ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2008–2010 гг.Тарас на Парнасе

Тарас на Парнасе

Упершыню паэма надрукавана ў газеце “Минский листок” у маі 1889 года пад назвай “Тарас”. “Минский листок” – першая ў Беларусі прыватная грамадска-літаратурная газета. Выходзіла з 14.04.1886 па 13.11.1902 на рускай мове. Сярод іншых матэрыялаў друкавала творы беларускіх аўтараў, народныя песні, паданні і інш.

Сатырычна-гумарыстычная паэма ярка апісвае прыгоды звычайнага беларускага селяніна-палясоўшчыка Тараса, які выпадкова трапіў на Парнас. Твор, напісаны 4-стопным ямбам з шырокім выкарыстаннем фальклору, стаў сапраўднай візітнай карткай беларускай літаратуры.

Доўгі час паэма бытавала як ананімная. Аўтарства “Тараса на Парнасе” прыпісвалася В. Равінскаму, Т. Манькоўскаму, В. Дуніну-Марцінкевічу, А. Вярыгу-Дарэўскаму, студэнтам Горы-Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. Беларускі даследчык Г. Кісялёў лічыць, што паэму напісаў Канстанцін Вераніцын (1830–1904), які нарадзіўся на Віцебшчыне. Гэтай думкі сёння прытрымліваецца большасць навукоўцаў.

На выстаўцы дэманстраваліся архіўныя матэрыялы: аўтограф і друкаваны варыянт нарыса М.В. Доўнар-Запольскага “В. Дунін-Марцінкевіч і яго паэма “Тарас на Парнасе”» і спіс паэмы рукой гісторыка, а таксама аўтограф прадмовы Е.Р. Раманава “Спроба пяра” да віцебскага выдання твора і яго спіс, зроблены ў 90-я гг. ХІХ ст. Побач былі прадстаўлены мінскія выданні паэмы 1917 г. (з друкарні Я. Грынблята), 1939 г. і 1967г., ілюстраваныя мастакамі Малевічам і Э. Агуновічам, экзэмпляр “Тарас-палясоўшчык”, надрукаваны ў г. Коўна (1920 г.) і інш.

Бібліятэкарам