ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Іван Якаўлевіч Франко

Іван Якаўлевіч Франко

27 жніўня – 155 гадоў з дня нараджэння ўкраінскага пісьменніка
Івана Якаўлевіча Франко (1856–1916)

Іван Якаўлевіч Франко ўвайшоў у гісторыю ўкраінскай культуры канца ХIX – пачатку ХХ ст. як адзін з лепшых прадстаўнікоў украінскай рэвалюцыйна-дэмакратычнай літаратуры, знакаміты паэт, празаік, драматург, публіцыст, крытык і літаратуразнавец, фалькларыст і эканаміст.

Нарадзіўся пісьменнік 27 жніўня 1856 г. у сяле Нагуевічы Драгобыцкага павета на Львоўшчыне ў сям’і сельскага каваля. Бацькі з дзяцінства выхавалі ў яго павагу да працы, любоў да роднай мовы і народнай песні.

Сярэднюю адукацыю будучы пісьменнік атрымаў у Драгобыцкай гімназіі, дзе дасягнуў значных поспехаў у вывучэнні замежных моў (акрамя ўкраінскай, ведаў лацінскую, польскую, нямецкую). Тут жа ён пачаў займацца літаратурнай творчасцю: пісаў вершы, драмы, апавяданні, аповесці.

У 1875 г. Іван Франко паступае ў Львоўскі ўніверсітэт на філасофскі факультэт. У гэты час ён прымае дзейcны ўдзел у выданні часопіса “Друг”, дзе дэбютаваў як паэт вершам-санетам “Народныя песні” (1874).

У 1877 г. пісьменніка арыштоўваюць за яго сацыял-дэмакратычныя погляды. З турмы Іван Франко выходзіць яшчэ больш перакананым прыхільнікам сацыялізму. Разам з Паўлюком М. ён засноўвае рэвалюцыйныя перыядычныя выданні: “Громадський друг”, “Дзвін”, “Молат” і інш., друкуе вершы, прасякнутыя духам барацьбы за волю (напрыклад, цыкл “Думы пралетарыя”). У 1887 г. выдае зборнік рэвалюцыйных вершаў “З вяршынь і нізін”.

У 1880 і 1890 гг. Іван Франко двойчы падвяргаўся турэмнаму зняволенню і ўсё жыццё быў пад наглядам дзвюх паліцый – аўстрыйскай і царскага ўрада.

Пераадольваючы розныя цяжкасці, пісьменнік скончыў універсітэт (1891), абараніў пры Венскім універсітэце доктарскую дысертацыю (1893), выступіў адным з арганізатараў дэмакратычнай Украінскай радыкальнай партыі (1890).

У гэтыя гады папулярнасць І. Франко ўзрастае па меры выхаду яго зборнікаў прозы і паэзіі “У поце твару” (1890), “Украдзенае шчасце” (1893), “Завялае лісце” (1896), “Мой Ізмарагд” (1898), “З дзён журбы” (1900), Зборы твораў у трох тамах (1903–1905), зборнік “Semper Tiro” (1906), паэмы “Майсей” (1909) і інш. Яго паэзія і проза друкуюцца ў перыядычных выданнях, выходзяць асобнымі кнігамі на рускай, польскай, чэшскай, славацкай, венгерскай, нямецкай мовах.

Праследаванні і турмы, гады нястомнай працы рана падарвалі здароўе пісьменніка. У 1908 г. ён захворвае расстройствам нервовай сістэмы. Усё ж, па сіле магчымасцей, І. Франко працягвае працаваць. Робіць цэлы шэраг вялікіх даследаванняў: “Гісторыя ўкраінскай літаратуры да 1890 г.” (1910), “Даследаванні ўкраінскіх народных песень” (1913). Ён піша мноства мастацкіх твораў – арыгінальных і перакладных: "«Айчына»і іншыя апавяданні" (1911), “Вавілонскія гімныі малітвы” (1911), выдае зборнік драм Пушкіна ў перакладзе на ўкраінскую мову (1914), зборнік сваіх артыкулаў, перакладзеных з польскай і нямецкай моў (“На паслугах у суседзяў”, 1914).

Увесну 1916 г. хворы Іван Франко пераехаў у свой дом у Львове. Тут 9 сакавіка 1916 г. ён склаў завяшчанне, у якім усю сваю рукапісную спадчыну і бібліятэку прасіў перадаць Навуковаму таварыству імя Т. Шаўчэнкі. 28 мая 1916 г. пісьменніка не стала. У 1926 г. астанкі Франко былі перанесены на Лічакоўскія могілкі, а на магіле пісьменніка быў узведзены помнік – высечаная на камені постаць рабочага-каменячоса.

Бібліятэкарам