ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2015 г.Радзівілы і кніга

Радзівілы і кніга

Радзівілы – “некаранаваныя каралі”, найбуйнейшы магнацкі род Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Яго прадстаўнікі займалі найвышэйшыя дзяржаўныя адміністрацыйныя і вайсковыя пасады, валодалі шматлікімі землямі і маёнткамі ў розных краінах Еўропы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай увайшлі ў шэрагі арыстакратыі Расіі, Прусіі, Аўстра-Венгрыі.

Радзівілы пакінулі адметны след у гісторыі развіцця кніжнай культуры як выдаўцы і аўтары кніг, заснавальнікі друкарняў і бібліятэк: Мікалай Радзівіл Чорны (1515–1565), Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (1549–1616), Францішка Уршуля Радзівіл (1705–1753), Антоні Генрык Радзівіл (1775–1833), Марыя Дарота Радзівіл з роду дэ Кастэлян (1840–1915).

У экспазіцыі былі прадстаўлены экзэмпляры кніг ХVІ–XX стст. Сярод іх брэсцкія выданні 1566 г. з друкарні, заснаванай Радзівілам Чорным і стаўшай адной з першых на тэрыторыі Беларусі. Змешчана на выстаўцы і знакамітая “Перэгрынацыя…” – дзённік падарожжаў Мікалая Крыштофа Радзівіла ў выданнях на лацінскай (1610) і польскай (1604) мовах, а таксама перадрук (1640) знакамітай Радзівілаўскай карты.

У наведвальнікаў выстаўкі ёсць магчымасць убачыць адзіны на Беларусі экзэмпляр XVIII ст. драматычных твораў Уршулі Радзівіл “Камедыі і трагедыі” з гравюрамі Міхала Жукоўскага, зробленымі па эскізах княгіні.

Экспазіцыя змяшчала выключна цікавае ўрачыста аздобленае першае выданне ўнікальнага музычнага твора – оперы “Фауст” (Берлін, 1835) кампазітара, мецэната, палітыка, пачынальніка “берлінскай эры Радзівілаў” Антонія Генрыка Радзівіла. Гэта адзіны кампазітар, з якім геніяльны нямецкі паэт Гётэ супрацоўнічаў як лібрэтыст.

На выстаўцы былі прадстаўлены выданні творчай і эпісталярнай спадчыны Марыі Дароты Радзівіл – ініцыятаркі адраджэння Нясвіжскага замка і бібліятэкі ў канцы ХІХ ст.

Многія з выданняў былі нядаўна вернуты ў Беларусь пры падтрымцы дзяржавы і прыватных асоб і экспануюцца ўпершыню.

Выстаўка працавала з 16 красавіка 2015 г.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 22.

   

111