ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Марсель ПрустРэальнасць пачуццяў

Рэальнасць пачуццяў

Марсель Пруст (1871–1922) вядомы ў гісторыі французскай літаратуры як родапачынальнік сучаснай псіхалагічнай прозы. Аднак з вялікай павагай Пруст ставіўся да класічнай традыцыі французскага рамана XIX стагоддзя.

Знакамітая эпапея Пруста “У пошуках страчанага часу”, у якой ён аб’яднаў працяг класічнай раманнай лініі з новым разуменнем мастацкага адлюстравання рэальнасці, рэалізуючы ідэю “несвядомага” А. Бергсана, прадстаўлена ў экспазіцыі аднайменным шасцітомнікам, а таксама публікацыямі асобных раманаў у літаратурных серыях “Библиотека мировой литературы”, “Библиотека всемирной литературы”, “ХХ век”, “Тысячелетие”, “Золотой фонд мировой классики”.

Свайго роду пярэдаднем “Пошукаў...” стаў збор артыкулаў і нарысаў М. Пруста, пазней аб’яднаных пад назвамі “Памяці забітых цэркваў” і “Смерць сабораў”.

Адметным упрыгожаннем экспазіцыі і візуальным адлюстраваннем перыяду “салоннага жыцця” Пруста, безумоўна, стане прыжыццёвы экзэмпляр раскошнага выдання яго першай кнігі “Уцехі і дні” (1896), з прадмовай Анатоля Франса. Атмасферу французскага багемнага жыцця канца ХIХ стагоддзя ствараюць ілюстрацыі да зборніка навел гаспадыні аднаго з парыжскіх мастацкіх салонаў спадарыні Мадлен Лемер. Побач з выданнем 1896 года размешчаны перавыданні зборніка на французскай (1971) і рускай (2000) мовах, а таксама яго вершаваная частка “Портреты художников и музыкантов” (2001).

Несумненна прыцягне ўвагу чытачоў апублікаваная перапіска пісьменніка: “Marsel Proust. Lettres a madame Sheikevitch” (1928) і “Марсель Пруст. Письма. 1896–1921” (2002).

Пра жыццё і творчасць Марселя Пруста пісалі самыя вядомыя людзі. На выстаўцы прадстаўлены лекцыі Уладзіміра Набокава і Мераба Мамардашвілі, даследаванні Клода Марыака, Малкольма Бавэ, Рональда Хеймана.

Шматгранны свет Марселя Пруста найбольш поўна і ярка раскрыты ў багата ілюстраваным выданні “A Centennial Volume Edited by Peter Quinnell. Marcel Proust. 1871–1922”, выпушчаным у Нью-Ёрку да 100-годдзя пісьменніка ў 1971 годзе.

Цікавасць да асобы і твораў Пруста не згасла і ў пачатку ХХI стагоддзя. Гэты факт пацверджаны ў зборніку эсэ Фрэдэрыка Бегбедэра “Лучшие книги ХХ века. Последняя опись перед распродажей”. У сваёй кнізе Бегбедэр з ўласцівай яму дасціпнасцю і арыгінальнасцю мыслення апісвае 50 кніг, абраных шасцю тысячамі французаў у выніку апытання, праведзенага сеткай кнігарань FNAC і “Монд”. Другое месца ў дадзеным рэйтынгу належала Прусту і яго раману “У пошуках страчанага часу”.

“...вялікі Марсель Пруст стаіць толькі на другім месцы ў спісе пяцідзесяці кніг стагоддзя, але ведаеце чаму? Таму што ён першы сярод усіх пісьменнікаў нашага тысячагоддзя і, такім чынам, у рамках маленечкага ХХ стагоддзя як бы па-за конкурсам”, – такая аўтарская ацэнка прустаўскіх твораў французскім пісьменнікам, журналістам і крытыкам Фрэдэрыкам Бегбедэрам.

Бібліятэкарам