сцэна з першага спектакля “Суд” (крайні справа – Уладзіслаў Галубок у ролі Авечкі)

Услед за спектаклем “Суд” былі пастаўлены п’есы “Пашыліся ў дурні” М. Крапіўніцкага, “Міхалка” братоў Далецкіх, “За мураванай сцяной” У. Галубка.

Не маючы пастаяннага тэатральнага памяшкання, калектыў трупы Галубка ішоў і ехаў паказаць свае пастаноўкі туды, дзе быў яго глядач – у клубы рабочых на ўскраіны горада Мінска: Старажоўку, Серабранку, Камароўку, іншыя куткі па ўсёй Беларусі. Пазней выступаў таксама ў мінскіх клубах імя Леніна, Луначарскага, Дзям'яна Беднага, “Камуна” і ў “Беларускай хатцы”.

У 1920-я гады тэатр карыстаўся папулярнасцю ў гледача, магчыма таму, што да яго існавання на Беларусі ніколі не было такога калектыву і знаёмства са спектаклямі У. Галубка было першай сустрэчай з тэатральным мастацтвам для многіх і многіх людзей, якія ішлі ў тэатр і да якіх ішоў сам тэатр.

Знаходзячыся ў складаных фінансавых умовах, трупа пастаянна гастралявала. У. Галубок у справаздачы пісаў, што ў 1920 годзе трупа сыграла 42 спектакля, у 1921 – 173, 1922 – 225, 1923 – 253, 1924 – 97.

28 снежня 1921 года газета “Савецкая Беларусь” размясціла артыкул У. Галубка, у якім ён, пад псеўданімам “Артыст”, распавядаў пра дзейнасць калектыву:

Vyrazka.jpg

“Глянуўшы на паказальны лік спэкталяў, можна ведаць і верыць, якую вялікую працу зрабіла гэта маленькая трупа, у якой няма ні належных вопратак, ні рэквізыту.

Трэба мець дужа вялікую вытрываласць, каб так бязупынна працаваць і працаваць, як ІІ Бел. трупа. Артысты гэтай трупы – непамерна цярпялівыя і моцныя людзі, калі змаглі год працаваць пры такіх цяжкіх абставінах.

Трэба ведаць, што кожны артыст гэтай трупы жыве не заробкамі сцэны, а служыць апроч гэтага ў другіх установах і вольны свой час аддае культурнай працы.

Адно толькі жаль, што ў трупе вялікі няхват артыстычных сіл, дзякуючы чаму часта прыходзіцца бачыць ня зусім адпаведных на ролі артыстаў, але гэта скрадываецца па волі добрай рэжысуры і старання саміх артыстаў, выпаўняўшых свае ролі”.

Змітрок Бядуля ў сваім артыкуле “Штрыхі аб беларускай культуры”, надрукаваным у часопісе “Беларускае жыццё” (1920, № 2) падкрэслівае тую выключную ролю, якую адыгралі Ф. Ждановіч, Ф. Аляхновіч і У. Галубок у станаўленні тэатральнага мастацтва Беларусі:

“У культурнай працы пасля рэвалюцыі можна не сумняваючыся паставіць на першым пляне беларускі тэатр. Ён добра развіваўся неспадзеўна для нас саміх Аляхновіч і Галубок напісалі шмат п’ес, якіе абляцелі ўвесь наш край. Ф. Аляхновіч, Ф. Ждановіч, як добрыя артысты, усімі сіламі працавалі ў кірунку распаўсюджывання беларускага тэатру па розных гарадох і мястэчках Беларусі. Можна сьмела сказаць, што яны вынеслі на сваіх плячах за гэтыя тры гады беларускі тэатр. З-пад іх кірункаў, з іх школ, выйшло шмат беларускіх добрых артыстаў, якімі цяпер багата беларуская сцэна”.

Улічваючы, што па змесце сваёй дзейнасці тэатральны калектыў быў правадніком палітыкі беларусізацыі, Наркамасветы БССР у красавіку 1921 года прыняў рашэнне ўзяць трупу на дзяржаўнае ўтрыманне і прысвоіць ёй назву Другой беларускай трупы. Гэта палепшыла матэрыяльнае становішча і засведчыла афіцыйнае прызнанне заслуг калектыву.

Папулярнасць тэатра шырылася вельмі інтэнсіўна, аднак у канцы 1920-х ідэалагічныя органы пачалі звужаць кола яго дзейнасці, абвінавачваючы кіраўніцтва ў абмежаваным, нацыяналістычным рэпертуары і нізкім, прымітыўным узроўні яго сцэнічнага ўвасаблення. У пачатку 1930-х Уладзіслава Галубка адхілілі ад мастацкага кіраўніцтва тэатра.

Драматургічную і тэатральную дзейнасць Уладзіслава Галубка трэба ўспрымаць як сапраўдны подзвіг на ніве беларускай культуры і мастацтва. Галубок быў адным з тых, хто закладваў першыя цагліны ў вялікі будынак савецкай беларускай літаратуры і мастацтва, хто даў магутны штуршок развіццю беларускай нацыянальнай драматургіі і тэатра.


Выкарыстаная літаратура

Артыст. Праца ІІ Беларускай трупы ў 1921 годзе / Артыст // Савецкая Беларусь. – 1921. – 28 снеж. – С. 3.

Бядуля, Зм. Штрыхі аб беларускай культуры / Змітрок Бядуля  // Беларускае жыццё. – 1920. – № 2. – С. 1.

Галубок. Адплата за працу : [апавяданне] / Галубок // Гоман. – 1917. – 8 чэрв. – С. 2.

Галубок. Званы (Ахвярую Х.) : [апавяданне] / Галубок // Вольная Беларусь. – 1917. – 1 ліп. – С. 2–3.

Галубок. Сірата Прохар : [апавяданне] / Галубок // Вольная Беларусь. – 1917. – 21 ліп. – С. 2–3.

Галубок. У няволі : [апавяданне] / Галубок // Вольная Беларусь. – 1917. – 28 жн. – С. 3.

Галубок. Сірата Гануся : [апавяданне] / Галубок // Вольная Беларусь. – 1917. – 21 снеж. – С. 3.

Галубок. Уражанні. (Аб падарожжы у “социалистическую, федеративную…” : [апавяданне] / Галубок // Беларускі шлях. – 1918. – 14 мая. – С. 1–2 ; 15 мая. – С. 1; 16 мая. – С. 1.

Галубок. Будучыня : [верш] / Галубок // Беларускія ведамасці. – 1921. – 24 кастр. – С. 3.

Галубок, У. І. Творы: драматургія, паэзія, проза, публіцыстыка : [да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка] / Уладзіслаў Галубок ; [уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт., камент. С. С. Лашука; рэдкал.: Б. Ул. Галубок і інш.]. – Мінск, 1983. – С. 593–594.

Каспяровіч, М. Уладыслаў Галубок : (біяграфічны нарыс першага беларускага народнага артыста) / М. Каспяровіч // Полымя. – 1929. – № 7. – С. 141–149.

Пурышева, Н. М. Театр БССР в контексте государственно-политических процессов в 20-е годы XX века / Наталья Пурышева // Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве XIX–XX стагоддзяў: этнакультурныя і нацыянальна-дзяржаўныя працэсы: зб. навук. арт. : у 2 ч. / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, Гомел. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны ; [рэдкал.: В. А. Міхедзька (адк. рэд.) і інш.]. – Гомель, 2009. – Ч. 2. – С. 10.

Ярмалінская, В. М. Тэатр Уладзіслава Галубка / В. М. Ярмалінская // Беззапаветнае служэнне народу: да 130-годдзя з дня нарадж. першага нар. артыста Беларусі Уладзіслава Галубка: матэрыялы Рэсп. навук.-практ. канф. (Мінск, 15 мая 2012 г.) / [навук. рэд. А. І. Лакотка]. – Мінск, 2014. – С. 65–89.

Ясакар. Штрыхі аб беларускай культуры / Ясакар // Беларус. жыццё. – 1920. – № 2. – С. 1–2.

Дэ-Эм, В. 20 фактаў пра Ўладыслава Галубка [Электронны рэсурс] / Васіль Дэ-Эм // Budzma.by. Будзьма беларусамі. – Рэжым доступу: https://budzma.by/news/20-faktaw-pra-wladyslava-halubka.html. – Дата доступу: 06.08.2020.


Пазнаёміцца з першакрыніцамі можна пры наведванні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ці пры набыцці электроннага выдання "Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 г.", у якім на двух дысках размешчаны электронныя копіі 2 400 нумароў газет (амаль 80 найменняў), якія выдаваліся ў 1917–1922 гадах на тэрыторыі сучаснай Беларусі ці за яе межамі, але мелі дачыненне да Беларусі.

Камплект дыскаў “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 гг.” можна набыць па падпісцы або купіць у кіёску, размешчаным на 1-м паверсе каля галоўнага ўвахода. Рэжым работы кіёска адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.

Матэрыял падрыхтаваны інфармацыйна-аналітычным аддзелам.


Навіны

У бібліятэцы прайшоў творчы вечар Пятра Краўчанкі

28 Вер 2020

25 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў творчы вечар “З Беларуссю ў сэрцы: людзі, гады, жыццё” Пятра Кузьміча Краўчанкі, вядомага беларускага палітыка і дыпламата.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Навучым шукаць інфармацыю

28 Вер 2020

Пачынаецца новы навучальны год. Для навучання пошуку інфармацыі і адаптацыі да ўмоў працы ў нашым будынку мы праводзім па папярэдніх заяўках бясплатныя групавыя заняткі. На занятках можна навучыцца карыстацца разнастайнымі рэсурсамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – ад простага пошуку ў электронным каталогу да працы з базамі даных і Інтэрнэтам.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111