ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2016 г.Збіральнік помнікаў народнай творчасці

Збіральнік помнікаў народнай творчасці

З 10 лютага ў музеі кнігі працавала выстаўка "Збіральнік помнікаў народнай творчасці", прысвечаная 190-годдзю з дня нараджэння П.В. Шэйна – вядомага беларускага і рускага этнографа, фалькларыста, лінгвіста і педагога.

Павел Васільевіч Шэйн (1826–1900) нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і гандляра-яўрэя. Па стане здароўя не меў магчымасці закончыць яўрэйскае вучылішча, займаўся пад кіраўніцтвам равіна на даму. Пазней вучыўся ў нямецкім вучылішчы пры лютаранскай царкве Св. Міхаіла (Масква), дзе атрымаў званне хатняга настаўніка. У 1850-х і 1-й палове 1860-х настаўнічаў, у тым ліку ў Ясна-Палянскай школе Льва Талстага, працаваў выкладчыкам у розных уезных вучылішчах і гімназіях Тулы, Віцебска, Калугі і інш. З 1881 г. – у Пецярбургу.

Збіральніцкую дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1850-х, у Беларусі (Віцебску) – у сярэдзіне 1860-х. У 1867 г. распрацаваў і выдаў падрабязную "Программу для собирания памятников народного творчества" – адну з першых спецыяльных фальклорных праграм.

Павел Васільевіч Шэйн – укладальнік зборнікаў "Русские народные песни" (1870), "Белорусские народные песни" (1874), "Великорус в своих песнях, обрядах, обычаях, верованиях, сказках, легендах и т.п." (т.1, вып. 1–2, 1898–1902) і інш. Асноўныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы па Беларусі найбольш поўна прадстаўлены ў кнізе "Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края" (т. 1–3, 1887–1902). Шэйн з’яўляецца таксама аўтарам шэрагу артыкулаў, рэцэнзій, нататак, якія друкаваліся ў розных навуковых выданнях.

На выстаўцы прадстаўлены прыжыццёвыя выданні Паўла Шэйна – даследаванні па этнаграфіі і фалькларыстыцы, якія з’яўляюцца найкаштоўнейшымі крыніцамі звестак пра побыт і культуру беларусаў 2-й паловы ХІХ стагоддзя. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць кнігі з аўтографамі, адрасаванымі філолагу, заснавальніку беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографу, фалькларысту Я.Ф. Карскаму, гісторыку П.М. Жуковічу і інш.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 22.

Бібліятэкарам