ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2015 г.Літургікон, або Служэбнік

Літургікон, або Служэбнік

З 18 мая ў музеі кнігі (пам. 348) дзейнічала прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў “Выстаўка адной кнігі”, прысвечаная 325-годдзю заснавання Супрасльскай друкарні.

Адна з буйнейшых друкарняў Вялікага Княства Літоўскага ў Супраслі была арганізавана ў 1690-х гадах пры знакамітым Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры (цяпер у Польшчы) Каралем Радзівілам і мітрапалітам Цыпрыянам Жахоўскім. Дзейнічала да 1803 года. Мела манапольнае права на выпуск у Вялікім Княстве Літоўскім літургічнай уніяцкай літаратуры. Друкарня была добра абсталявана, выкарыстоўвала разнастайныя шрыфты, фігурныя ксілаграфіі, гравюры на медзі. Супрасльскія выданні адрозніваюцца своеасаблівым мастацкім аздабленнем, адметнымі рысамі якога з’яўляюцца выразная дэкаратыўнасць, святочнасць, багацце дэкору.

За 100 гадоў існавання тут выдадзена каля 500 назваў кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай, рускай, польскай, лацінскай і літоўскай мовах, у тым ліку буквары і азбукі славянскай мовы, “Собрание припадков краткое и духовным особам потребное” (1722) на старабеларускай мове, першы славяна-польскі друкаваны “Лексікон” (1722), першы кірылічны помнік нотадрукавання (1697). У XVIIІ ст. выпускала таксама стараверскія выданні.

Першай кнігай друкарні стаў “Літургікон, або Служэбнік” (1692–1695), які пачаў друкавацца ў Вільні, але канчаткова быў выдадзены ў Супраслі. Над яго афармленнем працаваў вядомы беларускі гравёр Лявонцій Тарасевіч, які ўпершыню ў гісторыі беларускага кірылічнага кнігадрукавання выкарыстаў медзярыт. Кнігу ўпрыгожваюць застаўкі, канцоўкі, гравіраваны тытульны аркуш і выява Караля Станіслава Радзівіла. “Літургікон, або Служэбнік” неаднаразова перавыдаваўся.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 25 85.

Бібліятэкарам