ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Алішэр Наваі

Алішэр Наваі

9 лютага – 570 гадоў з дня нараджэння ўзбекскага паэта і мысліцеля Алішэра Наваі

Вялікі ўзбекскі паэт, мысліцель, дзяржаўны дзеяч Алішэр Наваі пакінуў багатую літаратурную спадчыну. Ён з’яўляецца аўтарам каля трыццаці зборнікаў вершаў, буйных паэм, празаічных твораў і навуковых трактатаў, якія ўсебакова раскрываюць духоўнае жыццё Сярэдняй Азіі XV стагоддзя.

Нарадзіўся Алішэр Наваі 9 лютага 1441 года ў горадзе Герат. Бацька яго, Гіясідзін Кічкінэ, быў прыдворным вяльможам, а бабулі – карміцелькамі царэвічаў. Алішэр з дзіцячых гадоў рос і выхоўваўся з цімурыдскімі прынцамі. З чатырох гадоў ён пачаў навучанне ў адной са школ Герата. Ён выяўляў велізарныя здольнасці, несуцішную дапытлівасць, выключную адоранасць.

Ужо ў 15 гадоў Алішэр стаў вядомы як паэт пад псеўданімам Наваі (меладычны). Ён пісаў выдатныя вершы на мове цюркі і на фарсі. У тыя часы мовай паэзіі лічылася фарсі, а цюркі, г.зн. стараўзбекская мова, неабгрунтавана была пазбаўлена літаратурных правамоцтваў. Пазней сцвярджэнне стараўзбекскай літаратурнай мовы становіцца адным з паэтычных крэда Наваі.

У 1456 г. Наваі паступіў на службу да правіцеля Герата цімурыда Абул Касім Бабура. У пачатку 1469 г. ён быў прызначаны на пасаду захавальніка пячаткі пры ўрадзе Харасана Хусейна Байкара, з якім яго звязвалі сяброўскія адносіны. У 1472 г. атрымаў чын візіра і тытул эміра. Наваі ўсімі сіламі дапамагаў развіццю літаратуры і мастацтва, навукі, цаніў таленты і апекаваўся над навукоўцамі, паэтамі і мастакамі, шмат увагі і сродкаў надаваў добраўпарадкаванню роднага горада і ўсёй краіны, пабудаваўшы больш за 300 грамадскіх будынкаў і збудаванняў.

Дабрачынная дзейнасць Наваі выклікала незадаволенасць у кругах уплывовых вяльможаў, і ў 1476 г. ён адхіліўся ад дзяржаўных спраў, каб поўнасцю аддацца творчасці. Гэта быў плённы перыяд яго літаратурнай дзейнасці, калі ён стварыў больш за сто дваццаць тысяч радкоў эпічных і лірычных твораў.

У 1481 г. Наваі заканчвае працу над кнігай “Вакфійя” (“Прысвячэнне”). Вяршыняй узлёту яго генія з’явілася “Хамса” (“Пяцярык”), якую ён стварае пад уплывам свайго настаўніка – Джамі.

Абдурахман Джамі (1414–1492) быў вядомы ўсяму мусульманскаму Усходу як вялікі паэт, навуковец і мысліцель. Алішэр Наваі ўдастоіўся гонару быць яго вучнем і сябрам. Кожная сустрэча вучня з настаўнікам аказвалася для абодвух вялікай падзеяй. Пра уплыў Джамі на паэта расказваецца ў кнізе “Пяцярык узрушаных” (1492), якую Наваі прысвяціў памяці свайго настаўніка.

У кнізе “Хамса”, у якой Алішэр асуджаў палітыку распусты і грабяжу, выклікала незадаволенасць бекаў, набліжаных султана. У выніку іх інтрыг султан Хусейн адпраўляе Наваі ў ссылку ў далёкі Астрабад.

Шмат цяжкіх выпрабаванняў выпала на долю паэта ў гэты перыяд жыцця. Ворагі стала плятуць інтрыгі. Нягледзячы ні на што, ён аддае апошнія сілы ўмацаванню міру ў дзяржаве, палягчэнню долі народа. У гэтыя гады Наваі стварае натхнёную кнігу “Улюбёны сэрцаў” (1500) – своеасаблівае люстэрка яго жыццёвага вопыту.

Напрыканцы жыцця геніяльны паэт знаходзіць суцяшэнне ў прыпавесці пра тое, што сэнс жыцця – у барацьбе за дабро і справядлівасць, у пераадоленні перашкод на гэтым шляху. Гэтая думка – пафас яго рамантычнай паэмы “Мова птушак” (1499).

3 студзеня 1501 г. Алішэр Наваі памёр. Ён пахаваны ў сваім родным горадзе Гераце.

Бібліятэкарам