ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйМіжнародныя адукацыйныя і навуковыя праграмы, стыпендыі, грантыМіжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для дзеячаў культуры і мастацтва

Міжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для дзеячаў культуры і мастацтва

У гэтым раздзеле прапануецца інфармацыя пра замежныя і міжнародныя праграмы стыпендыяльнай падтрымкі навучання, прафесійнай стажыроўкі, выкладчыцкай дзейнасці дзеячаў культуры і мастацтва за мяжой, у якіх могуць удзельнічаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Выяўленчае мастацтва: міжнародная даследчая праграма Дацкага фонду мастацтваў

Дацкі фонд мастацтваў прапануе фінансаванне куратарскіх даследаванняў для куратараў, кіраўнікоў мастацкіх устаноў, а таксама спецыялістаў, якія працуюць у сферы сучаснага мастацтва, крытыкі, медыяцыі альбо маюць істотны досвед у любой з гэтых галін. Прэтэндэнты з замежжа могуць таксама падаць заяўку на фінансаванне расходаў на дарогу і пражыванне ў Даніі. Праграма разлічана ў першую чаргу на кандыдатаў, якія ўжо маюць прафесійныя сувязі ў сферы дацкага мастацтва або жадаюць ажыццявіць праект, звязаны з канкрэтнымі дацкімі мастакамі ці арганізацыямі.

Тэрмін прыёму заявак не абмежаваны.

Гранты Інстытута Генры Мура

Праграма грантаў Фонду Генры Мура (Вялікабрытанія) накіравана на падтрымку і развіццё мастацтва скульптуры, а таксама навуковых даследаванняў, якія спрыяюць яго шырокаму грамадскаму прызнанню. Фінансаванне можа прадстаўляцца для правядзення выстаў, лекцый, канферэнцый і іншых мерапрыемстваў, прысвечаных скульптуры, выдання каталогаў, кніг і часопісаў, набыцця і кансервацыі экспанатаў, ініцыятыў па стварэнні новых мастацкіх аб’ектаў. Акрамя таго, фондам прысуджаюцца гранты арганізацыям для працяглых навуковых даследаванняў і прыватным асобам для работы над індывідуальнымі навуковымі праектамі, уключаючы даследчыцкія візіты і гранты на падарожжы.

Прыём заявак: с 1 лютага па 1 сакавіка, з 1 па 26 мая, з 1 па 29 жніўня, з 1 па 29 лістапада 2023 г.

Гранты Фонду імя Герды Хенкель на даследаванні ў галіне гуманітарных навук

Фонд імя Герды Хенкель прапануе фінансаванне даследчых стыпендый і праектаў у галіне гуманітарных навук для аспірантаў і ўладальнікаў кандыдацкай ступені, а таксама вучоных на далейшых ступенях навуковай кар’еры. Заяўкі на стыпендыі прымаюцца ад фізічных асоб; на фінансаванне даследчых праектаў – таксама ад навуковых калектываў, універсітэтаў і іншых навукова-даследчых арганізацый. Тэматыка праектаў – археалогія і гісторыя, уключаючы гісторыю мастацтва, навукі і права. Працягласць праграмы падтрымкі – ад 1 да 24 месяцаў.

Прыём заявак: да 22 лістапада 2023 года; на гранты памерам да 25000 еўра – на працягу цэлага года.

Гранты фонду Elizabeth Greenshields для маладых мастакоў

Фонд Elizabeth Greenshields прапануе фінансавую падтрымку маладым таленавітым мастакам на пачатковым этапе іх творчай кар’еры. Гранты адрасуюцца кандыдатам, якія працуюць у галіне жывапісу, малюнка, гравюры ці скульптуры. Атрыманыя грошы могуць быць выкарыстаныя для любых мэт, звязаных з мастацтвам: вучоба, транспартныя выдаткі, арэнда студыі, набыццё матэрыялаў і інш.

Тэрмін падачы заявак не абмежаваны.

Марбахская стыпендыяльная праграма

Праграма стыпендыяльнай падтрымкі даследчыцкай працы з фондамі Нямецкага літаратурнага архіва ў Марбаху-на Некары для спецыялістаў з закончанай вышэйшай адукацыяй; магчымыя таксама кароткатэрміновыя стыпендыі для магістрантаў. Дадаткова архіў прапануе тэматычныя гранты, якія фінансуюцца партнёрскімі інстытутамі і арганізацыямі. Падаючы заяўку, прэтэндэнты мусяць у ёй абгрунтаваць неабходнасць працы з унікальнымі фондамі архіва, бібліятэкі, інфармацыйнага цэнтра ці калекцыі твораў мастацтва. Заяўкі могуць падавацца на нямецкай або англійскай мове.

Прыём заявак: да 31 сакавіка і да 30 верасня (штогод).

Нацыянальная стыпендыяльная праграма Славацкай Рэспублікі

Стыпендыя ўрада Славацкай Рэспублікі створана для падтрымкі мабільнасці замежных студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, аспірантаў, навуковых супрацоўнікаў і дзеячаў мастацтва і вылучаецца для праходжання вучэбнай, выкладчыцкай, навукова-даследчай або мастацкай стажыроўкі ў ВНУ і навукова-даследчых арганізацыях Славакіі.

Прыём заявак:

  • да 31 кастрычніка – для стажыроўкі на працягу летняга семестра бягучага навучальнага года;
  • да 30 красавіка – для стажыроўкі на працягу наступнага навучальнага года.

Стыпендыяльная праграма музея Вулфсаніен-ФМУ

Музей Вулфсаніен Флорыдскага міжнароднага ўніверсітэта (г. Маямі-Біч, ЗША) прапануе стыпендыяльную падтрымку навуковым даследаванням у розных акадэмічных дысцыплінах, звязаным з яго мастацкімі калекцыямі і фондамі. Праграма прызначана для ўладальнікаў ступені магістра, кандыдата (PhD) або аспірантаў, якія працуюць над кандыдацкай ступенню, а таксама для спецыялістаў са значным унёскам і досведам працы ў адпаведных галінах. Фінансаванне таксама пакрывае выдаткі на пражыванне і дарогу ў абодва бакі. Стандартная працягласць даследчыцкага візіту – 3–4 тыдні; даты візіту абмяркоўваюцца індывідуальна.

Прыём заявак: да 31 снежня (штогод).

Frame Contemporary Art Finland – гранты для экспертаў у галіне мастацтва на 2023 г. (Фінляндыя)

Фонд падтрымкі і развіцця сучаснага мастацтва Frame прапануе гранты на падарожжы для замежных спецыялістаў у гэтай галіне, якія жадаюць наведаць Фінляндыю ў прафесійных мэтах. Фінансавая падтрымка пакрывае выдаткі на дарогу и жыллё. Заяўка на грант можа падавацца як замежным прэтэндэнтам, так і арганізацыяй, якая знаходзіцца ў Фінляндыі і жадае запрасіць да сябе замежнага эксперта.

Прыём заявак – да 31 снежня 2022 г., да 28 лютага, 30 красавіка і 31 жніўня 2023 г.

Бібліятэкарам