7 лютага ў рамках XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстаўка “Прастора эстонскай кнігі”.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эстонскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мерыке Какаеў, дырэктар выдавецтва Aleksandra і галоўны рэдактар часопіса “Таллинн” Нэлі Абашына-Мельц, дырэктар выдавецтва KPD Валянціна Кашына.
На выстаўцы прадстаўлены выданні – фіналісты конкурсу на званне самага высокамастацкага выдання за 2017 год, кнігі выдавецтваў KPD і Aleksandra, якія выпускаюць эстонскую літаратуру на рускай мове. Частка выстаўкі прысвечана літаратурна-мастацкаму часопісу “Таллинн”, які ў 2018 годзе адзначыў 40-годдзе з дня заснавання.
У экспазіцыю ўвайшоў раздзел “25 эстонскіх кніг у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”. У “алмазе ведаў” захоўваецца больш за 1,5 тыс. выданняў на эстонскай мове. Для выстаўкі былі адабраны кнігі, прысвечаныя гісторыі Таліна, літаратуры, культуры, архітэктурнаму і выяўленчаму мастацтву Эстонскай Рэспублікі.
Азнаёміцца з эстонскай літаратурай можна да 15 сакавіка 2020 г. у выставачным комплексе бібліятэкі (пам. 104).
Дата заканчэння работы выстаўкі можа быць зменена.
Уваход – па чытацкім білеце або пропуску сацыякультурнага цэнтра.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам сувязей з грамадскасцю.