ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2013 годаВыстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2013" Іван Тургенеў

Іван Тургенеў

Юбілейная кніжная выстаўка прысвечана 195-годдзю з дня нараджэння Івана Сяргеевіча Тургенева – аднаго з найбуйнейшых еўрапейскіх пісьменнікаў XIX стагоддзя, яркага прадстаўніка “залатога веку” рускай прозы.

Пры жыцці ён карыстаўся неаспрэчным мастацкім аўтарытэтам у Расіі і быў адным з самых вядомых рускіх пісьменнікаў у Еўропе. Майстар мовы і псіхалагічнага аналізу, І.С. Тургенеў аказаў істотны ўплыў на развіццё рускай і сусветнай літаратур.

Экспазіцыя “Душа мая, усе думкі мае ў Расіі…” налічвае каля 70 выданняў, сярод якіх зборы твораў, зборнікі выбраных твораў, артыкулы, нататкі і празаічныя накіды, вершы, пісьмы, паэмы, апавяданні, нарысы і раманы І.С. Тургенева, літаратура пра яго жыццё і творчасць.

На выстаўцы прадстаўлены прыжыццёвыя зборы твораў І.С. Тургенева.

Таксама экспазіцыя змяшчае кнігі з вядомымі творамі пісьменніка: “Записки охотника” (1991), “Ася. Первая любовь” (2009), “Отцы и дети” (2008), “Дворянское гнездо. Накануне” (1993), зборнік аповесцей і апавяданняў “Странная история” (1991), зборнік вершаў у прозе “Senilia” (1976).

Асобнае месца ў экспазіцыі займаюць выданні, якія расказваюць пра творчасць, светапогляд і жыццё класіка рускай літаратуры.

Малавядомыя факты яго біяграфіі прадстаўлены ў манаграфіі М.П. Генералава “И.С. Тургенев: Россия и Европа” (2003). У кнізе разглядаюцца ўзаемаадносіны І.С. Тургенева з рускай эміграцыяй і вядомымі французскімі пісьменнікамі. У новым ракурсе апісаны адносіны Івана Сяргеевіча з сям’ёй Паліны Віярдо.

Упершыню апублікаваны на рускай мове зборнік А. Звігільскага “Иван Тургенев и Франция” (2008) змяшчае артыкулы вядомага французскага вучонага, стваральніка Музея І.С. Тургенева ў Бужывалі (Францыя), прысвечаныя жыццю і творчасці вядомага рускага пісьменніка ў Францыі.

Выстаўка будзе цікавая шырокаму кругу чытачоў.

Экспазіцыя размяшчаецца на 3-м паверсе кальцавога калідора і будзе працаваць з 4 ліпеня па 31 снежня 2013 г.

Бібліятэкарам