ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2018 г.Беларусь у Вялікай вайне 1914–1918 гг.

Беларусь у Вялікай вайне 1914–1918 гг.

af_ww.jpgЗ 8 лістапада ў музеі кнігі арганізавана выстаўка Беларусь у Вялікай вайне 1914–1918 гг.”, якая прымеркавана да 100-годдзя завяршэння Першай сусветнай вайны.

Праз некалькі дзён, 11 лістапада, большасць еўрапейскіх краін будзе адзначаць 100-годдзе завяршэння Першай сусветнай вайны. Вайна стала адной з самых жахлівых падзей у сусветнай гісторыі: удзел у ёй прынялі каля 40 дзяржаў з агульнай колькасцю насельніцтва звыш 1,5 мільярда чалавек, каля 10 мільёнаў загінула, яшчэ каля 20 мільёнаў вярнулася з вайны параненымі і скалечанымі. Сучаснікі адразу ж назвалі яе “Вялікай вайной”.

Беларусь апынулася на самай лініі фронту і для нашых продкаў вайна стала жахлівым выпрабаваннем. У той самы час вайна, якая прывяла да краху вялікіх імперый, стварыла і новыя магчымасці для фарміравання сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

На выстаўцы можна ўбачыць унікальныя экспанаты, якія распавядуць пра жыццё з абодвух бакоў фронту – рэдкія кнігі, газеты, часопісы, паштоўкі, ліставанне салдат, а таксама арыгінальныя пісьмовыя прылады, друкарскую тэхніку, асабістыя рэчы і прадметы культу ваеннага часу.

Тэматычныя раздзелы экспазіцыі, прысвечаныя баявым дзеянням на пачатку вайны, жыццю на фронце, у эвакуацыі і пад акупацыяй, рэвалюцыйным падзеям, падпісанню Брэсцкага мірнага пагаднення, адлюстроўваюць трагічныя і гераічныя старонкі Вялікай вайны на тэрыторыі Беларусі.

Выстаўка арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з вядомым даследчыкам і калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым, аўтарам праекта “У пошуках страчанага”. Экспазіцыя дазволіць па-новаму зірнуць на падзеі Першай сусветнай вайны праз прызму пісьмовых крыніц і тагачасную друкаваную прадукцыю.


Запрашаем наведаць выстаўку да 17 лютага 2019 года.

Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 22.

  newww1_resize.jpg   newww2_resize.jpg  newww3_resize.jpg
  newww4_resize.jpg   newww5_resize.jpg   newww6_resize.jpg
  newww7_resize.jpg   newww8_resize.jpg   newww9_resize.jpg
  newww10_resize.JPG   newww11_resize.JPG   newww12_resize.JPG
111