ГалоўнаяПаслугiДадатковыя паслугіРамонт і рэстаўрацыя кнігПераплёт утачку кніг, архіўных спраў, дыпломаў, дысертацый

Пераплёт утачку кніг, архіўных спраў, дыпломаў, дысертацый

На сённяшні момант паліграфічная прамысловасць выпускае вялікую колькасць кніг і часопісаў, выкарыстоўваючы клеявы пераплёт. Незалежна ад таго, вырабляецца цвёрдая або мяккая пераплётная крышка, лісты з блока пачынаюць выпадаць нават пры акуратнай эксплуатацыі дакумента. З прычыны гэтага лісты губляюцца, замінаюцца, рвуцца. Таму пры неабходнасці працяглай эксплуатацыі мэтазгодна ўмацаваць дакумент: выканаць пераплёт блока ўтачку.

Варта адзначыць, што пры пераплёце ўтачку памяншаецца прыкарашковае поле дакумента, магчыма пагаршэнне чытання слоў ля карашка кнігі, ускладняецца (або становіцца немагчымым) ксеракапіраванне / сканаванне дакумента без расшыўкі блока. Дакументы з вельмі малым прыкарашковым полем утачку не пераплятаюцца (каб пазбегнуць “зашыўкі” тэксту).

Віды пераплёту:

  • пераплёт утачку кніг, архіўных спраў, дыпломаў, дысертацый з непашкоджанымі лістамі з вырабам кардоннай пераплётнай крышкі пакрытай ледэрынам без дадатковага ўмацавання блока (таўшчыня карашка – да 20 мм)
  • пераплёт утачку кніг з непашкоджанымі пры карашку лістамі ў арыгінальную папяровую вокладку (таўшчыня карашка – да 20 мм)
  • пераплёт кніг з непашкоджаным блокам (таўшчыня карашка – да 40 мм)

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 28 72 (аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў).


Пераплёт утачку кніг, архіўных спраў, дыпломаў, дысертацый з непашкоджанымі лістамі з вырабам кардоннай пераплётнай крышкі пакрытай ледэрынам без дадатковага ўмацавання блока

Пасля рамонту блока, зыходзячы з асаблівасцей дакумента, можна выканаць яго пераплёт некалькімі спосабамі.

Дыпломы, ксеракопіі, архіўныя справы, кнігі, падшыўкі часопісаў пераплятаюцца з вырабам кардоннай пераплётнай крышкі, пакрытай ледэрынам без дадатковага ўмацавання блока.


Пераплёт утачку кніг з непашкоджанымі пры карашку лістамі ў арыгінальную папяровую вокладку

Пры неабходнасці захаваць арыгінальную папяровую пераплётную крышку, якая парваная/ стончаная/ мае заломы, мае страты толькі карашка, выконваецца пераплёт у арыгінальную папяровую вокладку:

  • з пакрыццём карашка каленкорам

  • з пакрыццём карашка каленкорам і дубліраваннем папяровай пераплётнай крышкі на форзац (пераплётная крышка стончаная, з заломамі, без страт)


  • з пакрыццём карашка каленкорам і дубліраваннем папяровай пераплётнай крышкі на празрыстую рэстаўрацыйную паперу (пры наяўнасці тэксту на ўнутраным баку крышкі і неабходнасці захаваць аўтэнтычную пераплётную крышку)
  • з вырабам мяккай вокладкі з ледэрыну (арыгінальная папяровая вокладка прымацоўваецца да кніжнага блока, унутр)

Пераплёт кніг з непашкоджаным блокам

Пераплётная крышка кнігі прызначана для абароны друкаванага выдання ад знешніх уздзеянняў, можа мець рознае мастацкае афармленне.

Найбольш распаўсюджанымі першаснымі пашкоджаннямі кніг з’яўляюцца выпадзенне блока з пераплётнай крышкі і пашкоджанне карашка вокладкі, пры гэтым кніжны блок знаходзіцца ў здавальняючым стане. Для недапушчэння далейшага разбурэння дакумента яго неабходна наноў пераплесці.

Пры непашкоджанай арыгінальнай пераплётнай крышцы: пераплёт кніг у арыгінальную пераплётную крышку з заменай форзаца і ўмацаваннем блока.

Пры пашкоджанні / страце карашка арыгінальнай пераплётнай крышкі: пераплёт кніг у арыгінальную пераплётную крышку з кардону з вырабам новага карашка з каленкору, заменай форзаца і ўмацаваннем блока.

Пры значным пашкоджанні арыгінальнай пераплётнай крышкі: пераплёт кніг з вырабам новай кардоннай пераплётнай крышкі, пакрытай ледэрынам, заменай форзаца і ўмацаваннем блока.

Бібліятэкарам