ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйМіжнародныя адукацыйныя і навуковыя праграмы, стыпендыі, грантыМіжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для навуковых супрацоўнікаў і аспірантаў

Міжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для навуковых супрацоўнікаў і аспірантаў

У гэтым раздзеле прапануецца інфармацыя пра міжнародныя праграмы стыпендыяльнай падтрымкі для правядзення навуковых даследаванняў, навучання, навуковых стажыровак за мяжой, у якіх могуць удзельнічаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Вышаградская стыпендыяльная праграма

Вышаградскі фонд, заснаваны ўрадамі чатырох краін Цэнтральнай Еўропы, прапануе магістрантам і выпускнікам магістратуры магчымасць навучання і правядзення паслядыпломных даследчых праектаў ва ўніверсітэтах краін Вышаградскай групы: Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі. Для падачы заяўкі прэтэндэнтам неабходна загадзя выбраць акрэдытаваную навучальную ўстанову і прыкласці яе пісьмовае пацверджанне аб прыёме на навучанне. Працягласць праграм для магістрантаў складае 1–4 семестры, постмагістарскіх праграм – 1–2 семестры.

Прыём заявак: да 15 сакавіка (штогод).

Гранты Інстытута Генры Мура

Праграма грантаў Фонду Генры Мура (Вялікабрытанія) накіравана на падтрымку і развіццё мастацтва скульптуры, а таксама навуковых даследаванняў, якія спрыяюць яго шырокаму грамадскаму прызнанню. Фінансаванне можа прадстаўляцца для правядзення выстаў, лекцый, канферэнцый і іншых мерапрыемстваў, прысвечаных скульптуры, выдання каталогаў, кніг і часопісаў, набыцця і кансервацыі экспанатаў, ініцыятыў па стварэнні новых мастацкіх аб’ектаў. Акрамя таго, фондам прысуджаюцца гранты арганізацыям для працяглых навуковых даследаванняў і прыватным асобам для работы над індывідуальнымі навуковымі праектамі, уключаючы даследчыцкія візіты і гранты на падарожжы.

Прыём заявак: с 1 лютага па 1 сакавіка, з 1 па 26 мая, з 1 па 29 жніўня, з 1 па 29 лістапада 2023 г.

Гранты на падарожжы – Фонды Бёрынгер Інгельхайм

Фонды Бёрынгер Інгельхайм (Германія) прапануюць гранты на падарожжы працягласцю да 3 месяцаў маладым даследчыкам, якія працуюць над магістарскімі, кандыдацкімі (PhD) або постдоктарскімі эксперыментальнымі праектамі ў галіне біямедыцыны. Праграма прызначана для фінансавання кароткатэрміновых паездак з мэтай правядзення даследаванняў у рамках праекту ці ўдзелу ў практычных навуковых семінарах у Еўропе і па-за яе межамі. На гранты могуць прэтэндаваць студэнты і аспіранты, якія паступілі ва ўніверсітэт не больш за 11 год таму, і даследчыкі з кандыдацкай ступенню, якія паступілі ва ўніверсітэт не больш за 13 год таму.

Прыём заявак: не пазней за 6 тыдняў і не раней за 6 месяцаў да планаванай паездкі.

Гранты Фонду імя Герды Хенкель на даследаванні ў галіне гуманітарных навук

Фонд імя Герды Хенкель прапануе фінансаванне даследчых стыпендый і праектаў у галіне гуманітарных навук для аспірантаў і ўладальнікаў кандыдацкай ступені, а таксама вучоных на далейшых ступенях навуковай кар’еры. Заяўкі на стыпендыі прымаюцца ад фізічных асоб; на фінансаванне даследчых праектаў – таксама ад навуковых калектываў, універсітэтаў і іншых навукова-даследчых арганізацый. Тэматыка праектаў – археалогія і гісторыя, уключаючы гісторыю мастацтва, навукі і права. Працягласць праграмы падтрымкі – ад 1 да 24 месяцаў.

Прыём заявак: да 22 лістапада 2023 года; на гранты памерам да 25000 еўра – на працягу цэлага года.

Дактаранцкія стыпендыі Фондаў Бёрынгер Інгельхайм

Фонды Бёрынгер Інгельхайм (Германія) прапануюць стыпендыяльную падтрымку выбітным маладым навукоўцам, якія жадаюць праводзіць даследаванні для атрымання кандыдацкай ступені (PhD) у галіне біямедыцыны ў вядучых лабараторыях свету. Праекты павінны быць эксперыментальнымі, прысвечанымі тэарэтычнай медыцыне і вывучэнню асноў біялагічнага феномену чалавечага жыцця. Працягласць праграмы – 2–3,5 гады.

Прыём заявак: да 1 лютага, да 1 чэрвеня і да 1 кастрычніка (штогод).

Кандыдацкія праграмы Гановерскай школы біямедыцынскіх даследаванняў

Гановерская школа біямедыцынскіх даследаванняў (Германія) прапануе праграмы для атрымання кандыдацкай ступені (PhD) у галіне малекулярнай медыцыны, інфекцыйнай біялогіі / дынамікі інфекцыйных працэсаў або рэгенератыўных навук. Да ўдзелу запрашаюцца прэтэндэнты, якія ажыццяўляюць індывідуальныя даследчыцкія праекты на працягу не менш за 6 месяцаў. Асноўная мова навучання – англійская; могуць таксама прапанавацца курсы на нямецкай мове. Працягласць праграм – 3 гады.

Прыём заявак: з 1 снежня 2023 г. па 1 сакавіка 2024 г.

Марбахская стыпендыяльная праграма

Праграма стыпендыяльнай падтрымкі даследчыцкай працы з фондамі Нямецкага літаратурнага архіва ў Марбаху-на Некары для спецыялістаў з закончанай вышэйшай адукацыяй; магчымыя таксама кароткатэрміновыя стыпендыі для магістрантаў. Дадаткова архіў прапануе тэматычныя гранты, якія фінансуюцца партнёрскімі інстытутамі і арганізацыямі. Падаючы заяўку, прэтэндэнты мусяць у ёй абгрунтаваць неабходнасць працы з унікальнымі фондамі архіва, бібліятэкі, інфармацыйнага цэнтра ці калекцыі твораў мастацтва. Заяўкі могуць падавацца на нямецкай або англійскай мове.

Прыём заявак: да 31 сакавіка і да 30 верасня (штогод).

Навучальныя гранты Фонду Нокія

Праграма грантаў Фонду Нокія накіравана на падтрымку эфектыўных і прагрэсіўных даследчых праектаў аспірантаў, якія працуюць над навуковай ступенню ў сферы інфармацыі, тэлекамунікацыйных тэхналогій або звязаных з іх развіццём дысцыплін. Прэтэндэнту спатрэбіцца ліст ад яго навуковага кіраўніка з пацвярджэннем намераў і абавязкаў, звязаных з праектам. Гэты ліст дадаецца ў базу даных самім кіраўніком.

Грант прысуджаецца для навучання ў дактарантуры аднаго з універсітэтаў Фінляндыі.

Прыём заявак: з 7 жніўня па 20 верасня 2023 г.

Нацыянальная стыпендыяльная праграма Славацкай Рэспублікі

Стыпендыя ўрада Славацкай Рэспублікі створана для падтрымкі мабільнасці замежных студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, аспірантаў, навуковых супрацоўнікаў і дзеячаў мастацтва і вылучаецца для праходжання вучэбнай, выкладчыцкай, навукова-даследчай або мастацкай стажыроўкі ў ВНУ і навукова-даследчых арганізацыях Славакіі.

Прыём заявак:

  • да 31 кастрычніка – для стажыроўкі на працягу летняга семестра бягучага навучальнага года;
  • да 30 красавіка – для стажыроўкі на працягу наступнага навучальнага года.

Постдоктарскія стыпендыі Бантынга

Стыпендыяльная праграма Бантынга (Канада) запрашае да ўдзелу найлепшых спецыялістаў у галіне медыцыны, прыродазнаўчых навук і інжынерыі, грамадскіх і гуманітарных навук. На стыпендыю могуць прэтэндаваць спецыялісты, якія атрымалі кандыдацкую ступень (PhD або эквівалентную ёй кваліфікацыю) з 15 верасня 2020 г. па 30 верасня 2024 г., але не пазней за дату пачатку сваёй стыпендыяльнай праграмы. У выключных выпадках гэты перыяд можа падаўжацца. Замежныя ўдзельнікі праходзяць праграму ва ўніверсітэтах або навукова-даследчых арганізацыях Канады. Працягласць праграмы – 2 гады.

Прыём заявак: да 20 верасня 2023 г. (20:00 EDT).

Постдоктарскія стыпендыі імя Макса Вебера

Стыпендыяльная праграма Еўрапейскага ўніверсітэцкага інстытута (Італія) прызначана для даследчыкаў, якія атрымалі кандыдацкую ступень (PhD) на момант пачатку праграмы, але не больш за 5 гадоў назад. Меркаваная галіна навуковай дзейнасці: палітычныя і грамадскія навукі, эканоміка, права, гісторыя. Працягласць праграмы: 1–2 гады; у некаторых выпадках – да 3 гадоў. Для стыпендыятаў дэпартаментаў палітычных і грамадскіх навук і эканомікі прадугледжана таксама магчымасць гадавога выкладчыцкага кантракту. Працоўная мова праграмы – англійская.

Прыём заявак: да 18 кастрычніка (штогод).

Постдоктарскія стыпендыі EMBO

Еўрапейская арганізацыя малекулярнай біялогіі (EMBO) прапануе стыпендыяльную падтрымку перспектыўным даследчыкам у галіне навук аб жыцці. Тэматыка праектаў можа датычыцца вывучэння механізмаў, якія стаяць за біялагічнымі феноменамі як на малекулярным, так і на больш высокіх узроўнях арганізацыі. Міжнародная мабільнасць з’яўляецца абавязковым кампанентам праграмы. Да ўдзелу запрашаюцца прэтэндэнты, якія атрымалі кандыдацкую ступень у перыяд не больш за 2 гады да моманту падачы заяўкі і маюць як мінімум адну публікацыю ў міжнародным рэцэнзаваным навуковым часопісе. Працягласць праграмы: 1–2 гады.

Прыём заявак: да 2-й пятніцы лютага і да 2-й пятніцы жніўня на працягу года.

Стыпендыі Інстытута Макса Планка па даследаваннях з галіны крыміналогіі, бяспекі і права (Германія)

Інстытут Макса Планка ў Фрайбургу прапануе доктарскія (кандыдацкія), постдоктарскія, а таксама стыпендыі вучоным на больш позніх стадыях кар’еры для ажыццяўлення індывідуальных даследчыцкіх праектаў у галіне крымінальнага, грамадскага права, крыміналогіі, тэорыі і філасофіі права. Прыярытэт аддаецца праектам, якія максімальна адпавядаюць тэматыцы даследаванняў, што праводзяцца ў гэты перыяд у адным з трох падраздзяленняў Інстытута. Стандартная працягласць праграм – 2–4 месяцы.

Прыём заявак да 31 мая і 31 кастрычніка (штогод).

Стыпендыі Каталіцкага фонду акадэмічных абменаў (Германія)

Каталіцкі фонд акадэмічных абменаў у рамках праграмы “Усходняя Еўропа” прапануе стыпендыі для навучання, павышэння навуковай кваліфікацыі або правядзення даследаванняў у Германіі для студэнтаў-хрысціян, выпускнікоў ВНУ і маладых вучоных з Беларусі. Стыпендыяты могуць самастойна выбраць навучальную ці навуковую ўстанову Германіі. Абмежаванняў у выбары спецыяльнасці або дысцыпліны няма. Патрабуецца добрае веданне нямецкай мовы.

Прыём заявак: да 15 студзеня і да 30 чэрвеня (штогод).

Стыпендыяльная праграма музея Вулфсаніен-ФМУ

Музей Вулфсаніен Флорыдскага міжнароднага ўніверсітэта (г. Маямі-Біч, ЗША) прапануе стыпендыяльную падтрымку навуковым даследаванням у розных акадэмічных дысцыплінах, звязаным з яго мастацкімі калекцыямі і фондамі. Праграма прызначана для ўладальнікаў ступені магістра, кандыдата (PhD) або аспірантаў, якія працуюць над кандыдацкай ступенню, а таксама для спецыялістаў са значным унёскам і досведам працы ў адпаведных галінах. Фінансаванне таксама пакрывае выдаткі на пражыванне і дарогу ў абодва бакі. Стандартная працягласць даследчыцкага візіту – 3–4 тыдні; даты візіту абмяркоўваюцца індывідуальна.

Прыём заявак: да 31 снежня (штогод).

Talent@UniPD: ініцыятыва Падуанскага ўніверсітэта для Horizon Europe

Універсітэт г. Падуя (Італія) прапануе грантавую падтрымку перспектыўным і прагрэсіўным даследчыцкім праектам ва ўсіх навуковых дысцыплінах у рамках праграмы Еўрапейскага даследчага савету (ERC) Horizon Europe. Да ўдзелу запрашаюцца выбітныя даследчыкі, якія абаранілі свой першы кандыдацкі (PhD) праект у перыяд ад 2 да 7 гадоў да 1 студзеня 2024 г.; у выключных выпадках гэты тэрмін можа падаўжацца. Праграма адрасавана вядучым даследчыкам праектаў.

Прыём заявак: да 24 кастрычніка 2023 г.

Бібліятэкарам