З 27 студзеня ўвазе карыстальнікаў прадстаўлена пастаянная віртуальная выстаўка “Вялікая пластыка малых форм”, прысвечаная 60-годдзю з дня нараджэння беларускага скульптара, майстра гарадской скульптуры Уладзіміра Жбанава.
Уладзіміра Іванавіча Жбанава (1954–2012) называюць каралём гарадской скульптуры. Яго кампазіцыі “Незнаёмка”, “Дзяўчынка з парасончыкам”, “Дама з сабачкам”, “Той, хто лічыць зоркі” і многія іншыя ўжо даўно палюбілі як беларусы, так і турысты. З імі фатаграфуюцца, да іх кідаюцца з абдымкамі, пахлопваюць па плячу і даюць мянушкі.
Работы скульптара ўпрыгожваюць не толькі нашу сталіцу. З яго творчасцю знаёмы жыхары Магілёва, Ліды, Бабруйска, Глыбокага і іншых гарадоў Беларусі, а таксама замежжа.
Віртуальная экспазіцыя “Вялікая пластыка малых форм”, якая складаецца з чатырох раздзелаў, змяшчае біяграфічныя звесткі пра У. Жбанава, слайды з малюнкам найбольш вядомых работ майстра,кнігі і выяўленчыя дакументы, а таксама выбраныя артыкулы, якія расказваюць пра скульптара і яго творчасць.
Выстаўка мае простую навігацыю з гіперспасылкамі, якія дазваляюць карыстальніку пераходзіць у той раздзел, які яго цікавіць (кнопкі “Раздзелы”, “Назад”). Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі пра выданні трэба клікнуць на фота.
Віртуальная выстаўка падрыхтавана супрацоўнікам сектара абслугоўвання дакументамі па выяўленчых і відовішчных мастацтвах аддзела абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.
Пры наведванні бібліятэкі выданне, якое цікавіць, можна атрымаць у зале дакументаў па мастацтве (пам. 306). Кансультацыю па пошуку і заказе дакументаў акажуць супрацоўнікі залы.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.
Чытайце таксама пра другія віртуальныя выстаўкі бібліятэкі: