ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2014 г.Ілюстраваная Біблія

Ілюстраваная Біблія

Ілюстраваныя кнігі Бібліі ствараліся на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства. Біблейскія тэксты на пергаменных скрутках і кодэксах ужо змяшчалі маляваныя мініяцюры. З вынаходніцтвам кнігадрукавання гэта традыцыя атрымала актыўнае развіццё. Раннія друкаваныя ілюстраваныя Бібліі ўпрыгожваліся выявамі, зробленымі з драўляных клішэ, – ксілаграфіяй. Прыкладам такога выдання з’яўляецца “Біблія Леапаліта” (Biblia to iest Xięgi Stharego y Novego Zakonu… Krákow, 1561) – першы друкаваны пераклад Бібліі на польскую мову (перакладчык Ян Ніч са Львова “Leopolita” – “Львавянін”) са шматлікімі гравюрамі на біблейскія сюжэты, надрукаваны знакамітым кракаўскім выдаўцом М. Шарфенбергам.

Паступова ксілаграфія саступіла месца больш якасным адбіткам з медных пласцін – афорту. Мастакі ХVII–XVIII стст. лепшыя творы прысвячалі сюжэтам Святога Пісання. Яркі прыклад афармлення Пісання ў першай палове XVII ст. дэманструе Біблія з гравюрамі знакамітага швейцарскага мастака і гравёра М. Мерыяна (Merian M. Biblia. Durch Mattheus Merian von Basel. [Franckfurt], 1627).

У XVIII ст. цэнтрам выдання гравіраваных біблейскіх альбомаў былі Нідэрланды. Адной з прыгажэйшых галандскіх Біблій стаў зборнік, надрукаваны П. дэ Хондам (Taferelen der voornaamste geschiedenissen van het oude en nieuwe testament, en andere boeken, bij de heilige schrift gevoegt, door de vermaarde kunstenaars Hoet, Houtbraken, en Picart getekent, en van de beste meesters in koper gesneden, en met beschrijvingen uitgebreid. V. 2. Graavenhaage: Pieter de Hondt, 1728) і багата ілюстраваны творамі галандскіх мастакоў і гравёраў Г. Хута (G. Hoet) і Я. Хаўбракена (J. Houbraken), а таксама вядомага французскага майстра афорта Б. Пікара (B. Picart).

126 выдатных хромалітаграфій класічных майстроў на сюжэты Святога Пісання змяшчае “Залатая Біблія класікаў…” (Biblia złota klasyków… Wiedeń, [1898]) у перакладзе на польскую мову. Асобнік мае ўнікальную выдавецкую скураную аправу з цісненнем і залачэннем, латуннымі накладкамі і зашпількай.

Экспазіцыйны раздзел дапоўнены першым выданнем Рымскага Імшала ў перакладзе на беларускую мову (“Рымскi Iмшал для дыяцэзій на Беларусi…” Мінск, 2004). Гэта ж выданне з’яўляецца першым перакладам трэцяй рэдакцыі Імшала на нацыянальныя мовы. Асобнік атрыманы ў дар ад кардынала Казіміра Свёнтка, Арцыбіскупа Мiтрапалiта Мінска-Магілёўскага. У кнігу ўкладзены дароўны ліст з асабістым подпісам кардынала. Дэманструецца факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля 1582 (Святое Евангелие. Слуцк, 1582. Мінск, 2009) з прадмовай Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, а таксама яго асабістым подпісам.

 

Бібліятэкарам